Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Менскія ўлады не дазволілі актывістам Маладога Фронту правесьці 14 лютага традыцыйную вулічную акцыю з нагоды Дня сьв. Валянціна. Арганізатары акцыі аднак сьцьвярджаюць, што шэсьце й карнавальны мітынг пад назваю "Люблю Беларусь!" у гэты дзень у цэнтры Менску адбудуцца.

Чыноўнікі гарвыканкаму абгрунтавалі адмову тым, што заяўнікі не пазначылі сваё месца працы. Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец лічыць гэту прычыну абсалютна надуманай і кажа, што ўлады проста баяцца вулічнай актыўнасьці моладзі.

Паводле спадара Севярынца, нягледзячы на забарону, моладзь зьбярэцца 14 лютага а 17-й гадзіне на пляцы Якуба Коласа. Адтуль калёна накіруецца да Опэрнага тэатру, дзе мае адбыцца сьвяточны мітынг. Падобныя акцыі ў гэты дзень таксама пройдуць яшчэ ў 31-м беларускім горадзе.

Мэта сёлетняй, ужо сёмай па ліку, маладафронтаўскай акцыі ў Дзень сьв. Валянціна — абарона беларускай незалежнасьці.

Альгерд Невяроўскі, Менск
0058648