Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У штаб-кватэры БНФ прэзэнтавана новая Праграма, якая ўпершыню прапануе Беларусі ясную стратэгічную мэту: уступленьне ў Эўрапейскі Зьвяз і ў NATO як мага хутчэй. "Наша месца - разам з цывілізаванымі краінамі Эўропы" - заявіў лідэр арганізацыі Вінцук Вячорка. На мясцовыя выбары БНФ выходзіць зь лёзунгам "Партыя БНФ - эўрапейскі дабрабыт і парадак".

Поўны варыянт праграмы БНФ быў ухвалены на нечарговым зьезьдзе адзінагалосна. Ён быў распрацаваны праграмнай камісій БНФ на чале з старшынём Фронту Вінцуком Вячоркам з удзелам навукоўцаў і былых дэпутатаў Вярхоўнага Савету.

Праграма ўпершыню прапануе Беларусі ясную стратэгічную мэту: уступленьне ў Эўрапейскі Зьвяз і ў NATO як мага хутчэй пасьля ўзнаўленьня дэмакратыі ў краіне. Старшыня Вінцук Вячорка заявіў, што стратэгічныя мэты арганізацыі акрэсьлены. "У сёньняшнім сьвеце трэба вызначацца. Ужо тры суседнія з намі краіны - Польшча, Літва, Латвія - зрабілі свой выбар на карысьць будучыні, дабрабыту, бясьпекі. Тое, што прапануе Лукашэнка, - ізалявацца ад нармальнага сьвету й стаць Паўночнай Карэяй - нас не задавальняе: Беларусь ужо ўволю пакаштавала камунізму. Тое, што прапануе Пуцін, - стаць глухой правінцыяй непрадказальнай Расеі - зьнішчэньне беларускага народу. Адказ Партыі БНФ ясны: "Наша месца - разам з цывілізаванымі краінамі Эўропы" - паведаміў Вінцук Вячорка.

Сярод каштоўнасьцяў, якімі даражыць партыя БНФ, - свабода, незалежнасьць, адраджэньне, прыватная ўласнасьць і дабрабыт народу. У Праграме дэталёва распрацаваны пазыцыі Фронту адносна будучага дзяржаўнага ладу Беларусі, эканомікі, нацыянальнай бясьпекі, культуры й міжнароднай палітыкі. Партыя БНФ выступае за парлямэнцкую рэспубліку Беларусь, у якой пасада прэзыдэнта павінна быць толькі прадстаўнічай. Фронт падтрымлівае эканамічную ініцыятыву, выступае за зьніжэньне падаткаў, за прыватную ўласнасьць на зямлю.

Кіраўніцтва БНФ зазначае, што будзе намагацца праз прапаганду эўрапейскіх каштоўнасьцяў аднавіць свой уплыў на грамадзтва, бо, паводле сацыялягічных апытаньняў, больш за палову грамадзян Беларусі хоча далучэньня сваёй краіны да Эўразьвязу.

Радыё Рацыя
0058648