Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У панядзелак у Менску адбылася прэзэнтацыя праекту помніка савецкаму маршалу Георгію Жукаву. Ініцыятары маюць намер усталяваць конную скульптуру ля Цэнтральнага дому афіцэраў да 60-годзьдзя з дня вызваленьня Беларусі. Адмыслоўцы заяўляюць, што гэта — ахоўная зона гістарычнай часткі сталіцы, і будаўніцтва тут ёсьць незаконным.

Аўтар праекту помніка — скульптар Юры Паўлаў, адзін твор якога — манумэнт воінам-"аўганцам" — ужо усталяваны ў цэнтры Менску. А заказчыкам стала Беларуская філія грамадзкага фонду імя Жукава. Старшыня фонду, інспэктар кіраўніцтва справаў Менгарвыканкаму Дзьмітры Сянько, так тлумачыць ініцыятыву:

(Сянько: ) "Жукаў праслужыў у нас, у Беларусі, 17 лепшых гадоў — з 22-га да 39-га. Ён браў актыўны ўдзел у вызваленьні Беларусі й гораду Менску. Але мы сутыкнуліся з тым, што многія ня ведаюць, хто такі Жукаў, і нават гісторыя нашае перамогі трактуецца цяпер па-іншаму. Таму беларускі народ мусіць паставіць яму помнік, каб гэта служыла выхаваньню пакаленьня, якое падрастае".

Паводле словаў Дзьмітрыя Сянько, конная скульптура Жукава вышынёю 4,5 мэтры будзе адлітая з бронзы, а ейны кошт складзе 150 тысячаў даляраў. Цяпер на рахунку фонду 30 мільёнаў беларускіх рублёў, астатнюю частку патрэбных грошай ветэраны зьбіраюцца шукаць на прадпрыемствах краіны.

Помнік будзе ўсталяваны да 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі, але ўжо сёньня Менгарвыканкам вызначаныў для яго месца — пляц перад Цэнтральным домам афіцэраў.

На меркаваньне гісторыка і сябра Таварыства аховы помнікаў Уладзімера Дзянісава, гэткі выбар не на карысьць гістарычнага цэнтру сталіцы і амаральны з гледзішча памяці пра ўсіх ахвяраў нацызму. Гаворыць Уладзімер Дзянісаў:

(Дзянісаў: ) "Гэты помнік плянуюць разьмясьціць на тэрыторыі помніка горадабудаўніцтва і архітэктуры, які знаходзіцца пад аховаю дзяржавы. Зацьверджаная ахоўная зона, якая не дазваляе разьмяшчэньня на яе тэрыторыі новых аб’ектаў. Па-другое, асоба самога маршала Жукава — вельмі шмат маладых людзей, якія былі прызваныя пасьля вызваленьня Беларусі, іх фактычна выкарыстоўвалі як "гарматнае мяса". Ужо ў паваенны час, калі атамную бомбу скінулі на савецкіх вайскоўцаў і колькі людзей загінулі, колькі сталіся калекамі — гэта таксама была ягоная ідэя, ён кіраваў гэтымі вучэньнямі. Набліжаецца 60-годзьдзе вызваленьня Беларусі, і гэтыя сродкі, якія плянуецца выдаткаваць на помнік, канечне ж, лепш было б накіраваць на тое, каб прывесьці да ладу пахаваньні й магілы воінаў, якія сапраўды аддалі сваё жыцьцё за вызваленьне нашае зямлі, нашага гораду ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў".

Паводле старшыні фонду Дзьмітрыя Сянько, помнік Жукаву пачнуць адліваць ужо на наступным тыдні.

Галіна Абакунчык, Менск
0058648