Раман АБРАМЧУК, культуролаг, экскурсавод, Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

У Мінску засталося няшмат “атмасферных” месцаў, якія б пагружалі чалавека ў нейкую эпоху. Верхні горад, Траецкае і Ракаўскае прадмесці… Да гэтага невялікага спісу прымыкае горад сталінскіх часоў — жылы пасёлак Трактарнага завода, які ў бліжэйшы час будзе моцна перабудаваны.

“Узорная будоўля” і немцы


Першапачаткова гэтая зямля называлася Антоніеўскім урочышчам і належала арцыбіскупу мінскаму і тураўскаму. Пасля вайны тут з’яўляецца вялікая колькасць баракаў, часовых дамкоў, збудаваных прыбылымі вяскоўцамі і цыганамі. У канцы 1940-х распачынаецца масавае будаўніцтва жылых дамоў для працоўных Мінскага трактарнага завода. На будоўлі працавалі пераважна ваеннапалонныя і інтэрніраваныя немцы. Аднак у савецкіх газетах пра “замежных” будаўнікоў, колькасць якіх (разам з тымі, хто будаваў сам завод) дасягала 5 тысяч чалавек, не пісалі.

Пасля вайны “ўзорнай” будоўляй № 1 у рэспубліцы становіцца менавіта Мінскі трактарны завод. Таму і прылеглыя да фабрыкі жылыя кварталы будаваліся з асаблівай стараннасцю. Гэтаму спрыяла і ўстаноўка савецкага ўрада для горадабудаўнікоў: “Ад самага пачатку аднаўленчых прац указанні партыі і ўраду арыентавалі будаўнікоў Мінска на тое, каб не проста ўзнавіць горад у ранейшым выглядзе, а стварыць яшчэ лепшыя ўмовы жыцця насельніцтва".

Трактарны пасёлак у пачатку 1950-х
Трактарны пасёлак у пачатку 1950-х

У тыя гады было неабходна давесці “перавагу сацыялістычнага ладу над капіталістычным, савецкага горадабудаўніцтва над буржуазным”, а таксама тое, што “ў сацыялістычным Мінску сістэма жылой забудовы цалкам процілеглая характару забудовы кварталаў дарэвалюцыйнага Мінска”.



“Пры стварэнні новых кварталаў горада строга выконваюцца такія важныя санітарна-гігіенічныя правілы, як нармальная шчыльнасць забудовы і шчыльнасць насельніцтва, спрыяльная арыентацыя будынкаў, а таксама максімальная інсаляцыя (сонечнае асвятленне.TUT.BY) як саміх будынкаў, гэтак і ўчасткаў добраўпарадкавання", — чытаем у кнізе М. Асмалоўскага “Минск: Практика советского градостроительства” (1952).

У чым унікальнасць

Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.

Пасёлак Трактарнага завода: рэпартаж СТВ.


Зазірнем у дворык аднаго з кварталаў: вока здзіўляецца надзвычай вялікай прасторы паміж дамамі. Норма на плошчу зялёных насаджэнняў таксама выканана ўзорна. Непадалёк ад пасёлка парк 50-годдзя Кастрычніка (рэшткі прыроднага сасновага бору). З іншых бакоў раён агінаецца скверам, выцягнутым уздоўж канала, з вадаспадамі і ніцымі вербамі. І гэта ўсё без уліку багатага на дрэвы бульвара, сквера (на яго месцы будуецца царква) і зялёных насаджэнняў унутры пасёлка.



Прасторныя кватэры таксама былі зроблены “для чалавека”. Першапачаткова яны ацяпляліся печамі, што былі размешчаны ў падвалах і паліліся вуглём. Напамінам пра той час засталіся шырокія дымаходныя трубы — тыповая прыкмета старых кварталаў. Кватэры і сёння вылучаюцца цеплынёй і сухасцю, але маюць адзін істотны недахоп — тонкія сцены — вынік будаўнічых эксперыментаў канца 1940-х, калі “традыцыйныя” матэрыялы сталі замяняць на гіпс і кераміку.

Архітэктура фасадаў таксама прэтэндуе на раскошу. Дэкор можна сустрэць на дамах, якія стаяць у баку ад цэнтральных вуліц. Многія элементы аздобы перагукваюцца са сталінскім ампірам праспекта Незалежнасці. Мноства рэльефных грэцкіх ваз, вянкоў, пілястраў дае больш канкрэтную адсылку да антычнай архітэктуры. Вядома, што ў праектаванні дамкоў на Трактарным браў удзел Зіновій Розенфельд — прызнаны майстар “рускага неакласічнага стылю”, аўтар забудовы Кутузаўскага праспекта ў Маскве, над якім узвышаецца знакамітая Трыўмфальная арка. Вось і тут у першым жа доме па Стаханаўскай (з боку вул. Клумава) нас сустракае грозны Пасейдон з німфамі.



Раскоша гэтых дамкоў — і ў безлічы лоджый, маленькіх вежак, што навісаюць па-над рогам вуліц, і ў нязвыклай цішыні каля пад’ездаў. Дамы ўтвараюць замкнёную прастору, і нават у будні дзень тут можна прагульвацца па дварах з каляскай, не баючыся ані гулу машын, ані забруджанасці паветра.

Раскоша раёна праявілася і ў транспартных магчымасцях. Аўтобус, што падвозіць ледзь не да самага дома, — яркі прыклад “сацыялістычнага клопату пра чалавека”.

Мінскі Ужупіс?


Кожная вуліца гэтага раёна чымсьці адметная. Алега Кашавога — гэта ранішні шпацыр працоўнага, які падымаўся на досвітку і бадзёра крочыў да “светлай будучыні”. З самага пачатку вуліцы пры ясным надвор’і яму адкрываліся ў перспектыве гіганцкія сацыялістычныя ордэны-ўзнагароды, што ззяюць на галоўным фасадзе завода. Затым вуліца, ужо бліжэй да завода, пераходзіць у бульвар Трактарабудаўнікоў, пасля якога рабочы, адчуўшы гонар за сваю прафесію, перайшоўшы Даўгабродскую, па шырачэзнай алеі трапляў да прахадной завода-гіганта.



Чабатарова — адна з самых “атмасферных” вуліц, над якой навісаюць прычэпленыя на дрот ліхтары (як на Карла Маркса). Кожны з дамоў, нягледзячы на “тыповасць” праектаў, мае сваё аблічча. Асабліва ўдала глядзіцца кантраст балконаў з цёмна-карычневага дрэва і пастэльных жоўта-зялёных сцен. Гэтак, дом № 14 выглядае не горш за камяніцу ў старым Кракаве. Гэтае ўражанне ўзмацняе вялікая колькасць каванага дэкору і кветнікаў пад вокнамі.

Стаханаўская пачынаецца ад старога сквера і працінае ўвесь жылы пасёлак. Тут месцяцца асноўныя грамадскія ўстановы, што мусілі задавальняць савецкага грамадзяніна: міліцыя, школка, паліклініка, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр... Усё гэта нагадвае “Сонечны горад” і яго шчаслівых жыхароў, дзе ўсё было побач, дзе дзіцячая прастата спалучаецца са зручнасцю і ўтульнасцю.



У першыя гады гэтыя дамы былі прадстаўлены для жылля трактарабудаўнікам. Зразумела, тут утваралася адпаведная атмасфера “рабочага квартала”. Але ў апошні час у гэтых кватэрах пачала сяліцца моладзь і студэнты пераважна творчых спецыяльнасцяў. Можа, гэтаму раёну наканавана стаць мінскім Ужупісам (раён Вільні з самаабвешчанай Зарачанскай рэспублікай.TUT.BY) або “Тахелесам” (арт-цэнтр у Берліне.TUT.BY) — асяродкам нефармальнай моладзевай культуры, месцам жыцця і творчасці маладых мастакоў, музыкаў, літаратараў?

“Помнік” цэлай эпосе


Увесь пасёлак на Трактарным — гэта ўжо своеасаблівы “помнік” пад адкрытым небам цэлай эпосе. Гістарычныя назвы вуліц, фігурка піянера, “сталінкі” з іх “атмасфернымі” дворыкамі, лёсы людзей — усё гэта цяпер адзіны цэльны тэкст культуры, які неабходна цаніць і захоўваць, а ў перспектыве і развіваць.



Як экскурсавод заўважу, што савецкая спадчына, бадай, найбольш цікавіць замежных турыстаў у Мінску. Я не за тое, каб ператвараць наш горад і гісторыю ў “савецкі” запаведнік, але чаму б не захаваць падобныя ўнікальныя “выспы” горада для сябе і для гасцей? Ці не прыспеў час, каб у спісе нашых гісторыка-культурных каштоўнасцяў былі і такія помнікі? - пытаецца Раман Абрамчук. 

“Двухпавярховікі” — пад знос


Гарадскія ўлады неаднаразова агучвалі ў СМІ планы аб зносе забудовы жылога пасёлка Трактарнага завода. 14 сакавіка ў інтэрв’ю завадской шматтыражцы "Беларус-МТЗ обозрение" гэтую інфармацыю пацвердзіў галоўны архітэктар праекта рэканструкцыі пасёлка Марк Шумячар з інстытута “Мінскпраект”.

“14 жніўня 2008 г. намі быў зацверджаны "Дэталёвы план тэрыторыі жылой забудовы ў межах вуліц Клумава — Кашавога — Шчарбакова”. Гэты раён гістарычна ўнікальны, таму мы доўга не маглі прыняць рашэнне: праводзіць рэканструкцыю старых дамоў ці зносіць і будаваць на іх месцы новыя. У выніку было вырашана спыніцца на зносе, бо гэта абыдзецца значна танней. Сёння ранейшыя планы засталіся нязменнымі”, — паведаміў Шумячар.

Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.

Як зменіцца забудова ў раёне Трактарнага: рэпартаж СТВ.

Па інфармацыі прадстаўніка “Мінскпраекта”, першая чарга будаўніцтва (квартал вуліц Алега Кашавога, Будзёнага, Даўгабродскай і Партызанскага праспекта) будзе скончана да 2015 года. Паводле распрацаванай канцэпцыі, усе двухпавярховыя будынкі (яны складаюць асноўную масу) знясуць, а трохпавярховыя і вышэйшыя захаваюць. На думку распрацоўшчыкаў праекта, шматпавярховыя новабуды арганічна “ўпішуцца ў агульную канцэпцыю распланаваных пасля Вялікай Айчыннай вайны кварталаў” і павялічаць жылы фонд у межах вуліц Кашавога, Клумава і Шчарбакова з 4200 да 25 000 ”квадратаў”.



Заміж аўтэнтыкі — безаблічная забудова


Кіраўнік сектара ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Мінкультуры Наталля Хвір паведаміла TUT.BY, што прапанова аб наданні забудове Трактарнага пасёлка статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці ўжо выносілася на разгляд Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны Рады.

“Тэарэтычна, канечне, падобнае магчыма і сёння, але гэтым трэба было займацца да таго, як раён адрамантавалі, паабшывалі дамы ўцяпляльнікамі”, — кажа Хвір.

Карэспандэнт TUT.BY пагутарыў з архітэктарам-рэстаўратарам Вадзімам Гліннікам, які калісьці ўжо рыхтаваў і падаваў у Мінкульт дакументы з прапановай уключыць архітэктурны ансамбль пасёлка Трактаранага завода ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

“Гэта было блізу 10 год назад, калі першыя гістарычныя будынкі ў гэтым раёне пачалі ўцяпляць. Мы ўбачылі разбуральны для гістарычнага характара забудовы вынік і зразумелі, што пасля цеплавой рэабілітацыі раён страціць сваю культурна-гістарычную адметнасць. На энтузіязме маіх калег былі падрыхтаваныя прапановы па наданню забудове Трактаранага завода ахоўнага статуса. Але пададзеныя ў Міністэрства культуры прапановы не былі вынесеныя на разгляд Республіканскай навукова-метадычнай Рады па пытаннях захавання гісторыка-культурнай спадчыны, бо фармальна наша заяўка не ўтрымлівала пэўных папераў. За распрацоўку некаторых дакументаў, якія мы самі зрабіць не маглі, трэба было плаціць грошы, якіх у нас з калегамі на той час не было. Да таго ж, патрэбнае папярэдняе ўзгадненне нашай прапановы з Мінгарвыканкамам мы ў прынцыпе не маглі атрымаць, бо ведалі непрыхільныя адносіны тагачаснага гарадскога кіраўніцтва да нашай ідэі", — распавядае Вадзім Гліннік. 

"Мы зыходзілі з таго, што выяўленне і ўлік каштоўнасцяў мае быць адной з асноўных задачаў дзяржаўнай сістэмы аховы спадчыны і фінансавацца з бюджэту. Сваю задачу бачылі хіба ў пастаноўцы праблемы, бо неабходнасць захавання архітэктурнай спадчыны ХХ стагоддзя на той час была не для ўсіх удзельнікаў працэсу відавочнай. На маю думку, адсутнасць папярэдняга ўзгаднення з кіраўніцтвам горада не павінна было бянтэжыць калег з Міністэрства, бо яны лепей за нас ведаюць, што галоўным парушальнікам заканадаўства аб ахове спадчыны з’яўляецца менавіта мясцовая ўлада. Адсюль вынікае, што ахоўваць спадчыну належыць найперш ад яе некампетэнтных рашэнняў. Дык нашто было пытацца дазволу выконваць свае прафесійныя абавязкі ў тых, хто пры слове помнікі згадвае бульдозер?” — дзівіцца эксперт.



Спецыяліст звяртае ўвагу, што “ў архітэктурнай спадчыне савецкага перыяду Мінск мае багацейшы культурна-гістарычны рэсурс, які пры разумным падыходзе можа стаць адным з найважнейшых фактараў устойлівага эканамічнага развіцця горада”. Турысту мы цікавыя сваёй адметнасцю, а выдатныя савецкія архітэктурныя ансамблі, па словах Вадзіма Глінніка, акурат і адрозніваюць Мінск ад астатніх еўрапейскіх гарадоў.

“На першым месцы тут ансамбль праспекта Незалежнасці, а на другім — пасёлак Трактарнага завода. Аб’ект надзвычай каштоўны менавіта як архітэктурны ансамбль, як цэлае. Сёння забудова і асяроддзе там дужа дэградаваны, але гэта значыць, што яны патрабуюць урбаністычнай рэабілітацыі, а не разбурэння. Упэўнены, Трактарны пасля комплекснай рэгенерацыі мог бы стаць адным з самых дарагіх раёнаў Мінска. Дарэчы, адна з ідэяў — ператварыць сённяшні спальны раён у раён дыпламатычных прадстаўніцтваў”, — кажа архітэктар-рэстаўратар.

Наш суразмоўца сведчыць, што работы па цеплавой рэабілітацыі фасадаў прывялі да страты гістарычных якасцяў і вынішчэння аўтэнтычных дэталяў і элементаў.

“Цэнтральнай вуліцы Кашавога ў святле агучанага праекта рэканструкцыі нібыта нічога не пагражае, апроч цеплавой рэабілітацыі,— адзначае Вадзім Гліннік. — Але вартасць не ў самой вуліцы, а ў цэласнасці архітэктурнага ансамбля з яго планіровачнай структурай, адметным характарам і маштабам забудовы, унікальным балансам забудаваных, адкрытых і азялененых абшараў, вулічнымі перспектывамі і сілуэтамі. Яшчэ нядаўна тут былі класіцыстычныя фантаны, паркавыя скульптуры, лавачкі, ліхтары, падпорныя сценкі, каваныя агароджы, філенчатыя дзверы... Сёння амаль усё страчана. Быў шыкоўны класіцыстычны Піянерскі скверык. Цяпер у яго па дыяганалі ўціснулі царкву — атрымалася да дзікунства несувымерна і непрыгожа. Я нарадзіўся на Трактарным, але перастаў туды ездзіць, бо не хачу псаваць успаміны дзяцінства”.



Пры ўсім пры тым аўтарытэтны архітэктар-рэстаўратар перакананы, што яшчэ не позна ўсё аднавіць, але “чым далей, тым даражэй”.

“Дамкі, натуральна, рознай эстэтычнай якасці. Самае каштоўнае трэба захаваць, а тое, што не адпавядае сучасным стандартам якасці жыцця, выправіць. Аднак гэта не значыць знесці ўсё і на пустыры пабудаваць новы раён, — сцвярджае Вадзім Гліннік. — Сітуацыя з Трактарным — яшчэ адзін прыклад недзяржаўнага падыходу. Мы вынішчаем эстэтычна вельмі якасны кавалак гарадской тканкі, тое, што ўжо створана, ужо ёсць, што трэба толькі захоўваць для будучых пакаленняў. Заміж гэтага атрымаем безаблічную забудову, бо архітэктура ў Беларусі “сучасная” толькі таму, што будуецца сёння. У кантэксце праблемаў нашай прафесіі ў цэлым гэта пазаўчорашні дзень, бо сучаснасць мае быць не на каляндары, а ў мысленні, у глыбіні ўсведамлення праблемаў і выклікаў нашага часу”.


Фота: Раман Абрамчук, Цімох Акудовіч.
-25%
-45%
-50%
-10%
-30%
-15%
-10%
-50%
-20%
0066771