Еўрарадыё параўнала пагадненні аб бязвізавым памежным руху з Польшчай і Латвіяй. Высветлілася, што паехаць без візы да нашых паўночных суседзяў будзе прасцей.

23 жніўня ў Рызе міністры замежных спраў Беларусі і Латвіі падпісалі доўгачаканае пагадненне аб бязвізавым памежным руху. 29 верасня Камісія латвійскага парламента па замежных справах ухваліла праект у першым чытанні.

Як выявілася, праекты пагадненняў з Латвіяй і Польшчай адрозніваюцца.

1. Калі Дамова пачне працаваць?

Не раней за пачатак 2011 года. Пастаянная камісія беларускага парламента па міжнародных справах 28 верасня разгледзела праект Дамовы з Польшчай. Чакаецца, што Палата прадстаўнікоў прагаласуе за яго на восеньскай сесіі. А праект Дамовы з Латвіяй у парламент яшчэ не паступаў.

Чакаецца, што ў першым чытанні Саэйма – латвійскі парламент – разгледзіць праект дамовы ўжо 7 кастрычніка, а да канца кастрычніка прагаласуе па ім.

2. Хто лічыцца жыхаром памежнай паласы?

Паводле Дамовы з Польшчай, жыхаром памежнай зоны лічыцца грамадзянін, які зарэгістраваны ў памежжы на працягу не менш як апошніх 3 гадоў. Выгодамі Дамовы могуць карыстацца і супругі ды дзеці, якія жывуць у памежжы менш за 3 гады.

Паводле Дамовы з Латвіяй, вызначэнне жыхара памежнай зоны больш шырокае. Пражываць у адпаведнай памежнай зоне трэба не менш за 1 год. Гэта правіла не тычыцца супругаў, бацькоў, бабуляў і дзядуляў, непаўналетніх дзяцей, усыноўленых дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, непаўналетніх унукаў і праўнукаў. Адпаведна, калі нехта са сваякоў у вас жыве ў прыгранічнай зоне і вы там атрымалі рэгістрацыю, то ўжо на наступны дзень можна ісці ў латвійскую амбасаду па дазвол.

У разрад сваякоў, якія жывуць па іншы бок мяжы, уваходзіць яшчэ больш родных. Да згаданых вышэй залічваюцца і прадзеды, і прабабулі, зводныя браты і сёстры, браты і сёстры бацькоў, пляменнікі і пляменніцы, зяці, свёкры, мужы і жонкі сёстраў і братоў, бацькі супругаў, усыноўленыя дзеці.

3. Як і за колькі часу можна атрымаць дазвол на памежны рух?

Калі Дамова пачне дзейнічаць, трэба прыйсці ў консульства Латвіі ў Віцебску, заплаціць 20 еўра і прад'явіць наступныя дакументы: пашпарт, запоўненую анкету, фатаграфію, медыцынскую страхоўку. Пры неабходнасці могуць запатрабаваць дадатковыя дакументы: пацвярджэнне пражывання ў памежнай зоне і абгрунтаванне мэты частага наведвання латвійскага памежжа.

Запыт на выданне дазволу разгледзяць на працягу 20 працоўных дзён, пры дадатковай праверцы – да 30-ці. У выпадку з Польшчай тэрміны больш доўгія – да 60 каляндарных дзён, у асобных выпадках – аж да 90.

4. Якія мэты можна засведчыць для атрымання дазволу?

У Дамове з Польшчай асобны пералік мэтаў адсутнічае. Там проста напісана, што ў консульства трэба прадставіць "абгрунтаванне прычын для частага перамяшчэння праз мяжу".

У Дамове з Латвіяй пералічваюцца 8 канкрэтных мэтаў:

• рэгулярны ўдзел у культурнай, адукацыйнай, навуковай і спартовай дзейнасці, што арганізоўваюцца рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, установамі або арганізацыямі;
• валоданне нерухомай маёмасцю;
• наведванне сваякоў;
• цяжкая хвароба ці смерць сваяка;
• наведванне месца пахавання сваякоў;
• атрыманне медыцынскай дапамогі;
• удзел у дзейнасці, звязанай з мясцовымі традыцыямі і рэлігійнымі абрадамі;
• рэгулярныя кантакты ў межах эканамічнай дзейнасці без права на працу.

5. На які час выдаецца дазвол на бязвізавы памежны рух?

Дазвол выдаецца з тэрмінам дзеяння ад аднаго да пяці гадоў, але не даўжэй за тэрмін дзеяння праязнога дакумента, гаворыцца ў Дамове з Латвіяй. Выглядае, што гэта будзе залежаць ад пазначанай мэты.

У Дамове з Польшчай называецца канкрэтны тэрмін: першы дазвол выдаецца на 2 гады. Наступныя дазволы выдаюцца на 5 гадоў, але не даўжэй за тэрмін дзеяння пашпарту і з умовай, што правілы Дамовы не былі парушаныя падчас папярэдніх выездаў.

6. Ці можна будзе ў рамках Дамовы паехаць у Рыгу?

Не. Гэта забараняецца правіламі Дамовы. Прыгранічнай зонай лічыцца тэрыторыя ў 30-50 км па абодва бакі мяжы. Таму жыхарам абедзвюх краін дазваляецца наведваць толькі тыя паселішчы, якія знаходзяцца ў гэтай зоне. У выпадку выезду за памежную зону гэта будзе карацца ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам.

З латвійскіх гарадоў ва ўзгодненую памежную зону ўваходзяць Даўгаўпілс, Дагда, Краслава і Зілупэ. З беларускіх – Верхнядзвінск, Міёры і Браслаў, а таксама пасёлак Відзы.

Глядзі поўны пералік латвійскіх сёлаў і беларускіх сельскіх Саветаў, якія ўваходзяць у памежную зону.

Латвія:

Aglonas novada – Aglonas, Grāveru, Kastuļinas, Šķeltovas pagasti;
Dagdas novada – Andrupenes, Andzeļu, Asūnes, Bērziņu, Dagdas, Ezernieku, Konstantinovas, Ķepovas, Svariņu, Šķaunes pagasti;
Daugavpils novada – Ambeļu, Biķernieku, Demenes, Kalkūnes, Laucesas, Līksnas, Maļinovas, Medumu, Naujenes, Salienas, Skrudalienas, Sventes, Tabores, Vecsalienas, Višķu pagasti;
Ilūkstes novada – Šēderes pagasts;
Krāslavas novada – Aulejas, Indras, Izvaltas, Kalniešu, Kaplavas, Kombuļu, Krāslavas, Piedrujas, Robežnieku, Skaistas, Ūdrīšu pagasti;
Ludzas novada – Briģu, Istras, Nirzas, Pildas, Rundēnu pagasti;
Rēzeknes novada – Kaunatas pagasts;
Zilupes novada – Lauderu, Pasienes, Zaļesjes pagasti.

Беларусь:

Верхнядзвінскі раён – Бігосаўскі, Чапаеўскі, Сар'яўскі, Асвейскі, Кахановіцкі, Бялькоўшчынскі сельскія Саветы;
Міёрскі раён – Павяцкі, Перабродзкі, Даўгінаўскі, Міёрскі, Новапагосцкі, Туркаўскі сельскія Саветы;
Браслаўскі раён – Друйскі, Плюсскі, Слабодкаўскі, Опсаўскі, Далёкаўскі, Ахрэмавіцкі, Мяжанскі, Цяцеркаўскі, Відзаўскі сельскія Саветы.

7. Ці можна будзе пастаянна пражываць у латвійскім памежжы?

Не. Часовае абмежаванне знаходжання на тэрыторыі памежнай паласы Латвіі такое самае, як і ў выпадку з Польшчай. Прабыць у суседняй краіне можна не больш за 90 дзён на працягу 6 месяцаў.
-10%
-10%
-25%
-10%
-50%
-70%
-30%
-80%
-20%
0068422