Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Пяцёра гандляроў сталічнага рынку "Ждановічы" падалі заявы ў ірацкую амбасаду ў Менску з просьбай уключыць іх у склад групы добраахвотнікаў, якія ўжо празь некалькі дзён маюць ляцець у Багдад. Прадпрымальнікі прызнаюцца, што вырашылі спалучыць свой грамадзянскі ўчынак з камэрцыяй.

Завадатарам вандроўкі — 29-гадовы Антон Крукоўскі. На рынку "Ждановічы" ён гандлюе побытавай тэхнікай, і дагэтуль за мяжой бываў выключна ў шоп-турах: у Польшчы, Кітаі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Гэтым разам вырашыў спалучыць гандлёвыя мэты з магчымасьцю выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю.

(Крукоўскі: ) "Усюды амэрыканцы — Карэя, Віетнам. Калі ўжо і Францыя, і Нямеччына супраць ваеннай апэрацыі, то і нам трэба падымацца! Пісьменьнік Лімонаў калісьці езьдзіў у Югаславію. Літоўцы і ўкраінцы супраць расейцаў у Чачэніі ваявалі... Амэрыканцаў калі зараз не спыніць, яны ж могуць і супраць Беларусі штосьці зрабіць. Можа такі варыянт быць? Можа, бо NATО ўжо ля самай мяжы.

Калі Турэччына адмовіцца разьмяшчаць амэрыканскія войскі, яны прыйдуць у былы Саюз — вазьміце досьвед вайны ў Афганістане. Ірак трэба падтрымаць, бо супраць Амэрыкі ўсе баяцца выступаць. Беларусь, яшчэ нехта — адзінкі. Агрэсію трэба стрымліваць. Гэты "ўсясьветны паліцыянт" ужо ўсіх дастаў. Трэба ехаць".

У ірацкай амбасадзе кожная новая заява разглядаецца як чарговы доказ пасьпяховай працы дыпляматычнай місіі. Але дакладна, колькі грамадзянаў Беларусі жадае паляцець у Багдад, там не кажуць.

(Супрацоўнік амбасады: ) "Калі ёсьць такое жаданьне, калі ласка, пішыце заяву, што вы жадаеце патрапіць у Ірак. У заяве пакіньце адрас і кантактныя тэлефоны. У Багдадзе працуе недзяржаўная камісія "За сяброўства і салідарнасьць з Іракам". Яна вырашае: калі, у якія тэрміны можа быць арганізаваны рэйс у Багдад. Што тычыцца ўмоваў, то візу для грамадзянаў Беларусі і ўсе астатнія выдаткі ірацкі бок аплаціць: гатэль, харчаваньне".

Яшчэ адзін з ужо згаданых гандляроў рынку "Ждановічы", Віталь, таксама не хавае сваіх намераў у Іраку. Паколькі заробкі ў іракцаў каля 10 даляраў, а харчовыя запасы на выпадак вайны рабіць неабходна, шмат хто зь іх можа прадаць за нейкіх пару баксаў каштоўныя рэчы ці нават сямейны антыкварыят. Ірацкія вырабы з чырвонага золата ды іншыя ювэлірныя ўпрыгожаньні, як мяркуе мой суразмоўца, можна пасьля нядрэнна рэалізаваць у суседняй Расеі.

Дату адлёту ў Багдад ждановіцкія добраахвотнікі ня ведаюць. Чакаюць дадатковай інфармацыі з ірацкай амбасады. Адпаведнага сыгналу чакаюць і журналісты афіцыйных СМІ. Сёньня я патэлефанаваў некаторым фотакарэспандэнтам, якія спадзяюцца, што будуць у першай групе пасажыраў.

Яны паведамілі, што дату і лётнішча, адкуль самалёт возьме курс на Багдад, супрацоўнікі амбасады трымаюць у сакрэце, спасылаючыся на інтарэсы бясьпекі. Адзінае, што ім вядома — самалёт ня будзе арандаваны ў Беларусі, а адмыслова прыляціць з Іраку. Таму яны хвалююцца: беларускі самалёт усё ж мае вярнуцца назад, а вось ці будзе зваротны рэйс ірацкага судна? А што, калі пачнецца вайна і збамбуюць усе самалёты?

Ігар Карней, Менск
,