Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


16 студзеня супрацоўнікі 8-га менскага тэлеканалу, большасьць якіх зь 1 студзеня 2001 г. была ў вымушаным адпачынку, зьбіраюцца на агульную нараду, каб вырашыць, як жыць далей. Другі па ліку зварот кіраўніцтва "Васьмёркі" да А.Лукашэнкі пакуль застаецца без адказу. Не адбылася й плянаваная колькі дзён таму нарада ў прэзыдэнцкай адміністрацыі, на якой меўся вырашацца далейшы лёс 56-і былых супрацоўнікаў 8-га частотнага тэлеканалу, які з новага году заняла тэлекампанія "СТВ". Дарэчы, як заявіў нядаўна ў часе Інтэрнэт-прэс-канфэрэнцыі, зладжанае намаганьнямі "Белорусской газеты", дырэктар "СТВ" Рыгор Новікаў, 15 студзеня Міністэрства Сувязі мела выдаць ягонай тэлекампаніі ліцэнзію на вяшчаньне.

Нагадаем, першы зварот да беларускага кіраўніка быў дасланы ад імя працоўнага калектыву "Васьмёркі" яшчэ перад новым годам - у надзеі, што частату ўсё ж такі пакінуць законным уладальнікам ліцэнзіі. Адзіным адказам, наколькі ляканічным, настолькі ж і зразумелым, стала навагодняе адключэньне "8-га каналу" ад эфіру. Аднак празь некалькі дзён у супрацоўнікаў зноў зьявілася пэўная надзея: з кіраўнічых крыніцаў прыйшла інфармацыя пра нібыта плянаваную нараду ў прэзыдэнцкай адміністрацыі - менавіта па "8-м канале".

Пётар Чарнаморац, дырэктар "8-га каналу": - Гэтая інфармацыя была зь дзьвюх крыніцаў: Ігнаценка Мікалай Іванавіч, галоўны рэдактар, быў на прыёме ў Замяталіна, Замяталін гаварыў, што не ў прэзыдэнта, а ў Адміністрацыі Прэзыдэнта будзе такая нарада. І Міхаіл Іванавіч Дзямчук, віцэ-прэм'ер (на прыёме ў яго былі мой намесьнік і нашая супрацоўніца). Тое ж самае казаў: 8-9 студзеня пытаньне будзе разгледжанае, і што будзем з вамі рабіць - вырашыцца. У прынцыпе ніхто ніякіх нэгатыўных выказваньняў не дапускаў пра нашу працу пад час гэтых сустрэчаў.

Па якіх прычынах нарада адмянілася - невядома. Аднак, страціўшы й гэтую надзею, кіраўнікі тэлеканалу - дырэктар Пётар Чарнаморац і галоўны рэдактар Мікалай Ігнаценка - вырашылі зьвярнуцца да А.Лукашэнкі яшчэ раз - з просьбай аб асабістай сустрэчы. Тым больш, што дырэктар "СТВ" Рыгор Новікаў адкрыта пацьвердзіў у інтэрвію "Белорусской газете", што менавіта Лукашэнка "даў дабро" на трансьляцыю гэтага каналу. А пару дзён таму намесьнік менскага мэра сп. Пятрушын пры асабістай сустрэчы запэўніў дырэктара "8-га каналу" Пятра Чарнаморца, што гарадзкія ўлады ня маюць да ягонага адключэньня ад эфіру ніякага дачыненьня. Аднак і на гэты запыт адказу пакуль няма.

Затое, паводле сп. Чарнаморца, на "8-ы канал" абрынуўся цэлы шквал глядацкіх лістоў у падтрымку "Васьмёркі".

П.Ч.: - Нам тэлефануюць, пішуць лісты, што шукаюць знаёмыя перадачы, потым выключаюць ці пераключаюцца на іншыя, таму што звычка людзей мае вялікае значэньне. Вельмі шмат прапановаў, каб правесьці збор продпісаў у падтрымку "8-га каналу".

Выступіць у ролі народных рупараў днямі вырашылі й некалькі дэпутатаў новаабранае Палаты Прадстаўнікоў, якія 11 студзеня падпісалі зварот на імя кіраўніка прэзыдэнцкае адміністрацыі Мясьніковіча й Генэральнага пракурора Шэймана. "У Менску ідуць праграмы замежнае тэлекампаніі без ліцэнзіяў і выдаткаў на яе, - гаворыцца ў звароце дэпутатаў, якія маюць на ўвазе рэтрансьляцыю на канале "СТВ" праграмаў "REN-TV" і MTV.

Між тым, як паведаміў РР П.Чарнаморац, тыя паўмесяца, што "Васьмёрка" не выходзіць у эфір, частка ягоных супрацоўнікаў (10 чалавек) працягвалі выконваць абавязкі каналу перад партнэрамі. Гаворка, натуральна, ідзе аб "прадакшыне", а не аб разьмяшчэньні рэклямы ў эфіры - з прычыны адсутнасьці апошняга.

Дарэчы, пэрспэктывы "СТВ" як цікавага для рэклямадаўцаў аб'екту П.Чарнаморац ацэньвае як вельмі сумнеўныя. Між тым, кіраўнік "СТВ" Р.Новікаў у часе згаданае вышэй інтэрнэт-размовы з гледачамі ўпэўнена заявіў, што рэкляма зьявіцца адразу пасьля таго, як зьявіцца ліцэнзія. А ліцэнзія, па ягонай інфармацыі, мела зьявіцца ўжо 15 студзеня.

У той жа дзень мы зьвязаліся са сп. Новікавым па тэлефоне. Аднак дырэктар "СТВ" заявіў, што не гатовы пакуль адказаць на гэтае пытаньне. Ад сябе дадамо, што для таго каб выдаць ліцэнзію "СТВ" ці камусьці іншаму, спачатку яе трэба адняць у "8-га каналу". А пра гэта пакуль гаворкі не ішло. Ізноў адрасую пытаньне Пятру Чарнаморцу.

В.Б.: - Ці будзеце Вы абмяркоўваць магчымасьць больш рашучых дзеяньняў, ці Вы спадзяецеся ўсё ж такі на мірнае вырашэньне канфлікту?

П.Ч.: - Ну, як вам сказаць? Зрабіць акцыю пратэсту дзеля акцыі пратэсту няма ніякага сэнсу. Мы лепш падамо ў суд у адпаведнасьці з устаноўленым законам парадкам, на нейкія неправамоцныя дзеяньні. Гэта больш дзейсна, на мой погляд. Мы ўжо зьвярнуліся да юрыстаў, юрысты ўжо падрыхтавалі зыскавую заяву. Проста ёсьць нейкая надзея, што працэс вырашыцца мірным шляхам.

В.Б.: - Вы па-ранейшаму тлумачыце ўсё амбіцыямі каналу "СТВ"?

П.Ч.: - Я ўпэўнены, што такая сытуацыя ня склалася б, калі б не абміцыі "СТВ". Вось была ў мяне прэс-канфэрэнцыя па Інтэрнэце, прыходзілі мне запыты - у тым ліку й былых супрацоўнікаў "СТВ", на якіх яны казалі, што ўсё гэта было задумана летам, што зь лета пачалася праца "СТВ" у гэтым кірунку пад прыкрыцьцём таго, што гэта нібыта гарадзкі канал, муніцыпальныя ўлады, "а ім трэба на чымсьці вяшчаць, а ў іх прыватны канал, а іх трэба пасунуць" - вось і ўсё! Калі б не было ініцыятывы "СТВ", то ўсё было б мірна й ціха.

Вольга Бабак

Радыё Рацыя