Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


11 студзеня прайшла прэс-канфэрэнцыя С.Посахава, аднаго з арганізатараў пралукашэнкаўскае выбарчае кааліцыі - Каардынацыйнае Рады Кіраўнікоў Палітычных Партыяў і Грамадзкіх Аб'яднаньняў.

Пад час прэсавай канфэрэнцыі Сяргей Посахаў паведаміў, што 18-га сакавіка адбудзецца чарговы Ўсебеларускі Сход. Нагадаю, што аналягічнае мерапрыемства ладзілася перад сумнавядомым рэфэрэндумам 1996 г. Паводле Посахава, у часе Сходу Лукашэнка зробіць справаздачу пра сваю дзейнасьць на пасадзе прэзыдэнта. Удзельнікі Сходу, таксама перададуць прэзыдэнту пажаданьні выбарнікаў і гэтакім чынам дапамогуць Лукашэнку сфармуляваць перадвыбарчую кампанію.

Далей С.Посахаў выказаўся вельмі красамоўна: "Сьцьвярджаюць, што народ патрэбны толькі ад выбараў да выбараў. У Беларусі гэта не так". Відавочна Посахаў лічыць, што аднаго Ўсебеларускага Сходу будзе не дастаткова. У якасьці памочніка прэзыдэнта ён займаецца палітычнымі партыямі й грамадзкімі аб'яднаньнямі. Таму, хучэй за ўсё, ідэя стварыць Каардынацыйную Раду Кіраўнікоў Палітычных Партыяў і Грамадзкіх Аб'яднаньняў належала менавіта яму.

Адна з галоўных задачаў Рады - падтрымка сацыяльна-эканамічнага курсу Лукашэнкі. Па словах Посахава, Рада не зьяўляецца перадвыбарчым штабам Лукашэнкі. Натуральна, перадвыбарчы штаб ня можа быць такім вялікім, тым больш што ў Раду ўвайшлі палітыкі, якія падтрымліваюць палітыку Лукашэнкі, аднак яны не зьяўляюцца адмыслоўцамі ў перадвыбарчай кампаніі.

Мяркую, роля Рады - ствараць ілюзію грамадзкае падтрымкі Лукашэнкі. Новыя захады ўлады перад прэзыдэнскімі выбарамі дэманструюць, што роўных умоваў пад час выбарчай кампаніі ня будзе. Правядзеньне Ўсебеларускага Сходу й стварэньне грамадзкай падтрымкі на дзяржаўным ўзроўні можа паставіць іншых кандыдатаў у вельмі невыгодныя ўмовы.

Аліна Ісакоўская

Радыё Рацыя