Барыс ПРАКОПЧЫК,

Як абараніць канкрэтны помнік гісторыі і культуры: пікетамі альбо эфектыўнымі мерамі юрыдычнай адказнасці?

2011-ы аб'яўлены на тэрыторыі СНД годам культурнай спадчыны. І менавіта наш зямляк Ігар МАРТЫНЕНКА па даручэнні Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва СНД цяпер працуе над падручнікам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Мяркуецца, што ён будзе выдадзены ў наступным годзе ў Маскве для будучых юрыстаў і студэнтаў іншых гуманітарных спецыяльнасцяў з усіх постсавецкіх краін.

— Цяжка паверыць, але факт: юрыдычныя аспекты аховы гісторыка-культурнай спадчыны сёння сістэмна не вывучаюцца ні па адной спецыяльнасці. Па гэтай прычыне работнікі органаў аховы помнікаў і праваахоўных структур не ведаюць у поўным аб'ёме нюансаў прававога рэгулявання ў гэтай сферы. Мо адсюль і нізкая эфектыўнасць працы? — тлумачыць мэту стварэння гэтай вучэбнай праграмы Ігар Мартыненка. — У кампетэнтныя органы краін СНД і Балтыі накіравана 370 запытаў аб прымяненні заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Аналітычная праца ў гэтай сферы ў такім маштабе на постсавецкай прасторы раней не праводзілася.

Што ж датычыцца непасрэдна беларускіх рэалій у сферы гісторыка-культурнай спадчыны, то некаторыя ключавыя праблемы, на думку Ігара Мартыненкі, наступныя.

Што ахоўваць і абараняць?

— На жаль, дзяржаўны ўлік гісторыка-культурных помнікаў далёкі ад дасканаласці. Для таго, каб арганізаваць дзяржаўную ахову, трэба дакладна ведаць, што ахоўваць і абараняць. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь павінен быць абсалютна даступны кожнаму — і спецыялісту, і журналісту, і любому іншаму грамадзяніну.

Што ж маем цяпер? Спісы помнікаў былі надрукаваныя ў 1990 годзе пры дапамозе добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, потым з'явіўся іх электронны варыянт, а летась убачыла свет даведачнае выданне "Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь". Аднак... У тым жа годзе рашэннем урада былі ўнесены змяненні ў дачыненні да 48 аб'ектаў. А сёлета зменены характарыстыкі яшчэ 26 гісторыка-культурных каштоўнасцяў і праяўленняў чалавечай творчасці, прынятыя на ўлік больш за 80 новых помнікаў. У выніку прыгожым на выгляд даведнікам можна карыстацца, толькі адначасова трымаючы ў руках пастановы Саўміна. Наколькі гэта зручна — пытанне рытарычнае.

Пры гэтым, на мой погляд, дзяржаўныя спісы асабліва каштоўных гісторыка-культурных аб'ектаў павінны зацвярджацца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, а помнікаў рэспубліканскага значэння — урадам.

Як ахоўваць і абараняць?

— Злачынствы супраць гісторыка-культурнай спадчыны не выяўляюцца, меры юрыдычнай адказнасці фактычна не прымяняюцца. За апошнія дзесяць гадоў у Беларусі не прад'яўлена ніводнага іску (?!) аб кампенсацыі страт, прычыненых канкрэтнаму помніку гісторыі і культуры, архітэктуры і горадабудаўніцтва, археалогіі. Хоць Закон (арт. 934 Грамадзянскага кодэкса) дазваляе нават папярэдзіць правапарушэнне: у судовым парадку можна патрабаваць спынення (прыпынення) дзейнасці, якая стварае пагрозу існавання гісторыка-культурнай каштоўнасці. Інакш кажучы, не трэба наладжваць пікеты каля гістарычнага будынка, які зносіцца бульдозерам, альбо помніка археалогіі, што разбураецца ў сувязі з будаўніцтвам дарогі. Упаўнаважаныя дзяржаўныя органы не проста маюць права, а ў большасці выпадкаў абавязаныя прад'явіць у суд іск аб спыненні такой дзейнасці. Але дзе такія іскі? А парушэнні закона ў гэтай сферы працягваюцца.

Працягваецца і варварства "чорных археолагаў". Вучоныя-гісторыкі даўно б'юць трывогу. І што ж? Сёння любы чалавек можа свабодна набыць металашукальнік і гэтак жа свабодна ім карыстацца. Адпаведная інфармацыя змешчана ў інтэрнэце. Таму нелегальныя археалагічныя раскопкі, як і раскопкі вайсковых пахаванняў, трэба кваліфікаваць як крымінальнае злачынства. Санкцыя павінна прадугледжваць канфіскацыю прадметаў, знойдзеных падчас незаконных раскопак, а таксама выкарыстанага пры гэтым абсталявання.

На заканадаўчым узроўні неабходна арганізаваць і барацьбу з інтэрнэт-рэсурсамі, якія прапагандуюць злачынныя формы скарбашукальніцтва. Прапаную ўнесці адпаведныя змяненні ў сумесную пастанову аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі аб парадку абмежавання доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг да інфармацыі, забароненай да распаўсюджвання ў адпаведнасці з заканадаўствам. У выніку Міністэрства ўнутраных спраў зможа падрыхтаваць спіс сайтаў, якія ўтрымліваюць звесткі аб незаконным продажы прадметаў старажытнасці з археалагічных помнікаў.

Дарэчы, у нас няма закона па рэгуляванні аховы і выкарыстання археалагічнай спадчыны. Цяжка патлумачыць гэта нейкімі прычынамі, але факт застаецца фактам: прававы вакуум запаўняецца ведамаснымі інструкцыямі. У 1995-2006 гадах вытворчасць археалагічных даследаванняў рэгламентавалася ведамаснай "Інструкцыяй да дазволаў на выкананне археалагічных разведак і раскопак", якая была прынята на агульным сходзе Інстытута гісторыі НАН Беларусі і не з'яўлялася нарматыўна-прававым актам. Часткова запоўніўшы прававы прабел, што ўтварыўся пасля спынення дзеяння нарматыўных дакументаў СССР, гэтая інструкцыя рэгулявала працэдуру атрымання дазволаў на такую працу. Цяпер дзейнічае новая інструкцыя, зацверджаная 12 мая 2006 года бюро Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аднак яна не зарэгістраваная ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь. Не з'яўляецца нарматыўным прававым актам і "Інструкцыя аб складзе, парадку распрацоўкі і зацвярджэння праектаў зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў", зацверджаная пастановай Міністэрства культуры ад 21 мая 2007 года.

Мяркую таксама, што Беларусі варта далучыцца да Канвенцыі ЮНЕСКА "Аб ахове падводнай культурнай спадчыны", да якой належаць гідраархеалагічныя помнікі. Аднак летась адзін адказны беларускі работнік, апаніруючы такой прапанове, заявіў, што "... Беларусь — не Грэцыя і не Крым". Каментарыі, як гаворыцца, залішнія.

А хіба ж не трэба ўстанавіць крымінальную адказнасць (у якасці самастойнага саставу злачынства) за крадзёж прадметаў і дакументаў, якія маюць асаблівую гістарычную, мастацкую, навуковую і іншую культурную каштоўнасць, як гэта зроблена ў большасці краін СНД? Пакуль жа, згодна з беларускім заканадаўствам, крадзеж абраза альбо старажытнага рукапісу па сутнасці нічым не адрозніваецца ад крадзяжу электрычнага чайніка, мера адказнасці залежыць толькі ад ацэначнага кошту.

Мэтазгодна змяніць (павялічыць) тэрміны даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці за злачынствы, здзейсненыя ў дачыненні да прынятых на дзяржаўны ўлік гісторыка-культурных каштоўнасцяў. І тады асобы, вінаватыя ў зносе помніка ў розных завуаляваных формах (напрыклад, пад выглядам рэстаўрацыі), і тыя, хто ім садзейнічаў — у тым ліку работнікі кантралюючых органаў, — яшчэ доўга не змогуць спаць спакойна.

Якім павінен быць кантроль?

— Лічу, што ўжо даўно наспела неабходнасць аптымізацыі арганізацыйнай структуры органаў аховы помнікаў шляхам стварэння самастойнай дзяржаўнай інспекцыі па ахове і аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны, якая б падпарадкоўвалася непасрэдна Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь альбо ўраду і мела ў сваім складзе раённых ці міжрэгіянальных інспектараў з падпарадкаваннем толькі па вертыкалі.

Цяпер грамадскі кантроль ажыццяўляецца на падставе ўзгодненага з Міністэрствам культуры штогадовага плана, дзе адлюстроўваюцца аб'екты кантролю і пералік пытанняў, што падлягаюць разгляду на пасяджэнні камісіі. Гэта, дарэчы, прадугледжана п.14 Палажэння аб парадку ажыццяўлення грамадскімі аб'яднаннямі грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, зацверджанага пастановай Саўміна ад 22 кастрычніка 2008 года. У выніку ствараюцца рэальныя перадумовы для кіравання дзейнасцю па ажыццяўленні грамадскага кантролю.

На мой погляд, у нашых агульных інтарэсах стварыць такую сістэму, каб грамадскія аб'яднанні ўдзельнічалі ў абмеркаванні і распрацоўцы ўсіх ініцыятыў у сферы гісторыка-культурнай спадчыны, выступалі з уласнымі прапановамі па ўдасканаленні заканадаўства.
-44%
-30%
-10%
-15%
-10%
-30%
-10%
-55%
-10%
0066771