Яўген ВАЛОШЫН,

Калі я бываю ў багатых заходнееўрапейскіх краінах і, разявіўшы рот, аглядаю тамтэйшыя выдатнасці, заўсёды думаю: ці хацелася б мне застацца тут назаўсёды. Напэўна, такія патаемныя думкі з’яўляюцца ў многіх нашых турыстаў.

Трэба сказаць, што ў свой час мне выпала доля паспытаць эмігранцкага хлеба, які, аднак, давёў мяне да тугі.

Хоць грошай можна было зарабляць больш, чым дома, а прадукты, адзенне і мэбля пры гэтым каштавалі менш, але кавалак мяса пачаў станавіцца ў горле колам. З таго часу я разумею энергетычны сэнс адной вядомай показкі пра эміграцыю:

Нармальны працавіты гаспадар раптоўна памёр, на нябёсах яго размеркавалі ў рай. Сядзіць сабе, конікаў слухае, з вавёрачкамі вітаецца, у рацэ ногі мочыць, адпачывае. Тут да яго завітаў чорт:

— Мужык, а давай да мяне ў госці, у маё пекла. Пабудзеш і назад вернешся.

— Калі на такіх умовах, то давай.

А ў пекле — гарэлка ракой ліецца, мужчыны ў карты гуляюць, жанчын легкадумных лашчаць. Чорт і кажа:

— Калі падабаецца, пішы распіску, і будзеш во так жыць.

Спадар спакусіўся і падпісаў чортаў дакумент. Раптам яго скруцілі сямёра чарцянятаў, натаўклі ў бакі і кінулі смажыцца на патэльню.

— Чорт, што ж ты мяне падмануў! — узмаліўся чалавек.

— А гэта каб табе жыццё ў эміграцыі мёдам не здавалася...


Вядома, калі ў гэтым жыцці вас нічога больш не цікавіць, апроч як смачна паесці, то вы б на маім месцы за мяжой адчувалі сябе ўтульна.

Раскажу вам толькі, чаму на першы погляд спакуслівыя замежныя даброты надакучваюць людзям майго складу. Ёсць дзве прычыны. Першая — нармальны ў плане развіцця чалавек павінен любіць зямлю, дзе нарадзіўся. Пра гэта ў сваёй культавай прадмове да кнігі "Юдзіф" разважаў Францішак Скарына:

"Як ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лятаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае, так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормленыя, да таго месца вялікую ласку маюць".

З гэтай жа прычыны, напрыклад, футбольныя заўзятары ў першую чаргу падтрымліваюць нацыянальную зборную СВАЁЙ краіны, а не тую, што гуляе лепш.

Другі нюанс, чаму жыць у эміграцыі нясоладка, сфармаваў адзін мой знаёмы навуковец (сёння жыве ў Нідэрландах).

— Ведаеш, чаму мне часта хочацца вярнуцца дадому? Таму што за мяжой мы — ніхто. Грошы ёсць, і ў начальства маеш добрую рэпутацыю, а адчуваеш сябе чужым, пігмеем у баскетбольнай дружыне. Але і вяртацца на заробак у 500 тысяч не хочацца...

Трэба сказаць, што экстрэмальныя адносіны да таленавітай моладзі — гэта наша нацыянальная асаблівасць. Таго ж Францішка Скарыну ў пачатку ХVІ стагоддзя таксама не зразумелі на Бацькаўшчыне (што за крамолу друкуе гэты чалавек?). Усходняму першадрукару давялося з'язджаць у Прагу, дзе ён не толькі займаўся друкарскай дзейнасцю, але і заснаваў Каралеўскі батанічны сад неверагоднай прыгажосці. Ці, напрыклад, лёс нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі. Нарадзіўся ён у нашым сучасным Карэліцкім раёне, а на роднай зямлі аказаўся дысідэнтам, "філаматам". І ў выніку вымушаны быў падымаць да сусветнага ўзроўню чылійскую навуку.

Прыкладаў падобных я магу прывесці столькі, што не хопіць газетнай паласы.

Чаму я вырашыў закрануць гэтую балючую і непапулярную тэму на старонках "Звязды"?

Сёння, нават калі ты самы апошні іншадумца, цябе не стануць за гэта спальваць на вогнішчы і адразаць язык. З іншага боку, нават калі "маладыя і перспектыўныя" ўсім сэрцам мараць дапамагчы сваёй краіне, то дагэтуль часта сустракаюцца з непрабівальнай бюракратыяй. Гэта калі ўсё на словах магчыма, але ажыццявіць ідэі больш складана, чым збудаваць копію Вялікай Кітайскай сцяны.

Новых яркіх імёнаў, на мой асабісты погляд, не з'яўляецца ні ў літаратуры, ні ў музыцы, ні ў грамадскім жыцці (прынамсі, я як журналіст штодня за гэтым сачу і раблю такія высновы). Нават у навуцы за апошнія гады амаль не з'явілася яркіх асобаў (хоць наш узровень адукацыі, прынамсі па тэхнічных навуках, высокі). Ці азначае гэта, што такіх не нараджаецца? Што вы, пабойцеся Бога, як на беларускай зямлі можа не з'яўляцца геніяў!!!

Адзін мой сябар, вельмі моцны паэт, вымушаны выдаваць кніжкі за ўласныя грошы. А зарплата — невялікая, і карміцца трэба. І гэта для яго замкнёнае кола. У выніку нашы маладыя літаратары едуць у Кіеў ці Маскву, іх друкуюць там. І, верагодна, потым будуць называць расійскімі і ўкраінскімі пісьменнікамі і паэтамі.

Тое ж самае з музыкай. Не ведаю, хто ў нас адказны за развіццё, скажам, эстрады, але яна, вобразна прамаўляючы, у першабытным стане. Новых яркіх артыстаў не відаць, затое прадпрымальныя расійскія прадзюсары знаходзяць у нас перспектыўных музыкаў і вязуць матросіць да сябе. Усё аўтэнтычнае пры гэтым з нашага чалавека хутка і незваротна выбіваецца.

Ну, а з навукай і ўцечкай мазгоў гэта старая прыпавесць. Праблема таксама пакуль поўнасцю не вырашана. Чаму?

Усё проста — маладым і перспектыўным часта проста няма куды пайсці, каб пра сябе заявіць. Куды ні звярніся — як з вадою біцца.

Скажам, я адчуваю ў сабе моцныя здольнасці спевака і хачу запісаць альбом. Куды звярнуцца, каб дапамаглі і пры гэтым не зацкавалі? Да артыстаў з тэлевізара, якія гучаць, як спевы з прабабулінага патэфона? Я спрабаваў, але плёну гэта не прынесла. На большасці радыёстанцый сказалі: "У нас беларускамоўнае — нефармат".

Ці, напрыклад, я хачу адчыніць модную кавярню ў сваім раёне. Ці знойдзецца ў райвыканкаме чалавек, які ахвотна патлумачыць усе нюансы і дабрадушна, па-бацькоўску, навучыць, як распачаць свой бізнэс? Мой былы аднакласнік нядаўна спрабаваў адчыніць краму па продажы бройлерных курак, але так заблытаўся ў дакументацыі і справаздачах, што вырашыў — лепш не звязвацца. І з'ехаў працаваць у Маскву.

Хацелася б канкрэтна ведаць, дзе знаходзяцца людзі, што павінны дапамагаць маладым і ахвочым талентам? І чаму яны сядзяць, як цеста ў дзяжы, і іх дзейнасці не відаць?

Іначай фарміраваць у Беларусі моцны інтэлектуальны рынак мы будзем яшчэ паўстагоддзя. А маладыя таленты будуць па-ранейшаму шукаць росту далёка ад роднага дома.
 
-33%
-50%
-20%
-20%
-30%
-21%
-10%
-15%
0068422