Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Архив новостей
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС
    303112345
    6789101112
    13141516171819
    20212223242526
    272812345
  • Популярное

Общество


У беларускамоўнай прасторы суйснуюць дзьве правапісныя традыцыі. "Новаклясычная", што сягае пэрыяду ўнармаваньня беларускае літаратурнае мовы новага часу, і другая, запачаткаваная рэформаю 1933 году. Дагэтуль, на жаль, прыхільнікі абедзьвюх традыцый не знайшлі кампрамісу.

Чаму не адбываецца дыялёгу мовазнаўцаў - прыхільнікаў гэтак званых "тарашкевіцы" й "наркамаўкі"?

Пачнём з гісторыі. Правапіс беларускае літаратурнае мовы быў унармаваны ў 1918 г. Браніславам Тарашкевічам у выдадзенай ім у Вільні "Беларускай граматыцы для школ". Гэта было першае сталае афармленьне й нармаваньне беларускага правапісу з падвядзеньнем да яго навуковае базы.

Правапіс Браніслава Тарашкевіча праз "Практычную граматыку" Язэпа Лёсіка быў прыняты ў школах навучаць артаграфіі ў межах Савецкае Беларусі. Пачынаючы з 1925 году, Язэп Лёсік удасканальваў і ўдакладняў правапіс.

У 1930 г. была выдадзена новая рэдакцыя правапісу, апрацаваная Правапіснаю камісіяй Беларускай акадэміі навук.

На пачатку 1933 г. выйшаў "Проект спрашчэньня беларускага правапісу", падрыхтаваны ў Інстытуце мовазнаўства Беларускай акадэміі навук. Аўтары гэтае работы крытыкавалі працу папярэднікаў, рашуча змагаючыся як зь "вялікадзяржаўніцтвам", гэтак і з "контрарэвалюцыйным нацыянал-дэмакратызмам" у пытаньнях правапісу.

Справу рэформы беларускага правапісу заўсёды была пад кантролем пільных "органаў".

28 жніўня 1933 году газэта "Зьвязда" на першай старонцы друкуе пастанову Савету народных камісараў "Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу", паводле якой "усе выданьні, усе дзяржаўныя дакумэнты і паперы на беларускай мове павінны друкавацца згодна новага правапісу". У сьнежні 1933 г. была выдадзена яшчэ адна пастанова, дзе ўдакладнялася напісаньне "інтэрнацыянальных рэволюцыйных слоў". Гэтымі заканадаўчымі актамі й была ажыцьцёўлена "славутая" рэформа беларускага правапісу 1933 г.

Беларуская мова атрымала іншы кірунак разьвіцьця.

У 1990-я гг. вяртаньне твораў рэпрэсаванае беларускае літаратуры, імкненьне аднавіць гістарычную справядлівасьць прывяло да звароту ў прастору тады яшчэ Савецкае Беларусі й рэпрэсаванага правапісу.

Найбольшыя спрэчкі выклікала пытаньне пра мяккі знак, адсутнасьць якога шкодна ўплывае на мяккасьць беларускага маўленьня.

Пра падзеі пачатку 1990-х успамінае беларускі асьветнік, аўтар школьных падручнікаў Анатоль Клышка.

- Нашыя пісьменьнікі - Васіль Зуёнак, Янка Брыль… У нас была пазыцыя і аб мяккім знаку…

- А якая ў вас была пазыцыя, каб захаваць мяккі знак?

- Так.

Але мяккага знаку не вярнулі з прычыны супраціву часткі мовазнаўцаў. Сам Анатоль Клышка распрацаваў быў курс лекцый "Гаворым па-беларуску" для тэлевізіі. Потым гэтыя лекцыі друкаваліся ў 15 нумарох часапісу "Маладосьць" і прызначаліся людзям, якія хацелі б правільна вымаўляць словы зь мяккімі зычнымі (прыкладам - зьвер (звер), сьцяна (сцяна), зьмякчэньне (змякчэнне), ня бачачы мяккага знаку. Уплыў графікі на вымаўленьне навукоўцы адзначаюць у ангельскай мове, дзе розныя напісаньне й вымаўленьне. Што да беларускае мовы… Тлумачыць Анатоль Клышка.

А.К.: - Што да мяккасьці зычных - мяккі знак тут трэба захаваць. Каб правільнае было вымаўленьне ў дзяцей, яны павінны знак "ь" бачыць зь дзяцінства. Напісаньне дасканаліць культуру маўленьня. Я выразна вымаўляю гукі. Але ў мяне гэта зь дзяцінства, я вырас на гэтым.

Анатолю Клышку знаёмае Радыё Рацыя. Натуральна, мы пацікавіліся ягоным стаўленьнем да таго, што ён чуе.

Г.Ж.: - Мы стараемся пільнавацца менавіта клясычнага беларускага правапісу…

А.К.:- Так, я гэта заўважаю. Я не ўхваляю ўжываньня слоў кшталту "філязофія", "лёгіка", "кляса", мне здаецца, трэба прыняць, як у народзе. Гэтак магло б быць цяпер, каб традыцыя не была перапынена ў 1933 г.

Яшчэ крыху гісторыі. У заходняй, падпольскай, палове Беларусі зьмен беларускага правапісу, зацьверджаных урадам Савецкае Беларусі ў 1933 г., не прынялі. Апрача таго, традыцыі Браніслава Тарашкевіча былі працягнуты беларусамі, якія эмігравалі па другой усясьветнай вайне на Захад: Антонам Адамовічам, Янам Станкевічам, Валянцінаю Пашкевіч.

Абвешчаная ў 1980-я гг. савецкім урадам "галоснасьць" спрычынілася да таго, што некаторыя выданьні пачалі друкавацца "клясычным" правапісам. Адбывалася страшэнная блытаніна, але спроба вяртаньня да ранейшага, гвалтоўна спыненага шляху разьвіцьця беларускае мовы, была зроблена. Прынамсі, мовазнаўцам знайшлося пра што спрачацца.

Гутарым з дырэктарам Інстытуту мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандрам Падлужным.

Г.Ж.:- Як вы думаеце, чаму не адбываецца дыялёгу між прыхільнікамі дзьвюх сыстэм правапісу?

А.П.:- Не адбываецца дыялога таму, што адны - прыхільнікі, а другія - непрыхільнікі! Справа ў тым, што Б.Тарашкевіч сам прызнаваў, што яго правапіс недасканалы. Ён толькі выступаў супраць таго, каб партызанскім спосабам вырашалі гэтае пытанне. Дык вось, цяпер прыхільнікі так званай "тарашкевіцы" - гэтае слова само па сабе вельмі няправільнае, - дзейнічаюць партызанскім спосабам. Вось захацеў В.Вячорка і надрукаваў нейкі правапіс! Узяла нейкая газета, у тым ліку, дарэчы, і Радыё Рацыя, - і прытрымліваецца. Я адчуваю па пытанні - "дыялёг", "наркамаўка" - словы, якія не ўпісваюцца ў структуру беларускай мовы... А што можна парабіць? Пры папушчэнні і поўнай непрыхільнасці да беларускай мовы нашых некаторых кіраўнікоў яны могуць дзейнічаць смела. Скажам, у якой-небудзь Францыі, Бельгіі, Чэхіі, Польшчы ды ў любой іншай краіне яны б і рота не змаглі раскрыць.

- Скажэце, калі ласка, пры якой умове маглі б сабрацца прыхільнікі…

- А мы збіраліся! А мы збіраліся! Устроілі балаган, крыкі, зневажанне і разышліся. Наш Інстытут вёў магнітафонны запіс. Як пачалі пераводзіць на паперу, дык там жудасна аказалася, што напісана. Падзея гэтая была, і збірацца цяпер карысці асаблівай няма.

- Падрыхтаваны быў праект - "Новая рэдакцыя правапісу і пунктуацыі". Што з гэтым праектам?

- Быў такі праект. Ён прайшоў абмеркаванне. Быў разасланы ў арганізацыі Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры, а таксама ў Дзяржаўны камітэт па друку. Атрымалі мы заўваг на гэты праект прыкладна каля трохсот. Цяпер мы ўсе гэтыя заўвагі апрацавалі - яны накіраваны на паляпшэнне правапісу, на ліквідацыю разнабою існуючага цяпер, мы ўлічылі, а часткі, канечне, мы не маглі ўлічыць. І цяпер у нас завяршальная стадыя. Мы плануем, што ў бліжэйшыя месяцы дапрацаваны праект разам з паступіўшымі заўвагамі будзе прапанаваны на абмеркаванне калегіі Міністэрства адукацыі і ў Прэзідыуме акадэміі навук.

У 1990-я гг. асноўную ролю ўва ўпарадкаваньні "новаклясычнага" правапісу адыграў мовазнавец Вінцук Вячорка. Праект новае рэдакцыі "новаклясычнага" правапісу даволі шырока абмяркоўваўся. У сьнежні 1998 г. у Празе адбылася правапісная канфэрэнцыя. Удзельнікі канфэрэнцыі ўхвалілі пераважную бальшыню пунктаў правапіснага збору. Аднак застаўся шэраг дыскусійных пытаньняў. Разьвязаць іх пакліканы зборкі ўпарадкаваньнікаў "новаклясычнага" правапісу, што пэрыядычна ладзіліся летась і пачалі зарганізоўвацца цяпер у Менску.

Вось што мяркуе наконт практычнага выкарыстаньня "новаклясычнага" варыянту беларускага правапісу літаратар Уладзімер Арлоў.

- Найперш я хацеў бы прапанаваць адну цытату. А менавіта цытату з пастановы Савету народных камісараў "Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу" ад 26 жніўня 1933 г.: "З мэтай далейшага разьвіцьця культуры беларускай мовы і поўнага падпарадкаваньня беларускага правапісу задачам выхаваньня працоўных мас у духу пралятарскага інтэрнацыяналізму, Савет Народных Камісараў БССР пастанаўляе ўнесьці ў існуючы правапіс наступныя зьмены…" Ініцыятары й выканаўцы гэтае рэформы, якую я назваў бы рэпрэсаваньнем нашага правапісу, не хавалі сваіх мэтаў. Або іншымі словамі, беларуская мова штучна набліжалася да расейскае і ў пэрспэктыве павінна была зь ёю зьліцца. Я мяркую, што сапраўднае адраджэньне беларускае мовы немагчымае без усталяваньня гістарычнае справядлівасьці. Гэтаксама як мы імкнёмся, каб былі рэгабілітаваны рэпрэсаваныя асобы, гэтаксама мы павінны імкнуцца, каб быў рэгабілітаваны наш правапіс. Я думаю, што можна дыскутаваць наконт артаграфічных, артаэпічных нормаў у дачыненьні да пэўных слоў, але, як мы разумеем, праблема ня ў гэтым. Апошняе, што я хачу сказаць: тыя людзі, якія бароняць так званую "наркамаўку" ад гэтак званых "нацыянал-радыкалаў", тыя людзі нават "наркамаўкаю" ў сваім паўсядзённым жыцьці не карыстаюцца. У лепшым разе - гэта іхная службовая мова й ня болей за тое.

Тым часам, як беларусы спрачаюцца аб правілах беларускага правапісу, беларуская мова й ейныя носьбіты ўсё больш абмяжоўваюцца ў правох. Беларускае слова рэдка пачуеш на вуліцы, яно зьнікае з старонак газэт і з этэру радыё й тэлевізіі. Што трэба, каб беларусы вярнуліся да роднае мовы, пры якіх умовах яны загаварылі б зноў па-беларуску?

Па непрацяглым пэрыядзе гэтак званае "беларусізацыі", з канца 1920-х гадоў, у Савецкай Беларусі вялася мэтанакіраваная работа на выцісканьне мовы карэннага жыхарства краіны з побыту, з усіх дзяржаўных, грамадзкіх і культурніцкіх устаноў. Беларуская мова пры афіцыйным раўнапраўі ўсіх моў Савецкага Саюзу абвяшчалася "калхознаю". Нікіта Хрушчоў у часе сваіх адведзін Менску заявіў быў наступнае: "Чым хутчэй беларусы загавораць па-расейску, тым хутчэй яны збудуюць камунізм".

Такім чынам, да часу ўзыходу на рэспубліканскі пасад Пятра Машэрава ў беларусаў сфармаваўся комплекс непаўнавартасьці. Канчальна забыцца на родную мову мудрыя партыя і ўрад змусілі беларускіх работнікаў і сялян праз закрыцьцё беларускіх школ. Таму, каб загаварыць па-беларуску, нам патрэбна нацыянальная сыстэма адукацыі ў роднай мове - ад дзіцячых садкоў да ўнівэрсытэтаў і Акадэміі навук, - перакананы нашы суайчыньнікі.

- Сын говорит на беларуском, потому что учился в беларуской школе. Если бы были школы на беларуском, так и размаўлялі бы на беларуском.

З досьведу папярэдніх гадоў вынікае яшчэ адна канечная ўмова вяртаньня беларусаў да роднае мовы - папулярнасьць беларушчыны, прыгожае гучаньне мовы з радыёпрыймачоў і тэлевізараў. Каб гаварыць па-беларуску, трэба ўмець гэта рабіць прыгожа. Па-расейску гаварыць ня важна як - гэта мова простая. Такія развагі беларусаў - своеасаблівая формула пераадоленьня комплексу "забітасьці" й "ніжэйшасьці". На пачатку ХХ стагодзьдзя беларуская мова ўспрымалася як простая, звычайная, "мужыцкая". На пачатку новага тысячагодзьдзя ўсё цалкам наадварот.

- Самое главное условие - это популяризация. Надо, чтобы красиво говорили ведущие и на радио, и на телевидении, потому что, как послушаешь, - очень страшно становится от ихнего беларуского языка.

- Если по-беларуски говорить, - нужно говорить хорошо и красиво, потому что это красивый язык. А если лишь бы употреблять слова, смысл которых не очень-то и понимаешь, то я считаю, что лучше говорить по-простому, по-русски.

Зрэшты, калі хочацца гаварыць моваю дзядоў - дык і трэба гаварыць, а не шукаць апраўданьняў. Іншая рэч - калі ў краіне ня створаны варункі для авалоданьня беларускаю моваю, інфармацыйнае поле цалкам зрасейшчанае, а праз гэта дэнацыяналізаваны і думкі, і побыт. Цяпер беларускае мовы ў бальшыні сфэр жыцьця грамадзтва няма - гэткі вынік палітыкі кіраўніцтва краіны за апошняе пяцігодзьдзе.

- А я ўвесь час і так гавару па-беларуску. Калі чалавек захоча, - сам і будзе размаўляць. А ўмоў тут у нас размаўляць, вядома, няма ніякіх. І ўсё залежыць толькі ад самога чалавека.

- Потому что его нету, ни на телевидении, ни в газетах на ней не печатают, ничего. Ее просто у нас нет как таковой. Политика такая в стране у нас.

За ўсіх часоў народ гаварыў моваю ўлады. Мова для пераважнае бальшыні людзей - гэта не сьвятыня, а сродак паразуменьня. Таму, каб найвышэйшыя асобы ў дзяржаве пачалі б гаварыць па-беларуску, за іхным прыкладам да мовы вярнуўся б і паспаліты люд. Беларусы самі мусяць абраць такіх кіраўнікоў, якія вярнулі б ім нацыянальную годнасьць.

- Калі б нашыя беларускія людзі ўразумелі, што гэта наша родная мова, дык я, канечна, пачала б размаўляць на беларускай, толькі на беларускай мове. Аднак, на жаль, гэтага няма.

- Нашы беларусы пачалі б гаварыць на беларускай мове, каб гэта было прэстыжна. Каб наш прэзыдэнт, міністры, чыноўнікі таксама гаварылі на беларускай мове, і каб людзі не саромеліся гаварыць на ёй.

- Разьвіцьцё беларускае мовы й пашырэньне ейнага ўжытку ўва ўсіх сфэрах залежыць вылучна ад дзяржаўнае палітыкі. Такія пытаньні вырашаюцца толькі зьверху. Народ сам ня можа выбраць, якая мова для яго лепей.

З аднаго боку, людзі сьледам за сваімі правадырамі гатовы загаварыць па-беларуску. Зь іншага - дагэтуль няма ўзору, а простым грамадзянам не стае сьмеласьці загаварыць інакш, як па-расейску. Праблема выжываньня змушае нашых суайчыньнікаў да пары забыцца на моўныя праблемы.

Галіна Жарко

Віктар Мухін

Радыё Рацыя