Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў ухіліўся ад адказу на пытаньне, ці магчыма лічыць гэты помнік таксама ўшанаваньнем памяці зьніклага тры гады таму Юрыя Захаранкі

Раней дзень нараджэньня беларускай міліцыі, 4 сакавіка, заўсёды быў сьвятам у доме Ўльяны Захаранкі. Але вось ўжо тры гады запар гэта толькі дадатковая падстава для сьлёз і балючых успамінаў. Ульяна Рыгораўна шчыра прызналася, што ёй было б лягчэй зусім забыцца пра гэтае свята, але не атрымліваецца.

(Захаранка: ) "Ніхто не званіў, не пытаўся. Па тэлевізары паведамілі, дык я згадала. А раней Юра ў гэты дзень таксама па тэлевізары выступаў, ён жа ў Менску адзначаў свята. Я ж звычайна тэлефанавала яму, віншавала са сьвятам, жадала посьпехаў. Усё жадала як трэба, найлепшага, але нічога з таго не атрымалася. А цяпер я нікому не патрэбная, нават зь ягоных калегаў-міліцыянтаў ніхто не тэлефануе і не дапамагае. Кожны клапоціцца толькі пра сябе".

Нядаўна маці былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі атрымала зь міліцыі ліст, паводле якога нібыта працягваюцца апэратыўна-вышуковыя дзеяньні, каб знайсьці Юрыя Захаранку ці высьветліць, што зь ім здарылася.

Між тым, пракуратура нічога не паведаміла пра тое, што справа аб зьнікненьні яе сына ўжо два месяцы як прыпыненая. Гэтыя супярэчнасьці Ўльяна Захаранка лічыць сьведчаньнем таго, што кіраўніцтва Беларусі ведае, што здарылася зь яе сынам і толькі робіць выгляд, што нешта робіцца.

(Захаранка: ) "Такім чынам, яны ведаюць, дзе яго падзелі, і ведаюць, што няма чаго шукаць. Ну, тады хай ім Бог аддае", — кажа Ўльяна Захаранка.

Сама яна ўжо не спадзяецца, што дажыве да часу, калі стане вядомая праўда пра зьнікненьне яе сына. Жанчыне ўжо больш за 70 гадоў, у яе хворае сэрца і нават з хаты яна ўжо не выходзіць.

А ў Менску сёньня, ва ўрачыстай абстаноўцы, у прысутнасьці ганаровых гасьцей з суседніх краінаў быў урачыста адкрыты помнік у гонар міліцыянтаў, якія загінулі, выконваючы свой службовы і вайсковы абавязак. Цяпер іх памяць ушаноўвае помнік на рагу вуліцаў Камуністычнай і Чырвонай. Пасьля цырымоніі адкрыцьця я спытаўся ў міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, ці магчыма лічыць гэты помнік і помнікам Юрыю Захаранку. Уладзімер Навумаў адказаў:

(Навумаў: ) "Гэта помнік усім, хто аддаў свае жыцьці за правапарадак. Я не хацеў бы ўдакладняць, называць імёны. І наконт пошукаў Захаранкі, я не ўпаўнаважаны даваць справаздачу, як яны вядуцца".

Гэткае меркаваньне міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава наконт пошукаў свайго былога калегі Юрыя Захаранкі. Нагадаю, справа Юрыя Захаранкі была прыпыненая яшчэ на пачатку году і цяпер не расьсьледуецца.

Алег Грузьдзіловіч, Менск