Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш даслаў на разгляд Кангрэсу прапановы бюджэту на 2004. Агульная сума дзяржаўнага бюджэту складае болей за 2 трыльёны даляраў. Галоўныя прыярытэты бюджэту – павелічэньне затрат на ваенныя патрэбы, адмена падаткаў на дывідэнты і дадатковыя субсыдыі на дзяржаўную мэдыцыну. Бюджэт прадугледжвае таксама выдзяленьне 28,5 мільярдаў даляраў на замежную дапамогу.

Новы бюджэт акрэсьлівае шэсьць асноўных накірункаў замежнай дапамогі. Перш за ўсё гэта затраты, накіраваныя на змаганьне з тэрарызмам. Амаль 5 мільярдаў даляраў плянуецца выдзеліць на праграмы бясьпекі тым краінам, якія ужо далучыліся да ЗША ў барацьбе з тэрарызмам. Гэта самае вялікае асыгнаваньне з часткі бюджэту, прызначанай на замежную дапамогу.

2 мільярды даляраў выдзяляецца на новыя праграмы барацьбы зь беднасьцю і хваробамі. Яшчэ амаль 3 мільярды – на праграмы для дзяцей. Сярод іншых прыярытэтаў замежнай дапамогі лідэрства ўтрымлівае, як і раней, барацьба з наркотыкамі, асабліва ў Лацінскай Амэрыцы, і дапамога ва ўстанаўленьні дэмакратыі ў гэтым рэгіёне.

Сярод замежных праграм бюджэту ёсьць адная цікавая новая праграма заахвочваньня "Выклік Стагодзьдзя" (Millennium Challenge Account). Гэта фактычна праграма партнэрства, скіраваная на падтрымку краінаў, якія сталі на шлях рэформ. Я зьвярнулася з пытаньнем да кіраўніка беларускага аддзелу ў Дзярждэпартамэнце ЗША Майкла Ўэгара, ці можа быць месца Беларусі ў гэтай праграме. Майкл Уэгара адказаў, што Беларусь тэарэтычна магла б атрымліваць дапамогу па гэтай праграме, але наўрад ці пройдзе кваліфікацыйны стандарт. Дарэчы, пакуль невядомыя крытэры адбору краін, але вызначальнымі фактарамі будуць наяўнасьць дэмакратычных і эканамічных рэформ.

Што да агульнай сумы дапамогі Беларусі ў 2004 годзе, дык гэтая сума будзе скарочаная амаль на 15%. Пад скарачэньні падпалі таксама праграмы дапамогі Расеі ды Ўкраіне.

Алеся Сёмуха, Вашынгтон
,