Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


9 студзеня адбылася чарговая сустрэча прадстаўнікоў супрацьлеглых бакоў. Сустрэча ледзь не перарасла ў бойку. Адзіным сьведкам сярод журналістаў стаўся карэспандэнт РР.

Прычыны расколу Беларускай партыі Свабоды былі агучаныя яшчэ ў сьнежні мінулага году ў часе зьезду арганізацыі. "Маладыя ваўкі" БПСу выказалі недавер кіраўніку й стваральніку партыі Сяргею Высоцкаму. Паводле апазыцыянэраў, Высоцкі не адпавядае сучаснаму панятку лідара, Высоцкі не разьвіваецца як кіраўнік, а таксама злоўжывае сваім партыйным становішчам - кіруе аўтарытарна. Аўтарытарызмам Сяргей Высоцкі нават ганарыцца, усе астатнія прэтэнзіі аспрэчвае. У часе зьезду супраць Высоцкага прагаласавала невялікая большасьць удзельнікаў зьезду. Але старшыня БПСу адмовіўся пакінуць пасаду й аддаць манаполію на назву арганізацыі.

І вось 9-га студзеня ў Менску адбылася другая сцэна драмы. Увечары прыхільнікі Высоцкага сабраліся на традыцыйную аўторкавую сустрэчу ля помніку Янку Купалу. І раптам іх акаліла гурба чалавек дваццаць. У паветры вітала бойка, якая ўрэшце… не распачалася.

Апазыцыянэры вырашылі даць яшчэ адзін шанец сваім адналеткам, якія засталіся з Высоцкім. Шанец, які б мог павялічыць шэрагі абноўленае арганізацыі. Пра пэрспэктывы гаворыць адзін зь лідараў 2новае хвалі", чыя партыйная мянушка Гут:

- Людзі, якія могуць нешта зрабіць, яны пайшлі разам з намі. Ідэйныя разыходжаньні… - іх ня можа быць. Таму што нацыяналізм, ён не прадугледжвае дзьве ідэалёгіі. Мы лічым, што БПС, яна больш мадэрнісцкая, павінна весьці да нечага больш сучаснага. Высоцкі, ён стаіць на старых пазыцыях. Ён наогул чалавек, закансэрваваны ў нейкім сваім часе. Ён стаіць і стаіць каля гэтага помніку - нічога не мяняецца гадамі. Мы прапануем жывую працу зь людзьмі, мы прапануем пасоўваць правыя погляды ва ўсе сфэры жыцьця. Мы ўсюды павінны быць першымі, мы ўсюды павінны весьці за сабою людзей.

Прыхільнік Сяргея Высоцкага, чыя партыйная мянушка Брама, зразумеў, што дыялёгу паміж бакамі не атрымалася. Брама казаў з пэўнаю разгубленасьцю:

- Сутнасьць гэтай размовы - складана сказаць, якога чорту яны прыйшлі сюды, бо месяц ад іх нічога не было ні чутна, ні бачна. Усе мы ў арганізацыі ня першы год, мы ведаем адзін аднаго як аблупленых. Разам удзельнічалі ў акцыях, стаялі плячо да пляча на шэсьцях. Пры чым, тут шмат хлапцоў прытрымліваюцца нэўтралітэту. Яны ведаюць, што й на тым баку, і на тым баку засталіся іхныя сябры. У хлапцоў ёсьць амбіцыі, усе маладыя хлопцы. Чалавек, якому 19 гадоў, - у яго, хутчэй за ўсё, не атрымаецца кіраваць такой арганізацыяй.

Гаворка вядзецца пра кіраўніка найвялікшае Малінаўскае акругі БПС, чыя партыйная мянушка Ганс. Сам Ганс абсалютна ўпэўнены ў посьпеху справы. Ля помніку Янку Купалу вырашаліся найперш фінансава-гаспадарчыя праблемы, якія Сяргей Высоцкі пакінуў у спадчыну. Прынамсі, праціўнікі Высоцкага мяркуюць, што спадчына ўжо ў іхных руках і што атрыманы канкрэтны вынік вулічнае сустрэчы:

- Вынік ёсьць: было дамоўлена, што ня будзе правакацыяў ні з аднаго, ні з другога боку. Бо гэта можа прывесьці да розных сутыкненьняў паміж шэрагоўцамі. У нас хапае ворагаў і так. Трэба змагацца за Бацькаўшчыну. Таму няхай за нас гавораць нашыя справы. Разышліся так - палюбоўна. Зараз кропка пастаўленая канчаткова. Зараз пойдзе рэальная праца, за наш бок я адказваю дакладна. Мы павінны давершыць справу з баркашоўцамі. Па крайняй меры, у тых рэгіёнах, дзе мы маем уплыў. І будзем займацца той дзейнасьцю, якой і займаліся, - выхаваньне ідэалягічнае й фізычнае беларускае моладзі.

Напрыканцы мы запыталіся ў самаго Сяргея Высоцкага, які вынік мела сустрэча БПСаўцаў 9 студзеня.

С.В.: - Мы сказалі, што БПС была й застаецца адзінай. Мы захаваем за сабою назву й асноўныя сілы арганізацыі. Сябры БПСу - усе іх ведаюць у твар. Так што пабачым па рэальнай дзейнасьці, хто з нас уяўляе моц.

Чый бок у справе падзелу спадчыны Беларускае партыі Свабоды пераможа, - будзе бачна пазьней. Але ўжо сёньня відавочна, што яшчэ адной радыкальнай арганізацыяй у Беларусі пабольшала.

Севярын Квяткоўскі

Радыё Рацыя
0058045