Павел Бераснеў, / Павел БЕРАСНЕЎ

Беларуская армія ў поўным сэнсе гэтага слова была створана толькі ў 1992 годзе: менавіта тады былі прынятыя пастанова ўрада "Аб стварэнні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь", Закон "Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь", а таксама іншыя заканадаўчыя акты наконт беларускай арміі. Аднак да нас у рэдакцыю завітаў наш даўні аўтар, гісторык, даследчык нацыянальных працэсаў у Беларусі Уладзімір Гуленка, які зараз выкладае ў Інстытуце інфармацыйных тэхналогій БДУІРа, і прынёс цэлы стос, скажам так, сенсацыйных дакументаў, адшуканых разам з дырэктарам Нацыянальнага архіва Беларусі Вячаславам Селяменевым

Працягваем гутарку журналіста "Звязды" Паўла Бераснева з гісторыкам Уладзімірам Гуленкам.


Беларуская армія магла з'явіцца ў 1942 годзе? >>>

— Урад БССР у той час быў у Маскве? Адкуль такая ідэя?

— Пачну, мусіць, з апісання сітуацыі таго часу. 1942 год, вясна. У Мінску Кубэ дазволіў правесці 25 сакавіка ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя гадавіне абвяшчання БНР. Бітва за Маскву ўжо адбылася, але Сталінградскай яшчэ не было. Урад БССР эвакуяваны і знаходзіцца ў Маскве. Яшчэ не створаныя Цэнтральны штаб партызанскага руху і Беларускі штаб партызанскага руху (першы будзе створаны 30 мая 1942 года, а другі — толькі ў верасні). Чым жа займаецца партыйны і дзяржаўны апарат БССР? Разам з удзелам у вайне кіраўніцтва Беларусі праводзіць перапіс эвакуяванага насельніцтва Беларусі і беларусаў-вайскоўцаў у Чырвонай Арміі — і робіцца аналіз па ўзросце, адукацыі, спецыяльнасці, поле, стане здароўя і гэтак далей. У тым ліку былі падлічаны беларускія генералы, афіцэры: хто дзе служыць, якія ўзнагароды мае. Усяго на ўлік было ўзята 780 тысяч эвакуяваных беларусаў: у асноўным насельніцтва з БССР канцэнтравалася ў Башкірскай, Татарскай і Чувашскай АССР, Туркменскай і Казахскай ССР, а таксама ў Куйбышаўскай, Новасібірскай, Свярдлоўскай, Чалябінскай і Тамбоўскіх абласцях. Для чаго рабіўся такі перапіс, ды яшчэ ва ўмовах вайны? Гэта ж не проста людзей у адной вёсцы пералічыць, тут жа быў зроблены велізарны аб'ём працы. Такі перапіс — папярэдняя праца, якая дала адказ наконт магчымых крыніц камплектавання будучай Беларускай арміі. І было высветлена, што беларусаў па ўсіх параметрах хопіць на стварэнне не адной, а хоць пяці армій!

Ну а ў жніўні 1942 года з'явіўся праект пастановы Дзяржаўнага камітэта абароны "Аб фарміраванні Беларускіх армій". Заўважце, што тут гаворка ідзе нават не пра адну , а пра дзве Беларускія арміі! Кожная з іх павінна была налічваць 84 560 чалавек, а агульная колькасць — 169 120 чалавек. 1-я Беларуская армія па задуме распрацоўшчыкаў павінна была дыслакавацца на тэрыторыі Маскоўскай Ваеннай Акругі, а 2-я Беларуская — на тэрыторыі Уральскай Ваеннай Акругі. Да 10 верасня 1942 года арміі павінны былі быць укамплектаваныя і распачаць баявую падрыхтоўку, а тэрмін гатоўнасці Беларускіх армій быў акрэслены як 10 лістапада 1942 года. Укамплектаваць новыя арміі планавалася "беларусамі і грамадзянамі іншых нацыянальнасцяў, якія пражывалі раней на тэрыторыі Беларускай ССР", тут жа прыводзіліся звесткі, што з дзейнай і рэзервовых армій можна ўзяць для камплектацыі 40 тысяч чалавек, з запасных часцей — 27 тысяч, з прызыўнікоў 1924 года нараджэння — 10 тысяч чалавек, з ліку курсантаў ваенных вучылішчаў — 3 тысячы чалавек, з унутраных і памежных войскаў НКУС — 3 тысячы чалавек, з колькасці эквакуяваных беларусаў па адборы ЦК КП(б)Б і СНК БССР — 14 тысяч чалавек (у тым ліку 4 тысячы жанчын), з ваенна-будаўнічых арганізацый — 5 тысяч чалавек, з кантынгентаў Заходняй Беларусі па адборы ЦК КП(б)Б — 10 тысяч чалавек, з колькасці эвакуяваных партыйных, савецкіх, наркамунутрспраўскіх, камсамольскіх і гаспадарчых працаўнікоў — 4 тысячы чалавек, з партызанскіх атрадаў — 5 тысяч чалавек, а таксама з добраахвотнай дывізіі, створанай Новасібірскім абкамам і аблвыканкамам для дзеянняў у Беларусі -13 тысяч чалавек. Тут жа праектам пастановы прадугледжваліся заданні армейскім начальнікам наконт укамплектавання будучых Беларускіх армій кіруючымі кадрамі, зброяй, конямі, аўтатранспартам, харчамі і іншай маёмасцю.

— Дык адна Беларуская армія ці дзве?

— У жнівеньскім праекце пастановы Дзяржаўнага камітэта абароны — дзве арміі, але ж у пазнейшым кастрычніцкім праекце — ужо толькі адна Беларуская армія. У Нацыянальным архіве Беларусі захавалася некалькі дакументаў на гэты конт: дакладная запіска сакратара ЦК КП(б)Б таварыша Панамарэнкі да Сталіна, датаваная 14 кастрычніка 1942 года, і ўжо іншы праект пастановы Дзяржаўнага камітэта абароны аб стварэнні Беларускай арміі, завізіраваны таварышам Шчадэнкам, начальнікам упраўлення кадраў РСЧА. Гэты ж праект пастановы быў завізіраваны намеснікам Народнага Камісара Абароны (прозвішча яго не пазначана), ёсць віза начальніка аргштатнага ўпраўлення генерала-маёра Чацверыкова.

— І чым абгрунтоўвае неабходнасць стварэнне Беларускай арміі таварыш Панамарэнка?

— Панцеляймон Кандратавіч спасылаецца на ўзрослую самасвядомасць беларусаў, а таксама на прагу да вызвалення акупаванай тэрыторыі Беларусі. Цытую, што напісана ў дакладной запісцы: "У час вайны моцна вырасла нацыянальная самасвядомасць беларусаў, умацаваліся глыбокія сувязі і любоў да рускага народа. Даўняя нянавісць беларусаў да немцаў, крывавая палітыка акупантаў у Беларусі выклікалі ў народзе разуменне вялізнай небяспекі нацыянальнаму існаванню беларусаў. Вырасла вялізнае азлабленне, пачуццё непрымірымай нянавісці да немцаў. Гэта знаходзіць выражэнне ў шырока разгорнутым партызанскім руху ў Беларусі і ў баявой устойлівасці чырвонаармейцаў-беларусаў на франтах. ЦК КП(б) Беларусі ўносіць прапанову аб утварэнні нацыянальнай Беларускай арміі. Такая армія, скамплектаваная з беларусаў, людзей, якія ненавідзяць немцаў, прагнуць помсты, будзе арміяй вялікага наступальнага парыву і ўдарнай сілы. Гэтая армія ўсімі імкненнямі будзе накіраваная на захад, на вызваленне родных месцаў. Пры вызваленні хаця б часткі Беларусі армія будзе мець вялізную крыніцу папаўнення". Касцяком для фарміравання Беларускай арміі павінны былі стаць 6 стралковых дывізій па 10374 чалавекі, а агульная колькасць арміі павінна была скласці 84 тысячы чалавек. Крыніцы для фарміравання беларускай арміі былі прадугледжаныя амаль тыя ж, што і ў папярэднім праекце пастановы, ну хіба толькі трошкі ў іншай колькасці. Што тычыцца камандавання арміяй і ўкамплектавання афіцэраў, то тут ніякіх праблем не было. Як піша Панамарэнка, кадраў бы хапіла і на пяць Беларускіх армій: "Пытанне аб малодшым сярэднім і старшым начсаставе і палітсаставе вырашаецца добра. Гэтых кадраў хапіла б і на пяць Беларускіх армій. У вышэйшым саставе Чырвонай Арміі маецца 66 генералаў-беларусаў. З іх камандуюць арміямі — 6, камандзіраў карпусоў і дывізій — 12, начальнікаў штабоў армій — 8".

Беларуская армія павінна была дыслакавацца на тэрыторыі Маскоўскай ваеннай акругі, яе фарміраванне і ўкамплектаванне павінны былі скончыцца да 15 снежня 1942 года, а тэрмін гатоўнасці быў вызначаны да 1 мая 1943 года.

— А сімволіка для Беларускай арміі прадугледжвалася?

— Вядома, як жа без гэтага. Для пачатку варта адзначыць, што шэсць дывізій Беларускай арміі павінны былі насіць імя герояў-беларусаў, прычым першыя пяць — Герояў Савецкага Саюза, што загінулі ў час ВАВ (імя Мікалая Грыцаўца, Льва Даватара, Мікалая Гастэлы, Ціхана Бумажкова, Георгія Смалячкова), а 6-я стралковая дывізія — імя Кастуся Каліноўскага. Дарэчы, у жніўні 1942 года, калі яшчэ планавалі стварыць 2 Беларускія арміі, дзе адпаведна і стралковых дывізій было б 12, шэсць астатніх дывізій планавалася назваць імя Фрунзе, імя Героя Савецкага Саюза Міхаіла Сільніцкага, імя Вярхоўнага Савета БССР, імя Героя Савецкага Саюза Анатоля Талаліхіна, імя Уладзіміра Ванеева, імя Героя Савецкага Саюза Вікенція Наркевіча.

Цікава, што ў больш раннім дакуменце пад назвай "Пытанні палітычнага выхавання і дысцыпліны" прапаноўваецца назваць армію Беларускай асобай арміяй, а дывізіям даць назвы імя таварыша Сталіна, а таксама па геаграфічных прыкметах — Мінская, Віцебская, Гомельская, Палеская, Магілёўская і Баранавіцкая. А вось імёнамі герояў-беларусаў прапаноўвалася назваць брыгады. Што тычыцца палкоў, то тут і імёны, і геаграфія — 17-ы пяхотны Мінскі полк, 3-і пяхотны Гомельскі полк, 7-ы пяхотны Полацкі полк, 15-ы пяхотны імя Героя Савецкага Саюза Сільніцкага Суражскі полк, а таксама стралковы Вілейскі імя Янкі Купалы! 

(Працяг будзе)

{banner_819}{banner_825}
-75%
-20%
-10%
-20%
-10%
-20%