Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У лютым 2003 года споўнiлася 195 гадоў з дня нараджэння аднаго з першых iдэолагаў беларускай дзяржаўнасцi ў ХIХ стагоддзi, пачынальнiка новай беларускай лiтаратуры, пiсьменнiка, паэта, драматурга, тэатральнага i грамадскага дзеяча Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча (23.01/04.02.1808—17.12/29.12.1884).

Пакуль што гэты юбiлей анiяк не ўганараваны нашай грамадскасцю. Пакуль што...

Напрыканцы месяца ў рамках юбiлейных мерапрыемстваў, распрацаваных загадчыкам аддзела археаграфii БелНДI дакументазнаўства i архiўнай справы, намеснiкам старшынi Археаграфiчнай камiсii Камiтэта па архiвах i справаводству пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, сябрам Саюза пiсьменнiкаў Язэпам Янушкевiчам, у Беларусь прыедуць... прамыя нашчадкi пiсьменнiка, адшуканыя мною ў Польшчы i Амерыцы. Гэта паэтка Барбара Чарнавеская, марскi штурман Багдан Кавалiнскi з сынам Барташам i iншыя сваякi.

Найстарэйшым госцем будзе Станiслаў Плаўскi, якi нарадзiўся 17 мая 1935 года ў слыннай Люцiнцы.

У рамках юбiлейных урачыстасцяў адбудзецца шэраг мерапрыемстваў: некалькi тэатральных пастановак знакамiтай "Iдылii", якая ў апошнiя гады з поспехам iдзе на сцэне Купалаўскага тэатра (рэжысёр Мiкалай Пiнiгiн); "круглы стол" "Насустрач 200-годдзю: постаць В. Дунiна-Марцiнкевiча — вядомая i невядомая"; iмша ў касцёле Святой Тройцы на Залатой Горцы, дзе былi ахрышчаны ўсе дзецi пiсьменнiка...

Ну i, зразумела, здзейснiцца вандроўка ў родныя мясцiны Беларускага Дудара. Туды, "дзе бруiцца Iслач" (В.Рагойша): Ракаў—Тупальшчына—Люцiнка—Пяршаi...

Падрабязней пра пілігрымку Марцiнкевiчавых нашчадкаў на Радзiму аўтара "Пiнскай шляхты" чытайце ў наступных нумарах "Звязды".

Язэп ЯНУШКЕВIЧ

Звязда