Георгій Чыгір, фота аўтара,

У рэдакцыю “Народнай волі” прыйшоў ліст ад мінчанкі Галіны. Жанчына скардзілася на замежную кампанію “Кравіра”, якая ўзялася будаваць жылы дом па праспекце Ракасоўскага, сабрала з пакупнікоў немалыя грошы, але ніяк не можа давесці справу да канца... 

Восемдзесят дзве сям’і павінны былі засяліцца ў новенькі хмарачос яшчэ пры канцы 2009 года, але абяцанкі на тое і цацанкі, каб дурыць галовы лёгкаверным і памяркоўным. Больш за тое, з дасланай скаргі вынікала, што ў патэнцыйных навасёлаў ушчэнт сапсаваліся адносіны з забудоўшчыкам, бо кіраўніцтва “Кравіры” ігнаруе законныя патрабаванні пакупнікоў. Так званая Асноўная дамова складзена без уліку інтарэсаў грамадзян, фактычна дольшчыкаў. У ім не прапісаны механізм ліквідацыі недаробкаў з боку забудоўшчыка, роўна як і самі гарантыі. Па словах пакупнікоў, якія ўжо атрымалі дакументы на жыллё, упаўнаважаныя асобы ЗТАА “Кравіра” прымушаюць людзей падпісваць Дамову, забараняючы уносіць у тэкст хоць якія ўдакладненні. А хто пярэчыць, таму пагражаюць скасаваць дамоўленасць у аднабаковым парадку. Фактычна, так мне патлумачылі пакрыўджаныя пакупнікі, людзям прапаноўваецца дамова-шантаж. І насамрэч так, бо пры скасаванні дамовы грошы губляе не кампанія, а менавіта кліент. Яму, безумоўна, вернуць унесеную раней суму, але за выняткам пяці працэнтаў, а кватэру прададуць іншаму. І па выгаднай для кампаніі цане – жадаючыя заўсёды знойдуцца. У любым выпадку кліент (а фактычна дольшчык) не атрымае доўгачаканую кватэру, не будзе мець поўнай грашовай кампенсацыі. Пра маральныя страты і казаць няма пра што...

15 лютага ў дваццаціпавярховай халабудзе адбыўся сход з мэтаю стварэння Таварыства ўласнікаў дома. Трэба ж неяк рухаць справу далей, бо колькі чакаць таго наваселля?.. Але і тут “Кравіра” выгадала, змусіўшы пакупнікоў стварыць Таварыства ўласнікаў дома, прычым па ўласнаму сцэнарыю. Сход прайшоў з яўнымі парушэннямі: не было спісу прысутных, не агучана павестка дня, не хапала кворуму... Да таго ж, на пасаду старшыні Таварыства была вылучана адна, безальтэрнатыўная кандыдатура, якую прадстаўнік “Кравіры” спадар Адзінцоў і правёў урэшце рэшт на згаданую пасаду.

Што ў сухім астатку?.. Закрытае таварыства з абмежаванай адказнасцю “Кравіра” перадало недабудаваны аб’ект – са шматлікімі недаробкамі – на баланс толькі што ўтворанага Таварыства Ўласнікаў дома № 150Б. Іншымі словамі, усе недаробкі аўтаматычна пераклалі  на плечы пакупнікоў, тых, хто і так праінвеставаў кампанію “Кравіра” сваімі кроўнымі мільёнамі. Мала таго, што дом не прыдатны для засялення (не працуюць усе тры ліфты, адсутнічае вада і цяпло, на ўзроўні падмуркаў і падземнай аўтастаянкі – велізарны катлаван, наўкол дома барыкады друзу, бетона, у кватэрах масса недаробкаў), дык яшчэ і тэрміны ліквідацыі ўсяго гэтага бедламу невядомыя. Кажуць, у “Кравіры” не стае фінансавых сродкаў... Можа і так. Але ўзнікае іншае пытанне: якая камісія і ў якім складзе прымала дом у эксплуатацыю ў лістападзе 2010 года? Чаму будаўнічыя хібы не прыцягнулі ўвагу тых, хто стаіць на варце парадку і законнасці?.. Няўжо з ліку сталічных чыноўнікаў-кантралёраў з’явіліся харобрыя мужы і ім ніпачым словы спадара Лукашэнкі, які пры канцы мінулага года пагрозліва замовіў літаральна наступнае: “Ніякія мільёны квадратных метраў паўнавартасна не вырашаць праблему, калі не будзе забяспечана якасць жыллёвага будаўніцтва. Гэта тэма ўжо набіла аскоміну, – прызнаў ён. – і для яе вырашэння не патрэбны ні дадатковыя грошы, ні працоўныя рэсурсы. Прычына ў адным  – у наплявацельскіх адносінах да сваёй работы і да людзей. Да канца года ўсе прэтэнзіі грамадзян па якасці ўведзенага ў строй жылля павінны быць ліквідаваны. За гэта асабіста адказвае міністр архітэктуры і будаўніцтва”. А вось і фірменны прэзідэнцкі пасаж: “Калі і надалей будуць паступаць падобныя скаргі, усе члены камісіі, якая прымала дом у эксплуатацыю, павінны прыцягвацца да найстражэйшай адказнасці!”

Як бы не так, спадару Прэзідэнт!..  У Кравіраўскага дырэктарата, да прыкладу, свае меркаванні наконт узаемаадносін з кліентамі. І ў тым пераканаліся плацельшчыкі кватэр дома №150Б. Многія з іх, не вытрымаўшы выкрутасаў забудоўшчыка, спрабавалі трапіць на прыём да генеральнага дырэктара кампаніі спадарыні М. Мартыненка, да юрыста Лукашкінай. Каб атрымаць тлумачэнні, адказы на свае набалелыя пытанні. І што?.. Практычна нікому не ўдалося дабіцца аўдыенцыі. Ну вельмі крутая кампанія! Адно слова – замежная. Заснавальнік яе нейкі – Юсэф Недал Амін, сірыец. Створаная ў 1994 годзе “Кравіра” была зарэгістравана ў адзіным дзяржрэестры юрасобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў рашэннем Міністэрства замежных спраў РБ. На сёння галаўная кампанія холдынга займае адно  з вядучых месцаў на рынку Беларусі. Прычым, асноўная сфера яе дзейнасці (так запісана на іхнім сайце) – будаўніцтва жылля. Варта аднак нагадаць, што Кравіра займаецца і іншым бізнесам. Забаўляльныя  цэнтры, гасцініцы, клубы-рэстараны, казіно... Зразумела, бізнес існуе дзеля таго, каб атрымліваць максімальную фінансавую выгаду. І тут нічога кепскага. Іншая справа, што цывілізаваны бізнес не можа ігнараваць інтарэсы партнёраў, у дадзеным выпадку субінвестараў, тых самых пакупнікоў кватэр, якія выклалі свае грошыкі... за тухлы тавар. І потым, слаба верыцца, што будаўніцтва і продаж кватэр – асноўная крыніца прыбытковасці холдынга. Усе ведаюць, які навар можна атрымліваць ад дзейнасці тых жа казіно... Спадар Юсэф Недал Амін – толькі адзін з заснавальнікаў кампаніі. Хто іншыя, і хто стаіць за Амінам – невядома...

Што заставалася незадаволеным і пакрыўджаным? Ну, хіба што абмеркаваць сваё гаротнае становішча на інтэрнэт-форуме onliner. Уваход на форум, дзякаваць Богу, не забаронены: пісаць можна і што на душы ляжыць, і што на сэрцы баліць. Свае адносіны да “Кравіры” карыстальнікі форума выдалі па поўнай праграме. Пад рознымі НІКамі людзі пішуць (цытую ў арыгінале): 

“Как приличному человеку сразу не хочется жаловаться, а хотелось бы покалякать о делах наших скорбных с буграми Кравиры. И не один на один, а перед лицом народных масс узнать, что они еще фуфлить нам будут. Одно дело – отписки в виде дополнительных соглашений, и другое – прямая речь. За базар отвечать надо. Пусть выйдут и скажут в глаза, когда ВСЕ в доме заработает.”

“...Честно, просто лень ввязываться просто так. Но если что-то скажут и снова соврут  – пусть сразу хаваюцца ў бульбу...” 

“...Они даже не пытаются встретиться и объясниться с людьми. Раз так,  надо для начала вызвать Нидала Юсефа с Маргеной на встречу, пусть отчитаются. Если не явятся – взять офис и пошуметь там. Толку не будет, тогда писать в МинГИК, КГК, Админ. ППРБ, Минстрой...” 

“...Надо сколько нас наберется в офис явиться и взять за жабры этот чуркестан. А там видно будет. Египет этим мубаракам сделать. Массовые иски по неустойкам предъявить, плюс за моральный ущерб. Они ничего не боятся, а власти на все закрывают глаза. Поэтому и ведут себя так, что не проглядывается фактов недовольства граждан”. 

“...Я понимаю, что эти деятели с Кравиры – те еще поросята, мягко говоря. Но все-таки надо бы посадить перед собой Нидала, МГ и Наташку-юристку и пусть бы отчитались за все делишки. Почему мы до сих пор и без денег, и без жилья. Людям надо дать последний шанс перед окончательным смывом. Эффект может и сомнителен, но все-таки...”

Каб пераканацца, наколькі справядлівыя нараканні пакупнікоў, кірую проста ў офіс Кравіры, да генеральнага дырэктара Марыны Мартыненка. Тэлефонная размова з юрыстам кампаніі Наталляй Лукашкінай нічога не дала: начальства занята, прыняць не можа, ну і ўвесь набор адгаворак. Як не дзіўна, але ў апартаменты Гендырэктаркі патрапіў вокамгненна. Праўда, з той жа  лёгкасцю і нават хуткасцю вымушаны быў іх і пакінуць: Марына Генадзьеўна наадрэз адмовілася каменціраваць людскія скаргі, роўна як адказваць на пытанні журналіста. Далікатна, але настойліва папрасіла пакінуць кабінет і пачакаць у калідоры. А праз дзесяць хвілін сакратарка паставіла ў вядомасць: “спадарыня Марына Генадзьеўна не мае намеру з вамі гутарыць...”

Такая вось гісторыя. Вяртаючыся, падсумаваў вынікі візіту: размовы не адбылося, каментарыяў ніякіх. У “гаспадароў жыцця”, якімі, верагодна,  лічаць сябе арабска-беларускія бізнэсоўцы, свае правілы гульні. Той самай, калі ў калодзе краплёныя “шасцёркі”, а ў рукаве казырныя тузы. Але ж і ў простага беларуса ёсць у рукаве (на крайні выпадак) свая казырная карта, ну, напрыклад, бясплатная “рэклама” для той жа... Кравіры. А што, няхай будучыя кампаньёны, ці там партнёры, альбо (як унашым выпадку) пакупнікі кватэр ведаюць, з якім забудоўшчыкам звяла іх нячыстая...








 

{banner_819}{banner_825}
-10%
-45%
-20%
-30%
-20%
-20%
-34%