Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Зміцер Лукашук,

Летась кантралёры філіяла “Агенцтва Мінсктранс” сабралі з “зайцаў” амаль мільярд рублёў штрафаў за безбілетны праезд у сталічным грамадскім транспарце. Не выключана, што сёлета гэтая лічба яшчэ вырасце. Як паведаміла Еўрарадыё першы намеснік дырэктара агенцтва Вольга Качан, толькі за першыя два месяцы гэтага года грошай ужо сабралі на 40% больш.

Вольга Качан: “Толькі па нашым філіяле сума штрафаў склала 212,1 мільёнаў рублёў. Гэта - плюс 40 адсоткаў да мінулага года за аналагічны перыяд. Сума штрафных санкцый за мінулы год склала 987, 9 мільёна рублёў. І таксама было на 37,6% больш за 2009 год”.

Толькі ў лютым кантралёры аштрафавалі 18 тысяч безбілетнікаў. З чым звязаны такі рост колькасці “зайцаў” у аўтобусах, тралейбусах і трамваях Мінска, не можа патлумачыць нават псіхолаг “Агенцтва Мінсктранс” Наталля Бабіч. Яна таксама выходзіць з кантралёрамі “на маршрут” і, кажа, наслухалася розных версій прычын адсутнасці квітка ў пасажыра. Але нават яе здзівіў адзін з безбілетнікаў.

Наталля Бабіч: “У маёй практыцы было такое, што чалавек перасеў з машыны ў тралейбус - машына апынулася ў рамонце - і ён ўвогуле не ўяўляў, як карыстацца грамадскім транспартам. Чалавек не ведаў, што трэба набываць квіткі, і не ведаў, колькі яны каштуюць”.

Праўда, кажа псіхолаг, ад выплаты штрафа гэта яго не пазбавіла. Але найчасцей, паводле назіранняў Наталлі Бабіч, без квіткоў ездзіць моладзь. Узнімаючы сабе такім чынам адрэналін у крыві.

Наталля Бабіч: “Тое, што ў асноўным моладзь не хоча плаціць, - гэта насамрэч факт. Гэта, магчыма, нават варыянт экстрэмальных паводзінаў. Адрэналін у кроў пусціць - праехаць па лініі, ведаючы, што можа прыйсці кантроль”.

Увогуле, кажа Наталля, даволі часта кантралёры чуюць у свой адрас не толькі абразы і лаянкі, але і пагрозы. Здараецца, што асабліва агрэсіўны “заяц” лезе біцца. У такіх сітуацыях вельмі дарэчы была б дапамога міліцыянераў. Але як прызналася Еўрарадыё намеснік дырэктара агенцтва Вольга Качан, на гэта ў Мінсктранса проста няма грошай!

Вольга Качан: “Вось, міліцыянер будзе працаваць разам з нашымі кантралёрамі - ён жа мусіць атрымаць заробак? А міліцыя, якая сёння ёсць у нашым горадзе, яна ж таксама нейкія функцыі выконвае. Атрымліваецца, што трэба альбо набіраць яшчэ людзей у міліцыю, альбо абавязаць тых, што ёсць, працаваць дадаткова. А любая праца павінна аплачвацца, і паслугі міліцыі таксама давядзецца аплачваць. А дзе гэта ўтрыманне ўзяць?”

Згодна з яе словамі, юрысты Мінсктранса прапрацоўваюць гэтае пытанне, але пакуль нічога канкрэтнага не напрацавалі.

Камусьці можа падасца анекдатычнай сітуацыя, калі прадпрыемства, сабраўшы толькі летась амаль мільярд рублёў штрафаў, не можа выдаткаваць частку грошай на ахову сваіх супрацоўнікаў. Але як тлумачыць Еўрарадыё галоўны бухгалтар агенцтва Таццяна Ядгорава, усе штрафы пералічваюцца ў Галоўнае ўпраўленне Мінфіна і самі транспартнікі з іх нічога не атрымліваюць.

Адначасова і ў Мінсктрансе, і ў Міністэрстве транспарта і камунікацый не спыняюцца размовы аб неабходнасці павелічэння коштаў на праезд у гарадскім транспарце. Як адзначае начальнік упраўлення арганізацыі перавозак Мінсктранса Сяргей Ясінскі, дакументы наконт гэтага ўжо пададзеныя ў Саўмін, але ніякага адказу пакуль няма. А кіраўнік прэс-службы Міністэрства транспарту Алена Саланенка кажа, што з прапановай аб павышэнні кошту праезда яны звярталіся ў адпаведныя інстанцыі неаднаразова.

Алена Саланенка: “Міністэрства неаднаразова выступала за тое, каб тарыфы ўзняліся. Але, як звычайна, гэта вырашае Міністэрства эканомікі. Калі яно прыме адпаведнае рашэнне, тады мы будзем нешта каментаваць”.

Праўда, казаць, на колькі Мінтранс прапаноўвае ўзняць кошт праезду, Алена Саланенка адмовілася.
0058648