Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Беларускі МЗС пачынае выконваць абяцаньні, якія ў Маскве даў Аляксандар Лукашэнка.У чацьвер прадстаўнік МЗС Беларусі заявіў, што Беларусь гатовая "у самы бліжэйшы час" распачаць перамовы з АБСЭ, а таксама "не супроць прысутнасьці АБСЭ у Беларусі". Значна памякчэлі і камэнтары, якія беларускае зьнешнепалітычнае ведамства дае дзеяньням заходніх краінаў. Далучэньне ЗША да візавых санкцыяў Эўразьвязу ў беларускім МЗС цяпер называюць "чаканым крокам" і пазьбягаюць антыамэрыканскай рыторыкі.

Настойлівыя парады Крамля пра неабходнасьц нармалізацыі стасункаў з заходнімі краінамі былі пачутыя афіцыйным Менскам і ўжо на наступным дзень пасьля вяртаньня Аляксандар Лукашэнка з Масквы беларускі МЗС зрабіў шэраг знакавых заяваў.

Беларусь імкнецца нармалізаваць свае стасункі з АБСЭ і ў "самы бліжэйшы час гатовая распачаць перамовы з АБСЭ" на прадмет прысутнасьці гэтай арганізацыі ў Беларусі. Пры гэтым афіцыйны Менск "не выступае супроць прысутнасьці міссіі ў Беларусі". Пра гэта ў чацьвер на брыфінгу заявіў прэсавы сакратар беларускага МЗС Павал Латушка.

Паводлое ягоных словаў, прадметам перамоваў павінен стаць мандат місіі АБСЭ у Менcку, які "павінен быць удакладнены". Акрамя таго, павінны быць удакладненыя "формы прысутнасьці" місіі ў Беларусі. "Мы маем намер у самы бліжэйшы час распачаць перамовы па сутнасьці гэтага пытаньня", - сказаў Латушка.

Ён паведаміў, што першым крокам можа стаць яшчэ адна сустрэча міністра замежных справаў Беларусі з Генеральным сакратаром АБСЭ "з тым, каб канчаткова дамовіцца пра пачатак перамоваў і іх працэдуру".

Нагадаю, што у верасьні менскую місію пакінуў апошні заходні дыплямат і з таго часу дзейнасьць КНГ АБСЭ ў Беларусі паралізаваная. Афіцыйны Менск патрабуе перагляду мандату місіі і вінаваціць АБСЭ ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы Беларусі.

14 краінаў Эўразьвязу і ЗША забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю прэзыдэнту Беларусі і сямі беларускім чыноўнікам. Адной з прычынаў стала блякаваньне працы менскай місіі АБСЭ.

Надзвычай мягкія камэнтары былі дадзеныя прадстаўніком беларускага МЗС факту далучэньня ЗША да візавых санкцыяў Эўразьвязу. "Нічога новага ў рашэньні ЗША няма. Гэты крок ня быў для нас нечаканым". Пры гэтым Павал Латушка толькі заўважыў, што гэты крок ЗША "не дадае даверу нашым дачыненьням" і параіў зьвярнуцца да амбасадара ЗША ў Беларусі Майкла Козака па тлумачэньні.

Асаблівую падзяку беларускіх уладаў заслужыла Польшча, якая не далучылася да візавых санкцыяў Эўразьвязу. Паводле словаў Паўла Латушкі "гэта абсалютна разумнае рашэньне. Гэты крок мы шчыра вітаем".

Радыё Рацыя
0058648