Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Амаль ўсё ў справаздачы Мінстату выглядае досыць аптымістычна. Карцінку псуюць толькі паказьнікі па інвэстыцыях ды індэксах спажывецкіх коштаў. Інвэстыцыі, як заўсёды, памяншаюцца, а кошты растуць.

Усе спадзяваньні ўрадавых эканамістаў наконт валавога ўнутранага прадукту спраўдзіліся. Ён, згодна з пакуль яшчэ папярэднімі дадзенымі, вырас на 6%. Адзначым, што ў 1999 г. у параўнаньні з 1998 г. ВУП павялічыўся толькі на 3%. Такім чынам, у чыноўнікаў ёсьць добрая падстава казаць пра эканамічныя посьпехі Беларусі.

Цягам 2000 г. у параўнаньні з 1999 г. на 8% павялічыўся аб'ём прамысловай прадукцыі. Вытворчасьць спажывецкіх тавараў вырасла на 2,5%. Выраб харчоў узьняўся на 1,6%, нехарчовых тавараў - амаль на 5%. Цікава, што сёлета скараціўся на 4% выпуск алькагольных напояў. Гэта можа быць вынікам праблемаў з акцызамі на гэты від прадукцыі, што мелі месца на пачатку года. Летам з гэтай прычыны некатарыя вінзаводы Беларусі наагул спынілі вытворчасьць. Дарэчы, наколькі пасьпяхова вырабленая прадукцыя прадавалася, Мінстат не паведамляе.

Па папярэдніх прагнозах Мінстату, у 2000 г. сельгаспрадукцыі выраблена амаль на 9% болей, чым у 1999. Аднак паболела далёка ня ўсіх відаў прадукцыі. Гэтак, зьнізіліся аб'ёмы выпуску некаторых відаў прадукцыі жывёлагадоўлі - напрыклад, малака летась атрымалі на 5% менш. У той жа час удалося атрымаць значна больш агародніны ды збожжа. Гаспадаркі ўсіх катэгорыяў павялічылі вытворчасьць бульбы на 16%, цукровых буракоў - на 24%, збожжа - на 33% ды ільновалакна - аж на 78%. Такія посьпехі беларускіх калгасаў ды саўгасаў можна патлумачыць, галоўным чынам, добрым ураджаем.

Аб'ёмы дзяржаўных закупак сельгаспрадукцыі з большага таксама павялічыліся. Дзяржава купіла на 59% больш збожжа, на 77% больш ільновалакна, на 24% больш цукровых буракоў і на 2% больш малака. У той жа час зьнізіліся закупкі жывёлы, птушкі ды яек.

Інвэстыцыі ў асноўны капітал у будаўніцтве за 2000 г. паменшыліся на 3,4%. Аднак мінулым годам у Беларусі пабудавана значна больш жытла - у эксплюатацыю ўведзена на 21% больш дамоў, чым у 1999 г. Усяго пабудавана 3.536.000 кв. м жытла, у тым ліку ў сельскай мясцовасьці - 1.083.000 кв. м.

Дробнагандлёвы таваразварот у Беларусі за 2000 г. вырас на 8,5%, аб'ём платных паслугаў - прыкладна на 5,5%. Індэкс спажывецкіх коштаў склаў 207,5% да сьнежня 1999 г. А сярэднямесячае павелічэньне індэксу спажывецкіх коштаў склала 6,3% пры заплянаваных 5,5%. Але ўрадавыя эканамісты не выказвалі вялікай занепакоенасьці ў зьвязку з невыкананьнем пляну па коштах.

Юлія Шарова

Радыё Рацыя