Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У нядзелю ўвечары ў Бэйруце ліванскімі ўладамі быў затрыманы беларускі груз, які накіроўваўся ў Ірак. У грузе, які прыляцеў зь Менску, знаходзіліся шлемы для танкаў, а таксама прылады танкавай бесправадной сувязі. Афіцыйны Менск катэгарычна абвяргае магчымасьць паставак прадуктаў двайнога прызначэньня ў Ірак.

Груз прыбыў ў Бэйрут самалётам зь Беларусі. Ліванскія мытнікі ў нядзелю ўвечары затрымалі груз, западозрыўшы, што ў ім знаходзяцца прадукты двайнога прызначэньня. Зь Бэйруту груз павінен быў сухапутна накіравацца ў Ірак. Пра гэта паведамляе агэнцыя АР са спасылкай на неафіцыйныя ліванскія крыніцы.

Сярод затрыманых у Бэйруце рэчаў - 600 танкавых шлемаў, 240 прыладаў танкавай бесправадной сувязі, а таксама невялікая колькасьць прадуктаў харчаваньня.Высьветлілася, што гэтыя тавары не былі прадэкляраваныя, што дало падставы ліванскім ўладам назваць груз кантрабандным.

МЗС Беларусі катэгарчына абвяргае прыналежнасьць Беларусі да вайсковых паставак ў Ірак. Пра гэта заявіў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

"МЗС Беларусі выключае верагоднасьць паставак тавараў падвойнага прызначэньня ў Ірак. Беларусь жорстка прытрымліваецца агульнапрынятых міжнародных нормаў у гандлі таварамі двайнога прызначэньня",-- сказаў Савіных.

Ён выказаў меркаваньне, што груз, затрыманы ў Бэйруце, мог накіроўвацца транзітам праз Беларусь у Ліван з трэцяй краіны.

" Беларусь безумоўна выконвае ўсе пастановы Рады Бясьпекі ААН , рашэньнем якой былі ўведзеныя меры, якія забаранялі гандль таварамі двайнога прызначэньня з Іракам",-- заявіў Савіных.

У міністэрстве інфармацыі Беларусі адмовіліся даваць камэнтары.

Георгі Асатас, RR

Радыё Рацыя
0058045