Яўген Валошын,

Апрацаванае опіем насенне маку прадаецца прама на папулярных рынках. У гэтым, правёўшы сваё журналісцкае расследаванне, упэўніўся журналіст "Звязды".

Ці прадаецца самы папулярны ў Беларусі наркотык на кожным кроку?>>>

"Чаму такое дапускаецца?" — звярнуліся мы да кампетэнтных чыноўнікаў. Аказалася, у некаторых ведамствах таксама б'юць трывогу: "Бубкі" — самы "брудны" і самы папулярны ў Беларусі ін'екцыйны наркотык.

Але наша заканадаўства пакуль працуе так, што праваахоўнікі папросту не могуць пакараць наркагандляроў.

70% беларускіх наркаспажыўцоў — "бубачнікі". Такую лічбу журналісту "Звязды" паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя (звесткі за 2009 год). Пры гэтым уздзеянне апіоідаў, якія вылучаюцца з "бубак", можа прывесці да гібелі.

Так выглядаюць паўлегальныя
Так выглядаюць паўлегальныя "бубкі".

— Самы страшны эфект — гэта смерць з-за спынення дыхання. Менавіта так паміраюць у перадазіроўцы, — папярэджвае Алег АЙЗБЕРГ, дацэнт кафедры псіхіятрыі і наркалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. — Небяспечны і ўплыў хімічных рэчываў, якія выкарыстоўваюцца падчас прыгатавання наркатычнага раствору, на печань, ныркі і іншыя органы. Раствор утрымлівае апіоіды (кадэін, марфін, монаацэцілмарфін), якія выклікаюць залежнасць, аналагічную гераінавай. Залежнасць абумоўленая моцнай цягай да спажывання наркотыку, фізічным і псіхічным дыскамфортам, калі спрабуеш кінуць.

Пасля змен у дзяржаўным стандарце, што здарылася гэтым летам, людзям стала цяжэй знаходзіць наркотык, яны пачалі часцей звяртацца па медыцынскую дапамогу. Усё больш і больш людзей прыходзяць, каб зняць ломку, некаторыя звяртаюцца ў рэабілітацыйныя цэнтры, каб назаўсёды пазбавіцца ад наркатычнай залежнасці.

Спадзяёмся, што ў бліжэйшы час мы зможам ахапіць назіраннем усё большую колькасць наркаспажыўцоў і прапанаваць ім лячэнне.

— Падчас падрыхтоўкі матэрыялу я ўпэўніўся, што "бубкі" па-ранейшаму прадаюцца. І на рынках, і праз наркагандляроў...


— Ніякая мера не прыводзіць да абсалютнага эфекту. Гандаль на рынку забаронены, цяпер справа за кантралёрамі, якія павінны не дазваляць прадаваць і караць парушальнікаў. Але гэтым павінны займацца не мы. Наша справа лячыць. Мы — не змагары, а медыкі.

МУС: "Як вырашыць праблему, мы ведалі з самага пачатку, але... нашы меры не прайшлі"

Калі гутарка заводзіцца пра гандаль "бубкамі", то абывацель звычайна ва ўсім вінаваціць міліцыю. "Яны павінны штодня класці тварам у асфальт барыг (наркагандляроў — "Звязда"), а замест гэтага дазваляюць такое бяспраўе", — не раз чуў я ад зацікаўленых грамадзян, абмяркоўваючы з імі праблему.

Але ў Міністэрстве ўнутраных спраў хавацца ад журналіста не сталі. Аказалася, тут выдатна разумеюць праблему і ведаюць, як яе вырашыць.

У МУС патлумачылі, што паставіць заслон "бубкам" было магчыма яшчэ ў сярэдзіне 2000-х. Але па гэтым пытанні ўзніклі непаразуменні з іншымі зацікаўленымі ведамствамі.

— Гэта праблема сапраўды сур'ёзная і адна з прыярытэтных. Калі рэгулярна ўжываць опій, саматужна выраблены з насення маку, тэрмін жыцця такога наркамана — ад двух да пяці гадоў, — распавядае Дзмітрый МЯДЗВЕДЗЕЎ, оперупаўнаважаны па асабліва важных справах упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі. — Першая інфармацыя пра "бубкі" з'явілася з канца 2004 года. Мы адразу ж пачалі гучна заяўляць пра праблему, звярталіся ў разнастайныя органы ўлады. Ёсць думка, што калі справа звязана з наркотыкамі, то вырашыць яе здольныя толькі ў міліцыі. На жаль, гэта не так, гэта агульная праблема. Шэраг органаў павінен быць зацікаўлены ў яе вырашэнні. Не ведаю, чаму так доўга нашы прапановы не маглі пачуць, але толькі з гэтага года мы дабіліся станоўчых змен. Не сакрэт, што насеннем маку гандлявалі на рынках, на вагу. Нават мяхамі закуплялі для далейшай рэалізацыі. Як вы ведаеце, з 26 ліпеня гэтага года ўступілі ў сілу новыя правілы гандлю макам. Сёння па законе прадаваць насенне можна толькі ў пакетах, вага якіх павінна быць не большай за 200 грамаў. Мак павінен быць расфасаваны афіцыйнымі вытворцамі або юрыдычнымі асобамі, якія маюць сертыфікат адпаведнасці на серыйную вытворчасць. Такім чынам мы паспрабавалі абмежаваць распаўсюджанне маку і далейшае яго выкарыстанне для прыгатавання наркотыку.

— Дзмітрый Анатольевіч, тым не менш наркатычнае насенне маку па-ранейшаму прадаецца. Гэтых мераў недастаткова.

— Я хачу патлумачыць, што само насенне маку не ўнесена ў рэспубліканскі пералік наркатычных сродкаў. Іх абарот не забаронены. Пераносіць насенне, гандляваць ім магчыма, крымінальнай адказнасці за гэта не прадугледжана.

Праведзеныя даследаванні паказалі, што само насенне маку ўтрымлівае алкалоіды опію ў мізэрнай колькасці, як, напрыклад, трава, лісце, ягады. Наркатычнага эфекту дасягнуць нельга. Але гэтае насенне апрацоўваюць опіем альбо дадаюць у яго макавую саломку. Знешне насенне чыстае, але падчас "варкі" опій выцягваецца, аддзяляецца ад вады шляхам экстракцыі і выкарыстоўваецца.

— Атрымліваецца, што з "бубак" вырабляюць страшны наркотык, а барыгам пагражае ўсяго толькі адміністрацыйная адказнасць. У гэты ж час яны рэальна дапамаглі пасадзіць на іголку многіх нашых суайчыннікаў...

— З самага пачатку, калі мы даведаліся пра "бубкі", падымалася пытанне, каб увогуле забараніць продаж насення маку. Пакінуць дазвол на гэта мы прапаноўвалі толькі Дэпартаменту па хлебабулачных вырабах Міністэрства сельскай гаспадаркі. Яны маюць канкрэтных пастаўшчыкоў, якія, у сваю чаргу, прывозяць вельмі "чысты" харчовы мак. Але прапанова не прайшла...

Чаму меры па абароне Беларусі ад "бубак" не прайшлі і якія чыноўнікі паставілі міліцыянерам палкі ў колы, Дзмітрый Мядзведзеў не паведаміў: "Гэта, на жаль, мне невядома".

Што спрыяе "бубачнай" наркаманіі?

Асобнай структуры па наркакантролі ў нас няма, хоць такія спецыяльныя падраздзяленні даўно створаныя ў суседніх краінах. А ў МУС ёсць толькі ўпраўленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі. Структура па ўсёй краіне налічвае ўсяго каля 400 чалавек. З іх — толькі каля 270 змагаюцца непасрэдна з наркотыкамі. Як разумееце, барыг і наркаспажыўцоў у сотні разоў болей.

Пра беларускае заканадаўства асобная гутарка. Маку завозіцца ў краіну колькі хочаш — з Чэхіі, Польшчы, Расіі, Украіны. Прытым на ўвоз насення не трэба ніякіх спецыяльных ліцэнзій. Дазваляе від дзейнасці — вазі колькі хочаш, хоць "бубкі", хоць мак харчовы.

За шэсць гадоў, пакуль наркабароны садзяць на іголку беларускую моладзь з дапамогай "бубак", ніводзін такі пастаўшчык не быў арыштаваны. Акрамя таго, аб'ёмы паставак наркатычных "бубак" невядомыя, пра гэта можна толькі здагадвацца.

У МУС спрабавалі завесці некалькі крымінальных спраў за кантрабанду "бубак". Але заканадаўства пакуль працуе так, што даказаць злачынства амаль немагчыма. Крымінальныя справы збіраюцца прыпыніць.

Усе ведаюць, што насенне маку выкарыстоўваецца як капсула для пастаўкі опію, што кілаграм нармальнага харчовага маку не можа каштаваць 120.000, 150.000 і 200.000 беларускіх рублёў. Але прызнаваць такое насенне наркотыкам не спяшаюцца.

Я звяртаўся ў разнастайныя ведамствы, якія маюць дачыненне да рынкаў, да паставак "маку". І паўсюль кажуць, што пра праблему "бубак" нічога не чулі.

У гэты ж час наркотык, як ужо пісалася, займае топ-радкі ў справе наркатызацыі Беларусі.

Падчас падрыхтоўкі гэтага матэрыялу я не раз чуў пра існаванне "макавага лобі". Але пра канкрэтныя факты я не даведаўся. Мая журналісцкая справа — паказаць сітуацыю, а не выводзіць тых ці іншых людзей на чыстую ваду.

Мяркую, выявіць, хто канкрэтна спрыяе макавым баронам увозіць "бубкі" ў Беларусь, нескладана.

Яшчэ адно меркаванне: некаторыя чыноўнікі праяўляюць банальную легкадумнасць і недасведчанасць у пытаннях наркатычнай небяспекі. І гэта прывяло да трагічных наступстваў.

Як уратаваць Беларусь ад наркатычнага насення?

Калі дадаць да колькасці беларускіх наркаспажыўцоў нашых алкаголікаў (іх толькі на афіцыйным уліку болей за 180 тысяч чалавек, гэтую лічбу можна памнажаць у некалькі разоў), то вымалёўваецца пагрозлівая карцінка.

Не пабаюся сказаць, што такая сітуацыя рэальна пагражае развіццю беларускай нацыі.

У гэты ж час у некаторых ведамствах, якія так ці інакш звязаныя з праблемай распаўсюджання "бубак", пра наркотык увогуле нічога не ведаюць. І шчыра здзіўляюцца, калі журналіст задае падобныя пытанні.

— Набалелая праблема будзе вырашана толькі тады, калі ўсе ведамствы на справе зразумеюць глыбіню і небяспеку праблемы распаўсюджання "бубак", — лічыць намеснік начальніка ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі Васіль Лосіч. — А для гэтага патрэбна моцная воля чыноўнікаў самага высокага ўзроўню. Калісьці на беларускіх вуліцах мы змаглі выкараніць арганізаваную злачыннасць, бандытызм. Значыць, і гэтай праблеме можна даць рады.

— Сёння жыццёва неабходна звярнуць увагу на "бубкі". І шукаць меры ўсім разам, — прапаноўвае Ірына Лук'яновіч, старшыня грамадскага савета РГА "Маці супраць наркотыкаў". — Праваахоўныя органы гатовыя прасоўваць новыя ідэі ў барацьбе з наркаманіяй: займацца прафілактыкай, дапамагаць нам. Мы гатовыя аб'яднацца і бамбіць усе магчымыя інстанцыі, каб гандаль "бубкамі" выразалі пад корань. Іначай нашу краіну чакаюць сур'ёзныя непрыемнасці.

Наркатычная статыстыка

Колькі ў Беларусі сталых наркаспажыўцоў? Калі я пачаў цікавіцца гэтым пытаннем, быў уражаны лічбамі.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, на ўліку ў наркадыспансэрах — няма і 15 тысяч чалавек.

Значыць, пераважная большасць наркаспажыўцоў да медыкаў не трапляе.

У 2007 годзе Цэнтр маніторынгу на базе Гродзенскага дзяржаўнага медуніверсітэта правёў даследаванне наконт рэальнай лічбы наркаспажыўцоў — каля 85 000 чалавек.

— Наша лічба па наркаспажыўцах — 140 тысяч, не менш, — запэўнівае Ірына Лук'яновіч, старшыня грамадскага савета РГА "Маці супраць наркотыкаў". — У міліцыі гэтыя лічбы пацвярджаюць. Нядаўна да нас па дапамогу звярнулася залежная дзяўчынка. Яна мне сказала: "Вы не ўяўляеце: я, калі пачала спажываць, трапіла ў другое жыццё. З жахам убачыла, колькі людзей звязана з наркотыкамі. На кропцы, дзе купляла, сустракала сваіх аднакласнікаў, суседзяў, на якіх ніколі б не падумала..."

Колькі зарабляе дробны барыга?

Кілаграм "бубак", які закупляюць наркапастаўшчыкі за мяжой, каштуе ад 1,5 да 3 долараў ЗША. Гэта звесткі Упраўлення ААН па наркотыках і карупцыі.

З улікам дастаўкі ў Беларусь кілаграм абыходзіцца максімум у шэсць долараў ЗША (каля васямнаццаці тысяч беларускіх рублёў). Дробны барыга плаціць за кілаграм "бубак" каля 40 тысяч беларускіх рублёў.

Калі ўлічыць, што атруту ён потым прадае мінімум па 120 тысяч, то на адным кілаграме барыга наварвае 80 тысяч рублёў. А на адным 25-кілаграмовым папяровым мяху за суткі можна зарабіць аж 2 мільёны беларускіх рублёў. Атрымліваецца, што ў месяц можна лёгка мець пад 60 мільёнаў рублёў (каля 19700 долараў ЗША). І гэта чысты навар дробнага барыгі.

Уявіце сабе, колькі маюць буйныя наркапастаўшчыкі..

Як дзейнічаць, калі ваша сям'я сутыкнулася з наркотыкамі?

У краіне дзейнічае шэраг аўтарытэтных арганізацый, якія дапамагаюць і непасрэдна нарказалежным, і іх сваякам. Усю неабходную інфармацыю вы зможаце атрымаць на сайце nаrkоtіkі.bу.

Таксама прапануем звязацца з прадстаўнікамі РГА "Маці супраць наркотыкаў", якія падкажуць, як вырашыць праблему. Тэлефоны арганізацыі: (017) 293 07 59, (017) 210 07 07, +375 29 677 21 85.
{banner_819}{banner_825}
-20%
-10%
-10%
-21%
-20%
-10%
-10%
-30%
-10%
-20%
-50%