Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Замест 3,5 млн кв. м трэба будзе ўвесьці ў эксплюатацыю 2.750.000 кв. м. Прычым амаль 2/3, альбо 64%, жытла пабудуюць за кошт сродкаў насельніцтва. Гэта ў 1,5 раза больш, чымся летась.

Сёлетні дзяржплян будаўнітва жытла выглядае наступным чынам: 1.752.000 кв. м павінна быць пабудавана за сродкі насельніцтва, 399.000 - за кошт бюджэту ды субсыдыяў, 369.000 кв. м фінансуюцца з крэдытных рэсурсаў і 230.000 кв. м - за прадпрыемствамі ды арганізацыямі. Самае істотнае, што ўдвая зьнізіцца ўдзельная вага жытла, якое будзе пабудаванае за крэдытныя рэсурсы (зьніжэньне з 27% да 13,5%), а ўтрая зьмяншыцца доля жытла, будаўніцтва якога мусяць фінансаваць прадпрыемствы ды арганізацыі (з 29% да 8,5%).

Разам з тым дзяржава хоча павялічыць у 3 разы аб'ём будаўніцтва жытла, што павінна фінансавацца зь бюджэту ды субсыдыяў. Узрастае ў паўтара раза, як мы ўжо казалі, вага жытла, за якое будзе плаціць само насельніцтва.

Усяго ў 2001 г. на будаўніцтва жытла плянуецца накіраваць 698.941 млн руб., ці - у пераліку па наяўным афіцыйным курсе - $587 млн. Больш за 384 млрд руб. (55%) - сродкі насельніцтва. 143,5 млрд - сродкі зь бюджэту ды субсыдыі. 110 млрд - ільготныя крэдыты. Больш за 61 млрд - грошы прадпрыемстваў ды арганізацыяў. Такім чынам, дзяржава вельмі спадзяецца на тое, што насельніцтва будзе сёлета больш ахвотна укладаць грошы ў жытло. Магчыма, гэтыя спадзяваньні грунтуюцца на тым, што, па прагнозах кіраўніцтва краіны, у 2001 г. штомесячны прыбытак сярэднестатыстычнага беларуса павінен складаць $100.

Савет Міністраў абавязаў аблвыканкамы, Менскі Гарвыканкам, міністэрствы ды іншыя органы дзяржкіраваньня, падпарадкаваныя ўраду, "забясьпечыць безумоўнае выкананьне даведзеных заданьняў". Адначасова Саўмін даручыў аблвыканкамам і Менгарвыканкамам "распрацаваць комплекс мерапрыемстваў" дзеля выкананьня дадатковага заданьня ўвесьці жытло ў аб'ёме 250.000 кв. м. Адпаведнае распараджэньне даў А.Лукашэнка. Мясцовым органам улады прапаноўваецца адшукаць дадатковыя сродкі на ўвядзеньне жылых плошчаў, будаўніцтва якіх пачалося за кошт выдзеленых грамадзянам ільготных крэдытаў, а таксама плошчаў, якія ўводзяцца на вёсцы.

Юлія Шарова

Радыё Рацыя