Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Ці здолее Беларусь стаць сябрам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі? Перамовы афіцыйнай беларускай дэлегацыі ў Жэнэве вядуцца даўно, але пэўнасьці ў гэтым пытаньні па-ранейшаму няма. Незалежныя экспэрты тым часам прагназуюць, што Беларусь не гатовая да ўступленьня ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю з прычыны неадпаведнасьці свайго заканадаўства міжнародным патрабаваньням, а таксама з-за дзяржаўнай манаполіі ў гандлёвай сфэры.

Сёлета дзесяць гадоў, як беларускія ўлады абвесьцілі пра мэту ўступленьня ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, якая аб’ядноўвае 144 краіны. Нарэшце, паводле афіцыйных асобаў, у перамоўным працэсе зьявіўся станоўчы зрух. Прадстаўнікі беларускага МЗС днямі вярнуліся з Жэнэвы і лічаць, што прычыны ранейшых няўдачаў афіцыйнага Менску ня толькі ў прэтэнзіях да беларускага заканадаўства, але і ў пазыцыі некаторых краінаў.

Вось што гаворыць кіраўнік аддзелу Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі беларускага МЗС Антон Кудасаў:

(Кудасаў: ) "На жаль, ёсьць група краінаў, якія аказваюць надзвычай вялікі ўплыў на міжнародны гандаль. Праблема Ўсясьветнай арганізацыі якраз у тым, што ў першую чаргу такія дзяржавы разглядаюць краіны-кандыдаты, уключна і Беларусь, як палігон дзеля "абкаткі" прававых нормаў, якія, паводле іхнага меркаваньня, павінны стаць падмуркам арганізацыі. У гэтым і палягае наша пазыцыя: непрыемна, калі нас выкарыстоўваюць у выглядзе палігону. Мы хацелі б, каб стасункі будаваліся на падставе рэальных гандлёвых зносінаў".

Найбольшыя спрэчкі цягам нядаўніх перамоваў выклікалі тры сфэры: тэлекамунікацыі, страхаваньне і банкавая галіна, куды, на думку беларускага боку, доступ замежнага капіталу пакуль можна абмежаваць. Між тым, незалежныя экспэрты мяркуюць, што Беларусі пагражае ня столькі адтэрміноўка з гіпатэтычным прытокам інвэстыцыяў, колькі адмова прыняцьця ў сябры арганізацыі наогул. Прэзыдэнт саюзу наймальнікаў эканаміст Георгій Бадзей упэўнены: ні сёлета, ні ў наступным годзе Беларусь ва Ўсясьветную арганізацыю ня прымуць.

(Бадзей: ) "Штодня ў нас новыя захады ў справе абмежаваньня гандлю. Нават апошнія нарады ў кіраўніка краіны сьведчаць: улада ўвесь час імкнецца рэгуляваць гандаль нейкімі асаблівымі мерамі. Але правілы Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі найперш патрабуюць адмены ўсялякіх нетарыфных абмежаваньняў — квотаў, ліцэнзіяў і г.д. Мы ўвесь час уводзім усё новыя і новыя. То дзяржаўную манаполію на пастаўкі цукру, то на тытунь, то на алькаголь. Гэта ўсё супярэчыць патрабаваньням арганізацыі. І калі мы хочам туды ўступаць, гэтыя рашэньні ня толькі прымаць нельга, але нельга нават думаць у гэткім рэчышчы. Калі б мы разумелі, што гэта нам патрэбна, мабыць, падобныя рашэньні не прымалі б".

Ускосна гэтае меркаваньне пацьвердзіў і намесьнік міністра замежных справаў Аляксандар Міхневіч, які ня здолеў назваць пэўны час, калі беларускія ўлады разьлічваюць далучыцца да арганізацыі. Пры гэтым дзяржаўныя асобы не хаваюць: у гэтай справе Беларусь наўпрост арыентуецца на Расеяю. Прадстаўнікі МЗС лічаць, што сяброўства ў арганізацыі без Расеі бессэнсоўнае, паколькі ў іншым выпадку распачнецца хаос у міждзяржаўных стасунках.

А вось эканаміст Георгі Бадзей упэўнены: такая практыка можа ўрэшце скончыцца тым, што Расея ўступіць ў арганізацыю самастойна, не зважаючы на засьцярогі Беларусі. Прынамсі, прэтэнзіяў да расейскіх законаў ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі мінімум.

Ігар Карней, Менск