Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Гэта ўжо чацьверты за час прэзыдэнцтва Лукашэнкi дакумэнт, якi рэглямэнтуе парадак захоўваньня й рэалiзацыi сканфiскаванае маёмасьцi. Рэч у тым, што пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкi мiлiцыя ды iншыя праваахоўныя органы атрымалi права без суда й сьледзтва забiраць у людзей маёмасьць.

Штогод праваахоўнымi органамi канфiскуецца ў грамадзянаў маёмасьцi на сотнi мiльярдаў рублёў. Аднак вельмi часта гэты, як кажа чынавенства, канфiскат альбо раскрадаецца прыблiжанымi да ўлады асобамi, альбо проста псуецца. Напачатку Лукашэнка перадаў эсклюзiўнае права распараджацца дарагiмi сканфiскаванымi таварам - а гэта й аўтамабiлi, і кампутарная тэхнiка, і тытунёвыя ды алькагольныя вырабы - Упраўленьню Справамi Прэзыдэнта. Але нi былы кiраўнiк справамi прэзыдэнта Цiцянкоў, нi цяперашнi яго скарбнiк Ганчарэнка не змаглi належным чынам скарыстаць сканфiскаваную маёмасьць.

Летась у красавiку Лукашэнка перадаў выключныя правы на канфiскат свайму памочнiку па асаблiвых даручэньнях Вiктару Кучынскаму, якi адначасова зьяўляецца кiраўнiком Дэпартамэнту Гуманiтарнае Дзейнасьцi. Аднак i верны Кучынскi, якi калiсьцi кляўся баранiць Лукашэнку з гранатамётам у руках, ня здолеў належным чынам абарнiць iнтарэсы дзяржавы. Напрыклад, восеньню мiнулага году з-за чыноўнiцкае цяганiны была сапсаваная партыя сканфiскаваных бананаў коштам на агульную суму больш за $100.000. I такое здараецца даволi часта.

Апроч таго, як i раней, прыблiжаныя да ўлады чыноўнiкi набываюць сканфiскаваныя аўтамабiлi па вельмi нiзкiх цэнах. Напрыклад, як выявiла пракуратура, на базе Мiнiстэрства Ўнутраных Справаў у Дзяржынскiм раёне, дзе захоўваюцца сканфiскаваныя аўто, шыкоўныя замежныя аўтамабілі рэалiзоўвалiся за некалькi соцень даляраў. Таму дзяржаўны бюджэт нёс вялікiя страты.

Навесьцi парадак Лукашэнка вырашыў чарговым указам. Аднак гэты дакумэнт фактычна не мяняе ранейшае заганае практыкi рэалiзацыi канфiскату. Як i раней, гэтаю маёмасьцю будзе распараджацца чынавенства. Хоць у цывiлiзаваным сьвеце канфiскат рэалiзуецца праз сыстэму тэндэрнага гандлю, дзе пануюць рынкавыя законы, а не карупцыя. Адзiнае, што зьменiць чарговы ўказ Лукашэнкi, дык гэта тэрмiн рэалiзацыi харчовага канфiскату. Зараз такi канфiскат будзе распрадавацца значна хутчэй, каб не сапсаваўся.

Зрэшты, для людзей, у якiх сканфiскуюць тавар, такая апэратыўнасьць робiць амаль нулявымi шанцы аднавiць справядлiвасьць. Бо пакуль суд адменiць рашэньне аб канфiскацыi тавару, пройдзе нямала часу й вяртаць уладальнiку арыштаванае маёмасьцi ўжо ня будзе чаго.

Ян Мікалаеў

Радыё Рацыя