Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры скрытыкавала афіцыйны праект рэканструкцыі гістарычнай забудовы вуліцы Зыбіцкай (былой Гандлёвай). Аб гэтым ідзецца ў “Выпісцы з пратаколу пасяджэння Рады” за подпісам яе старшыні, намесніка міністра культуры Віктара Кураша.

Эксперты: "Чыноўнікі пераблыталі гістарычны цэнтр Мінска з Шабанамі">>>
 
Гісторыя пытання
 
Нагадаем, 29 верасня адбылося пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкультуры, на якім абмяркоўвалася рэканструкцыя гістарычнай забудовы вуліцы Зыбіцкай (былой Гандлёвай) у Старым горадзе.
 
На разгляд Рады, у якую ўваходзяць чыноўнікі Мінкульта і Мінгарвыканкама, а таксама архітэктары, гісторыкі, мастацтвазнаўцы, было прадстаўлена два праекты.
 
Першы, зроблены КУП “Мінскпраект” па заказе КУП “Мінская спадчына”. “Навукова-праектная дакументацыя па аднаўленні гістарычнай забудовы, што распрацоўваецца па замове КУП "Мінская спадчына", мае мала агульнага са справай належнага аднаўлення гістарычнай спадчыны. Гэта можна аднесці да планіроўкі, выгляду будынкаў, іх памераў”, - пісаў намеснік старшыні Беларускага камітэта ІКАМОС, сябра Рады Беларускага фонду культуры Павел Каралёў. Да таго ж ва ўсіх перад вачыма быў вынік папярэдняй замовы “Мінскай спадчыны” - левы бок Зыбіцкай, на якой паўсталі дамкі "под старину" - муляжы старажытнай забудовы з сучасным дызайнам.
 
Распрацоўка "Мінскпраекта"
Распрацоўка "Мінскпраекта"

Другі
, альтэрнатыўны праект распрацавалі сябры архітэктурнай секцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГК) Андрэй Ларры і Антон Вантух. Хлопцы знайшлі ў архівах падрабязную дакументацыю на знесеныя Саветамі камяніцы, якой доўгія дзесяцігоддзі ніхто не цікавіўся, ды з дапамогай камп’ютараў узнавілі першасны выгляд кутка старога Мінска.
 
“Лепшай работы па глыбіні распрацоўкі, па комплекснай рэканструкцыі страчанай гістарычнай зоны Беларусь яшчэ не ведала, - адзначыў у інтэрв’ю TUT.BY адзін з найлепшых ў краіне архітэктараў-рэстаўратараў, былы галоўны дзяржінспектар па ахове гістарычна-культурнай спадчыны Мінгарвыканкама Уладзімір Папруга. - Зробленае Мінскпраектам не мае ніякага дачынення да гісторыка-культурнай каштоўнасці, якой ёсць гістарычны цэнтр Мінска. Гэта новая забудова, якая ніякім чынам не звязана з гэтым раёнам. Месца ёй - Шабаны, Каменная Горка...” Альтэрнатыўная распрацоўка атрымала ўхваленне Грамадскай назіральнай камісіі пры Мінкультуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Вуліца Гандлёвая. Уверсе - на фота ў 1950-я гг. Унізе - альтэрнатыўны праект
Вуліца Зыбіцкая. Уверсе - на фота ў 1950-я гг. Унізе - альтэрнатыўны праект.
 
Праект афіцыйны, але “надзея ёсць”
 
Па выніках пасяджэння Навукова-метадычнай рады ад 29 верасня, як вынікае з “Выпіскі з пратакола”, якую атрымаў старшыня БДТАПГК Антон Астаповіч, адзначаецца, што абодва прадстаўленыя праекты “не могуць лічыцца цалкам адпаведнымі крытэрыям аўтэнтычнасці, вызначанымі рэгламентуючымі дакументамі па выкананню Канвенцыі ЮНЕСКА”.
 
Пры гэтым Рада на чале з намеснікам міністра культуры Курашам “прыняла за аснову для далейшага праектавання” афіцыйны праект з “улікам адпаведнасці існуючай горадабудаўнічай сітуацыі і інжынернаму забеспячэнню разглядаемай тэрыторыі гістарычнага цэнтра Мінска”.
 
Праўда, ухваліўшы распрацоўку КУП “Мінскпраект” за аснову, сябры Рады моцна яго скрытыкавалі. У пратаколе адзначаецца “невыкананне пры падрыхтоўцы... праектнай дакументацыі палажэнняў БНБ 1.03.02.-96, якія вызначаюць стадыі яе распрацоўкі і ўзгаднення”. Заказчыку работ КУП “Мінская спадчына” прапаноўваецца “забяспечыць выкананне азначаных... палажэнняў названага нарматыўнага тэхнічнага акта пры распрацоўцы праектнай дакументацыі”.
 
Урэшце “Мінскай спадчыне” і “Мінскпраекту” было рэкамендавана:
 
“- кіравацца метадалагічнымі прыёмамі па комплекснай рэгенерацыі квартала страчанай забудовы з мэтай узнаўлення яго гістарычнага характару;
 
- выкарыстоўваць у праекце комплекснай рэгенерацыі квартала матэрыялаў ГА “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”, якія дазволяць выканаць мадэль яго забудовы з найбольш поўным дакументальным абгрунтаваннем;
 
- забяспечыць прынятыя праектныя рашэнні... належным навукова метадычным абгрунтаваннем;
 
- ... у выпадку неабходнасці новага будаўніцтва структуры квартала кіравацца пунктам 10 Вашынгтонскай хартыі захавання гістарычных гарадоў і гістарычных абшараў (Існая прасторавая арганізацыя (планіроўка) не павінна парушацца, асабліва ў адносінах маштабу і памераў зямельнай плошчы - TUT.BY)”.
 
“Пад уплывам інфармацыі і грамадскага меркавання канчатковае, дапрацаванае рашэнне Рады вызначаецца больш узважлівым падыходам да чарговай праблемы гістарычнага цэнтра, чым тое, што прагучала на пасяджэнні, - пракаментаваў выніковае рашэнне Антон Астаповіч. - Не ўсё ў ім задавальняе і само Таварыства, і проста асобаў, якія працуюць з помнікамі, ці любяць нашу спадчыну. Але гэтае рашэнне дае надзею і дазваляе працаваць далей для нармалізацыі сітуацыі пры далейшым праектаванні дадзенага аб’екта”.



 
{banner_819}{banner_825}
-10%
-45%
-30%
-20%
-20%
-10%
-70%
-30%