Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У асабліва цяжкіх варунках разьвіваюцца рэгіянальныя незалежныя выданьні. Пагатоў складана існаваць беларускамоўнай прэсе ў правінцыі, у прыватнасьці на Гомельшчыне.

Беларускія газэты, нават тыя, што выходзілі да распаду савецкае дзяржавы па-беларуску, цяпер усё часьцей пераходзяць на дзьве мовы, а фактычна - на адну, расейскую. Гомель - гэта найбольш зрусыфікаванае места краіны. У горадзе не выдаюцца незалежныя мясцовыя газэты. Беларуская мова ў прэсе сустракаецца ўмё радзей. Па-беларуску выходзяць толькі маланакладныя, пераважна моладзевыя выданьні. Расказваюць Сяргей Адзінец, намесьнік старшыні моладзевага цэнтру "Гарт", і Югася Каляда, супрацоўніца гомельскіх самвыдавецкіх пэрыёдыкаў:

С.А.: - Сярод дзяржаўных выданьняў на Гомельшчыне беларускамоўных няма зусім, сярод незалежных, у прынцыпе, таксама. Роля беларускамоўных выданьняў досыць нізкая. Іх яшчэ чакае будучыня, яны толькі пачынаюць разьвівацца. Беларускамоўныя выданьні цяпер - гэта выданьні да 299 асобнікаў, гэта моладзевыя выданьні, што ня маюць ані рэгістрацыі, ані нейкіх матэрыяльных рэсурсаў.

Ю.К.: - Незалежныя выданьні Гомля й Гомельшчыны разнастайнасьцяй тэматыкі не вылучаюцца. Асобна можна згадаць толькі пра "Аксамітны жах", газэту, што выходзіць з 1994 г., і газэту для нефармальнае моладзі "Underground". Менавіта "Аксамітны жах" і "Underground" маюць пэрспэктывы разьвіцьця, у адрозьненьне ад іншых. Цалкам магчыма, што гэтыя газэты ў найбліжэйшай будучыні будуць зарэгістраваныя.

Моладзевы беларускамоўны друк, хаця й ня мае шырокай аўдыторыі, цалкам незалежны як ад улады, гэтак і ад ейных апанэнтаў. Газэты кшталту "Аксамітнага жаху" й "Undergroundu" пішуць аб року, фальклёры, паэзіі ды праблемах грамадзтва - аб тым, што турбуе новае пакаленьне.

Чаму, калі можна пісаць пра гэта "общепонятным языком", гомельскія маладыя журналісты робяць свае выданьні па-беларуску? Што змушае хлопцаў і дзяўчат мяняць вуліцу на цесныя рэдакцыйныя пакойчыкі? Тлумачаць Сяргей Адзінец і Югася Каляда:

С.А.: - З аднаго боку, гэта нібы форма пратэсту супраць тэй сытуацыі, у якой апынулася наша грамадзтва, калі дзяржава нэгатыўна ставіцца да ўсяго беларускага. Зь іншага боку, гэта павага да свае культуры, гэта нацыянальнае пачуцьцё, патрыятызм.

Ю.К.: - Я магу камянямі пакідаць у міліцыю, а магу газэтку выдаць, - тут самі мяркуйце, што лепей і што мае большую карысьць.

На каго зарыентаваныя нешматлікія беларускамоўныя газэткі й ці мае сэнс іх выдаваць? Ці ня марная гэта праца ў варунках татальнага панаваньня расейскіх сродкаў масавай інфармацыі? Сяргей Адзінец не сумняецца ў плённасьці выданьня невялікіх газэтаў.

С.А.: - Уплыў пакуль невялікі, але ёсьць спадзяваньне, што ён будзе значна шырэйшы ў будучыні, бо гэтыя выданьні асабіста мне падаюцца пэрспэктыўнымі.

Гомельскія моладзевыя газэты ў пэрспэктыве маюць усе шанцы стацца папулярнымі выданьнямі. Гэта залежыць ад стаўленьня будучага беларускага кіраўніцтва да ўсяго беларускага. Беларускай моладзі, у тым ліку й гомельская, застанецца чытаць або пра сябе па-беларуску, або пра чужыя забавы па-чужынску.

Віктар Мухін

Радыё Рацыя
,