Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Чарговы навагодні "падарунак" рыхтуе Міністэрства эканомікі Беларусі й жыльлёва-камунальная гаспадарка сваім грамадзянам. Праўда, насельніцтва Беларусі пра гэта пакуль, магчыма, і не здагадваецца - атрымае яго крыху пазьней. Дакладна пасьля навагодніх сьвятаў, а магчыма, і нават пасьля праваслаўнага Раства. Бо так званыя квіткі - жыроўкі за аплату кватэры сталі зьяўляцца ў паштовых скрынях жыльцоў не напрыканцы месяца, а значна пазьней. ЖЭСы не пасьпяваюць рабіць пераразьлікі...

З 20 сьнежня тарыфы за ацяпленьне й гарачае водазабесьпячэньне будуць павышаныя ў 1,25 раза, за халодную ваду й каналізацыю прыдзецца плаціць у паўтара раза больш. Такую Пастанову прыняло Міністэрства эканомікі яшчэ ў мінулую пятніцу, 13 сьнежня.

Мінэканомікі давялося тэрмінова адмяняць ужо раней прынятую Пастанову аб чарговым падвышэньні тарыфаў на электраэнэргію. Замест заплянаваных з 1 лістапада новых тарыфаў памеру 32,3 руб. за 1 кілават-гадзіну для гарадзкіх жыхароў-карыстальнікаў газавых кухонных пліт, і 23,5 руб. для тых, у каго ў карыстаньні электрапліты, будзе плаціць гарадзкое й сельскае насельніцтва адпаведна 47,2 і 34,3 рублі. У выніку кошт электраэнэргіі толькі ў лістападзе падняўся больш чым на 57 адсоткаў, а газу - на 63 адсоткі. А вось цяпер яшчэ й сьнежаньскі падарунак на ацяпленьне й водазабесьпячэньне з каналізацыяй...

Пры чарговым павышэньні тарыфаў на камунальныя паслугі беларускага абываталя суцяшаюць тым, што, маўляў, у суседніх Украіне, Літве, Польшчы насельніцтва цалкам аплачвае квартплату, газ, электрычнасьць, і там цэны яшчэ вышэй. А ў Беларусі мы - бачыце! - плацім значна меней за сабекошт: наша гуманная дзяржава працягвае браць цяжар па аплаце камунальных паслугаў, транспарту на сябе.

Экспэрты Міністэрства эканомікі сьцьвярджаюць, што летам 2002 году беларусы аплачвалі камунальныя паслугі толькі на 36 адсоткаў ад сабекошту, але меркавалася, што да канца году гэтая доля ўзрасьце да 40%. Лістападаўскае ж падвышэньне тарыфаў на газ і электрычнасьць не было заплянаваным. Сьнежаньскае - таксама. Тлумачацца яны ростам цэнаў за газ, якія Беларусь купляе ў Расеі. Калі раней тысяча кубамэтраў газу каштавала прыкладна 24 даляры, то цяпер цана падскочыла да амаль 40 даляраў за тысячу кубічных мэтраў. Так што з такім ростам коштаў вельмі хутка мы, як дагналі, так і выперадзім усіх астатніх.

Яшчэ да лістападаўскага падвышэньня платы за камунальныя паслугі, паводле інфармацыі Міждзяржаўнага статыстычнага камітэту СНД, было відавочна: квартплата ў Беларусі падрастае хутчэй, чым у іншых краінах СНД. Кошт электраэнэргіі павялічыўся на 56,3%, у Расеі, пры тым, - на 32,6%, у Малдове - на 2,5%, а ў Азэрбайджане, Армэніі, Грузіі, Таджыкістане не зьмяняўся наагул. Ацяпленьне ў Беларусі падаражэла на 232% (амаль у два з паловай разы!), у Расеі на 41%, у Малдове на 7,5%, а ў Кыргызстане нават зьнізілася на 10%. Кошт газу ў Беларусі ўзрос з улікам лістападаўскага падаражэньня амаль у 4 разы, у Расеі - на 35%, а ў Малдове, між тым, зьнізіўся на 1,3%.

Але як адужаць насельніцтву, асабліва пэнсіянэрам, такі імклівы рост тарыфаў і цэнаў? Заробная плата, і тым больш - пэнсіі, не ўздымаюцца такімі тэмпамі. Сярэднемесячная пэнсія па ўзросце ў Беларусі - 82 тысячы рублёў. Гэта складае 66% ад мінімальнага спажывецкага бюджэту. А калі прыдзецца як мінімум палову гэтай пэнсіі аддаць за двухпакаёвую "хрушчоўку", ня хопіць нават на кефір з хлебам. Пры гэтым, з падвышэньнем тарыфаў, цяплей у нашых кватэрах ня робіцца.

Радыё Рацыя