Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Сёньня практычна ўсе вядучыя польскія газэты пішуць пра затрыманьне беларускай міліцыяй першага сакратара амбасады Польшчы ў Беларусі Марка Будзько. Міліцыянт ужыў супраць спадара Буцько фізычную сілу.

У суботу ўвечары першы сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі Марэк Будзько запаркаваў свой аўтамабіль каля шматпавярховага будынку, дзе жывуць замежныя дыпляматы. Сп. Будзько ўжо зьбіраўся ўвайсьці на падворак будынку, які, дарэчы, ахоўваецца міліцыяй, калі дарогу яму перакрыў міліцыянт, які ня быў супрацоўнікам аховы, ды запатрабаваў дакумэнты. Далей распавядае сп. Будзько:

(Будзько: ) "Я сказаў яму, што ў мяне, на жаль, няма дакумэнтаў, бо яны засталіся ў амбасадзе. Я бачыў, што ён паводзіць сябе даволі агрэсіўна, таму прадставіўся, паведаміў, што зьяўляюся дыпляматам і дадаў, што знаходжуся пад аховай дыпляматычнага імунітэту. Пасьля гэтага я накіраваўся да свайго пад’езду, аднак міліцыянт раптам схапіў мяне за вопратку ды затрымаў. Я яшчэ раз сказаў, кім зьяўляюцся ды запытаў міліцыянта, ці разумее ён, што робіць, бо мне падалося, што насамрэч гэты малады чалавек ня надта разумее, што я яму кажу. Тады міліцыянт закруціў мне руку ды паваліў мяне тварам на капот аўтамабіля. За дзеяньнямі міліцыянта назіраў ахоўнік нашага дыпляматычнага комплексу. Яшчэ я заўважыў, што ў той час, як міліцыянт ужываў супраць мяне сілу, ягоны камандзір размаўляў з ахоўнікам. Так што ўсё адбылося на вачох аховы".

Паводле ягоных словаў, праз пэўны час, беларускі міліцыянт усё ж саступіў ды зьехаў са саім напарнікам у невядомым накірунку.

У нядзелю амбасадар Польшчы ў Беларусі Тадэўш Паўляк назваў затрыманьне сп. Будзько "скандалам" ды падкрэсьліў, што гэта здарылася на тэрыторыі спэцыяльнага комплексу, дзе жывуць амаль усе замежныя дыпляматы, якія працуюць у Менску.

Тадэўш Паўляк заявіў, што польскае дыпляматычнае прадстаўніцтва рыхтуе ў гэтай справе адпаведную ноту ў беларускае МЗС.

Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава