Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Такое рашэньне прыняла галоўны рэдактар выданьня С. Балашова, прызначаная нядаўна на гэтую пасаду старшынём ФПБ Л. Козікам. Звольненыя супрацоўнікі "БЧ" расцэньваюць гэты крок як працяг "зачысткі" прафсаюзнага выданьня ад нязручных уладам журналістаў. 14-га студзеня ў офісе БАЖ яны зладзілі прэс-канфэрэнцыю, на якой заклікалі беларускую й міжнародную грамадзкасьць выказаць салідарнасьць зь беспадстаўна звольненымі журналістамі.

Зварот да грамадзкасьці падпісалі шасьцёра звольненых супрацоўнікаў "БЧ": І. Германовіч, якая выконвала абавязкі галоўнага рэдактара выданьня да прызначэньня С.Балашовай, а таксама журналісты А. Дубравін, У. Дзюба, А. Ягораў, С. Юр'еў і А. Хмяльніцкі. Ірыну Германовіч вымусілі напісаць заяву аб звальненьні "па ўласным жаданьні" яшчэ 10-га сьнежня; пасьля яе сыходу астатнім журналістам паведамілі, што з 11-га студзеня іх перавядуць на 0, 25 стаўкі. Нягледзячы на гэта, творчы калектыў не сьпяшаўся звальняцца. Тады, не чакаючы прызначанага тэрміну, С. Балашова выдала загад аб скарчэньні штата "у сувязі са складаным фінансавым становішчам".

Варта зазначыць, што скарочаныя былі толькі журналісцкія стаўкі: увесь тэхінчны пэрсанал па-ранейшаму працуе ў газэце. Такім чынам, з "творчага калектыву" ў выданьні засталася пакуль толькі галоўная рэдактарка С. Балашова. "Яна сказала, што матэрыялы - не праблема: можна, маўляў, узяць з інтэрнэта", - распавяла сабраным І. Германовіч. Па інфармацыі былога адказнага сакратара газэты С. Юр'ева, гэткім жа чынам кіраўніцтва выданьня мерыцца пазбавіцца й ад рэгіянальных аўтараў:

С.Ю.: -Сёньня газэту робяць бадай выключна тэхнічныя супрацоўнікі: тыя ўласныя карэспандэнты, якія працуюць у рэгіёнах, таксама атрымалі папярэджаньне, што з 4-га лютага яны будуць працаваць на палову акладу. Гэта значыць, што журналісты ў рэгіёнах таксама непатрэбныя. Якой будзе газэта - мне цяжка ўявіць...

І. Германовіч, насупраць, доволі ясна ўяўляе сабе, што гэта будзе за выданьне:

І.Г.: - Неяк Л. Козік праз сакратара ФПБ перадаў мне, што, маўляў, у газэце кепскія здымкі, кепскія матэрыялы, суцэльны "нэгатыў"... Я запытала сакратара: "Дык што, па-вашаму, на першай паласе газэты павінны быць здымак кшталту "шчасьлівыя рабочыя атрымліваюць вялікую зарплату?" І пачула ў адказ: "Так"...

Прынамсі адзін з супрацоўнікаў газэты, журналіст А. Дубравін, ужо найбліжэйшым часам зьбіраецца падаць у суд на дзеяньні галоўнага рэдактара. Пасьля таго, як ён адмовіўся звольніцца па ўласным жаданьні, С. Балашова 19-га сьнежня выдала загад аб ягоным звальненьні за "непрадастаўленьне працоўнай кніжкі". (Прычым, датаю звальненьня было названае 29-га лістапада). Гаворыць А. Дубравін:

А.Д.: - У Працоўным кодэксе ёсьць артыкул 43, дзе пералічаныя ўсе магчымыя прычыны звальненьня, і такой там няма... Калі я сказаў Балашовай, што буду падаваць у суд, яна сказала: "Ты нічога ня выйграеш, таму што судзіліся вашыя журналісты, і нічога ня высудзілі"...

Адной з прычынаў звальненьня творчага калектыву, на думку журналіста У. Дзюбы, стала супрацоўніцтва зь недзяржаўнымі мэдыямі: А. Дубравін, да прыкладу, раней працаваў у "Нашай свабодзе", А. Хмяльніцкі працуе на Радыё Рацыя, сам У. Дзюба - у Беларускай Асацыяцыі Журналістаў.

У.Д.: - Людзі, які займаюцца ідэалёгіяй, прывыклі дзяліць журналістаў на "сваіх" і "чужых". Яны ўбачылі, што людзі, якія працавалі ў "Беларускім часе", ня будуць абслугоўваюць уладу й пісаць на замову, і тады пачаўся ціск на супрацоўнікаў рэдакцыі.

"Ідзе поўная зачыстка прафсаюзнага поля", - так пракамэнтаваў звальненьне супрацоўнікаў "БЧ" журналіст Аляксандар Ягораў.

А.Я.: - Далей гэтая газэта ў такім выглядзе, як выйшаў чарговы нумар (дзе йдзе суцэльнае любаваньне Л. Козіка самым сабой), не данясе да сябраў прафсаюзаў ніякае інфармацыі пра рэальны стан справаў у прафсаюзах. Газэта будзе шырмай, якая будзе закрываць ад рабочых рэальную сытуацыю. І ўсё, на мой погляд, ідзе да прэзыдэнцкіх выбараў...

"Мы зьвяртаемся да беларускай і міжнароднай грамадзкасьці, а таксама да чытачоў газэты "Беларускі час" з заклікам праявіць салідарнасьць і падтрымку беспадстаўна звольненым журналістам прафсаюзнай газэты", - гаворыцца ў распаўсюджаным 14-га студзеня звароце. Яго аўтары заклікаюць накіроўваць лісты пратэсту цяперашняму кіраўніку ФПБ Л. Козіку на адрас: 220126. г. Менск, 21. Тэл: 223-89-88, факс: 223-89-93.

Ужо 14-га студзеня на прэс-канфэрэнцыі на заклік калегаў адгукнуўся галоўны рэдактар "Народнай волі" І. Сярэдзіч, прапанаваўшы звольненым журналістам працу ў сваёй газэце. Тыя зь іх, хто ня быў сябрам Беларускай Асацыяцыі Журналістаў, найбліжэйшым часам уступяць у яе шэрагі.

Даведка Рацыі:

Галоўнага рэдактара "БЧ" А. Старыкевіча звольнілі з гэтае пасады амаль адразу ж пасьля прыходу да ўлады ў ФПБ Л. Козіка. Каля чатырох месяцаў крэсла кіраўніка рэдакцыі "Беларускага часу" было пустым: цягам гэтага часу абавязкі галоўнага рэдактара выконвала Ірына Германовіч, якая раней была намесьніцай А.Старыкевіча. Калектыў газэты хацеў бачыць яе ў якасьці галоўнага рэдактара "БЧ", аднак Л. Козік зрабіў свой выбар: 27-га лістапада новым рэдактарам "Беларускага часу" была прызначаная Сьвятлана Балашова. (Дагэтуль яна працавала намесьніцай галоўнага рэдактара тыднёвіка "7 дней", а таксама намесьніцай дырэктара Дырэкцыі грамадзка-палітычнага вяшчаньня Белтэлерадыёкампаніі). На першай сустрэчы з рэдакцыйным калектывам яна заявіла, што кардынальных зьменаў у палітыцы газэты рабіць ня будзе. Спн. Балашова паабяцала захаваць прыярытэтнасьць сацыяльных тэмаў у выданьні й абмежаваць прысутнасьць палітыкі.

Вольга Бабаk

Радыё Рацыя
0058648