Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў дзяржаўную праграму інфарматызацыі краіны "Электронная Беларусь" на 2003-2005 гады і на перспэктыву да 2010 года. Беларускі ўрад абяцае панізіць тарыфы на карыстаньне Інтэрнэтам да 2005 года на 30 адсоткаў. Дзяржпраграма павінна "удасканаліць сістэму інфармацыйнай бясьпекі краіны і стварыць новыя сродкі абароны інфармацыі."

Праграма "Электронная Беларусь", падрыхтаваная па даручэньні прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, зацьверджана ўрадам пастановай ад 27 сьнежня 2002 года. Над ёй працавала група спэцыялістаў пад кіраўніцтвам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Са словаў выканаўчага дырэктара фонда інфарматызацыі Віктара Дравеца, асноўная задача праграмы ў стварэньні ўрадавага парталу, культуровага, а таксама партала навінаў на аснове БЕЛТА і афіцыйнага прэс-цэнтра. Як сьцвярджае спадар Дравец, незалежныя інфармацыйныя парталы новая дзяржаўная праграма ніяк не закранае, аднак ён зьвярнуў увагу на тое, што неўзабаве будзе распрацавана адмысловая заканадаўчая база.

Як гаворыцца ў прэс-рэлізе,"асноўнай мэтай праграмы з'яўляецца фармаваньне ў краіне адзінай інфармацыйнай прасторы як аднаго з этапаў пераходу да інфармацыйнага грамадства".

"Электронная Беларусь" прадугледжвае ажыцьцяўленьне шэрагу мерапрыемстваў, сярод якіх, стварэньне агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы. Яе асноўная мэта ў тым, каб фармаваць адзіны нацыянальны інфармацыйны рэсурс і стварыць адпаведную інфраструктуру, якая забясьпечыць "рэалізацыю правоў грамадзянаў і юрыдычных асобаў краіны на свабоднае атрыманьне адкрытай інфармацыі з гэтай сістэмы".

Асаблівая ўвага будзе нададзеная развіцьцю тэлекамунікацыйнай інфраструктуры і стварэньню пунктаў доступу да адкрытых інфармацыйных сістэмаў. Мяркуецца разьвіваць інфармацыйна-тэлекамунікацыйныя тэхналёгіі і нават фармаваць свае галіны інфармацыйных тэхналёгій (ІТ-індустрыі), якія будуць арыентаваныя на экспарт.

Акрамя гэтага, згодна з праграмай "Электронная Беларусь", прадугледжваецца "удасканаленьне заканадаўства і сістэмы дзяржаўнага рэгуляваньня ў сфэры інфарматызацыі".

Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналёгіі будуць укараняцца ў сфэры дзейнасьці дзяржаўных органаў і органаў мясуовага ўпраўленьня. Найперш будуць стварацца інфармацыйныя рэсурсы, якія маюць "дзяржаўнае значэньне і неабходныя для аператыўнага прыняцьця рашэньняў". Найбольшая ўвага будзе нададзеная інфарматызацыі сэктара рэальнай эканомікі, дзе ўзьнікне сістэма электроннага гандлю і лагістыкі.

Інфармацыйна-тэлекамунікацыйныя тэхналёгіі будуць скарыстаныя для паскоранага развіцьця канкурэнтназдольнай вытворчасьці тавараў і паслуг, аптымізацыі транспартных патокаў, арентаваных на ўнутраныя і зьнешнія рынкі. Пераўзбраеньне пройдзе таксама на прамысловых прадпрыемствах. Дзеля ажыцьцяўленьня праграмы "Электронная Беларусь" спатрэбіцца падрыхтоўка адпаведных спецыялістаў і карыстальнікаў новых тэхналёгій.

Новая дзяржаўная праграма павінна садзейнічаць "развіцьцю культуры і сродкаў масавай інфармацыі. Дзеля гэтай мэты будуць сфармаваныя інфармацыйныя рэсурсы Нацыянальнай і іншых бібліятэк, электронная энцыклапедыя беларускай культуры, а таксама машынны фонд беларускай мовы. Плануецца распрацаваць "тыпавыя рашэньні для стварэньня электронных газет, нацыянальнага сервера навінаў у Інтэрнэце, сфармаваць нацыянальную аўдыё і відэа прадукцыю ў электронным выглядзе.

Дзяржпраграма "Электронная Беларусь" павінна "удасканаліць сістэму інфармацыйнай бясьпекі краіны, стварыць новыя сродкі абароны інфармацыі, а таксама распрацаваць нарматыўна-метадычныя матэрыялы і тыпавыя комплексныя рашэньні, накіраваныя на забесьпячэньне інфмармацыйнай бясьпекі краіны з улікам Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі".

Цягам 2003-га года мяркуецца сфармаваць перадумовы для рэлізацыі праграмы, сярод якіх стварэньне адпаведнага заканадаўства ў галіне інфарматызацыі і поўны ўлік дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў. Пачнуць рэалізоўвацца праекты па электронным зборы дакумэнтаў , а дзяржаўныя органы падключаць да глябальных выліковых сістэмаў і да Інтэрнэта.

Канчатковай мэтай праграмы стане стварэньне агульнанацыянальнай інфармацыйнай сістэмы. Выкарыстаньне новых тэхналёгій у працы органаў улады "дазволіць скараціць выдаткі на ўпраўленьне і вызваліць частку тэхнічнага персаналу." З дапамогай "Электроннай Беларусі" улады плянуюць таксама "скараціць астку ценевага рынку праграмнага забесьпячэньня".

З дапамогай праграмы ўлады мяркуюць пашырыць колькасьць карыстальнікаў Інтэрнэта і аб'емы паслугаў, якія можна атрымаць з дапамогай сусьветнай сеткі. Гэтае пашырэньне дазволіць панізіць тарыфы на карыстаньне Інтэрнэтам да 2005 года на 30 адсоткаў, а да 2010 года-больш чым у два разы.

Мікалай Вайтовіч, RR

Радыё Рацыя
,