Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


27 лістапада ў Парыжы прайшло чарговае паседжаньне адмысловай камісіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы па расьледаваньні таямнічых зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў у Беларусі. Старшыня камісіі, вядомы расейскі праваабаронца, дэпутат Дзярждумы Сяргей Кавалёў захварэў, знаходзіцца ў шпіталі. Старшыняваў на паседжаньні намесьнік Кавалёва брытанскі парлямэнтар Кэвін МакНамара.

Адмысловай камісія ПАРЭ была створаная ў верасьні ў Стразбургу. Тады ж адбылося арганізацыйнае паседжаньне, выпрацаваны плян дзеяньняў. Камісія разаслала інфармацыю пра сваё стварэньне і афіцыйныя запросы наконт расьследаваньняў справаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзскага ў парлямэнт і ўрад Беларусі. Наступнае паседжаньне было прызначанае на канец лістапада, меркавалася, што да гэтага часу камісія атрымае афіцыйныя матэр'ялы ад беларускага боку.

Прайшло амаль два месяцы, але ніякай інфармацыі камісія не дачакалася. Толькі намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў у сваім лісьце паведаміў, што дашле такую інфармацыю пазьней. (Дый наўрад ці беларускія парлямэнтары валодаюць падрабязнасьцямі расьследаваньняў гучных справаў, бо адмысловыя парлямэнцкія слуханьні так і не былі наладжаныя, дэпутат Фралоў сам накіроўваў запыт генэральнаму пракурору і атрымаў фармальную адпіску). Таму абмяркоўваць, па сутнасьці, не было чаго...

Чальцы камісіі маюць намер сустрэцца зь людзьмі, якія цяпер жывуць па-за межамі Беларусі й валодаюць інфармацыяй і нават дакумэнтамі аб зьнікненьнях. (Гэта былы начальнік Менскага СІЗА Алег Алкаеў, які жыве цяпер у Бэрліне і мае намер перадаць камісіі журнал уліку выдачы "расстрэльна" пісталету, былы сьледчы пракуратуры Зьміцер Петрушкевіч, які знаходзіцца ў ЗША, былы супрацоўнік КДБ Генадзь Угляніца, што жыве ў Нарвэгіі). Эўрапейскія парлямэнтары зьбіраюцца пасьля гэтага наведаць Менск, каб на месцы сустрэцца са сьледчымі, сьведкамі, афіцыйнымі асобамі, блізкімі зьніклых. На чарговую сэсію ПАРЭ таксама будуць запрошаныя дэпутаты парлямэнту для абмеркаваньня расьледваньня гучных справаў.

Радыё Рацыя