Галляш Валынец,

Еўрарадыё даведалася, пра што марылі ў школе беларускія "віпы", за што іх бацькоў выклікалі да дырэктара і адкуль у Мікалая Лазавіка 9 дыпломаў.

Напярэдадні 1-га верасня Еўрарадыё вырашыла даведацца пра школьныя гады вядомых беларусаў, і ці спраўдзіліся іх дзіцячыя мары. Да прыкладу, пісьменнік Уладзімір Арлоў у дзяцінстве захапляўся астраноміяй, а найлепшай лічыў прафесіяю патолагаанатама.

Уладзімір Арлоў: "Калі мне было тры гады, мне падабалася дзяўчынка Людачка, і я хацеў быць Людачкай, хустачку насіў, імя сабе прыдумаў - Людачка, так што быў трансвестытам, але вельмі нядоўга. А потым марыў стаць вадалазам, потым патолагаанатамам – проста быў у нас сусед дзядзя Жэня, і я хацеў быць на яго падобным. А першая школьная мара – стаць шпіёнам, я нават напісаў апавяданне "Я марыў стаць шпіёнам"
Аляксандр Кулінковіч


Уладзімір дадаў, што ў старэйшых класах захапляўся астраноміяй, і нават спадзяваўся зрабіць якое-небудзь адкрыццё.

Уладзімір Арлоў: "У нас была школьная абсерваторыя, і гэта былі незабыўныя ўражанні. Дзяжурылі там па начах, назіралі зорнае неба ў спадзяванні нешта адкрыць. Ну, натуральна, спрабавалі неяк уладкавацца на гэтае дзяжурства разам з дзяўчынкай, якая падабаецца. І там ужо яе можна было абняць, пацалаваць, паціскаць, што таксама аздабляла гэтыя дзяжурствы".

А вось лідар гурта Neuro Dubel Аляксандр Кулінковіч у школе вельмі захапляўся фізікай, і цяпер нават крыху шкадуе, што калісьці перастаў ёй займацца.

Аляксандр Кулінковіч: "Я шкадую, што у свой час падзабіў на фізіку. У сваёй школе я амаль не наведваў гэты прадмет, бо паздаваў усе экзамены загадзя, і хадзіў на фізіку як на свята, на заняткі пасля школы. А калі змяніў месца жыхарства, там быў выкладчык, якому было зусім не цікава, а ў мяне пераходны ўзрост быў. Увогуле я лічыў, што ведаю фізіку лепш за свайго настаўніка, і ў выніку я атрымаў 2 балы".

Чэмпіёнам па адукацыі стаў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік. Як высветлілася, у яго налічваецца каля дзевяці дыпломаў, пачынаючы ад кіраўніка самадзейнага танцавальнага калектыву да кандыдата эканамічных навук. А таму Мікалай Іванавіч лічыць атрыманне адукацыі сваім хобі.
Анатоль Ярмоленка і Алеся

Мікалай Лазавік: "Жыццё мяне прымушала з атрыманнем новай ступені ў кар'еры атрымліваць новыя веды. І ў аспірантуру я паступіў, калі паралельна па ўзросце вучыліся мае дзеці. Але мы выдатна кантактавалі, і я ў такой атмасферы адчуваў сябе больш маладым".

Спявак і лідар гурта "Сябры" Анатоль Ярмоленка ўвогуле забыўся пра сваё школьнае жыццё. Маўляў, памятае першы званок сваёй дачкі Алесі, а пра сябе нават і ўзгадваць не будзе. Гэта і не дзіўна, бо спявачку абралі той першакласніцай, якая давала першы званок.

Алеся: "З усіх дзяцей мяне выбралі для таго, каб урачыста званочкам на плячы 11-класніка агучыць першы званок. Я чытала верш пра школу. Памятаю, вельмі гэтага чакала, вельмі хвалявалася і баялася, і ў мяне быў вельмі прыгожы ранец, два банты і белы фартух".

Праўда, Алеся прызналася, што нягледзячы на высокі давер у першы дзень вучобы, пазней яна ўсё ж прымусіла настаўнікаў выклікаць бацькоў у школу.

Алеся: "Мы з сябрамі чамусьці спазніліся на ўрок хвілін на 10. І я пабаялася заходзіць у клас, і вырашыла пайсці дамоў. Але настаўніца мяне заўважыла, вярнула назад, і выклікала бацькоў. Але потым разабраліся, што гэта было нейкае непаразуменне".

Алімпійскі чэмпіён цяжкаатлет Андрэй Арамнаў распавёў, што яго пастаянна выдатны настрой і жаданне пажартаваць вельмі часта станавіліся прычынай выклікання бацькоў у школу, а з цягам часу яго паводзіны пачалі адбівацца і на адзнаках. Што ж тычыцца першага дня ў школе, то і тут Андрэй здолеў вылучыцца.

Андрэй Арамнаў: "Я пераблытаў і зайшоў у іншы клас. Уяўляеце, я адвучыўся першы дзень у іншым класе, але зразумеў усё тое, што мне павінныя былі сказаць у гэты дзень". 
Андрэй Арамнаў


Андрэй прызнаўся, што ў школу хадзіў хутчэй не за ведамі, а за адносінамі з аднакласнікамі, а ў першых класах марыў быць таксістам. Дарэчы, любоў да машын так і не знікла, праўда правоў у Андрэя пакуль няма.

А вось трэнеру мінскага хакейнага клуба "Юнацтва" Міхаілу Захараву вучоба давалася без асаблівых складанасцяў, а пытанне будучай прафесіі нават і не ўзнікала, бо заўсёды ведаў што будзе хакеістам. Праўда, за адзін момант школьнага жыцця Міхаілу Міхайлавічу сорамна.

Міхаіл Захараў: "Мой Дзень нараджэння адзначалі ў дзясятым класе, выпілі шампанскага і нас усіх злавілі. Гэта было сур'ёзна. Я памятаю, бо было вельмі непрыемна, я ўжо граў за зборную СССР, а тут такі казус". 

І толькі спявачка Ірына Дарафеева скончыла школу без выклікаў бацькоў, праблем з прадметамі і нават са срэбным медалём. І гэта не гледзячы на пастаянныя гастролі разам са шматлікімі музычнымі калектывамі. А адным з самых яскравых момантаў для Ірыны стаў выпускны вечар.
Ірына Дарафеева



Ірына Дарафеева: "Запомніўся выпускны вечар, бо ў школе я была дастаткова вядомай дзяўчынкай, у той час мяне ўжо называлі салісткай ансамбля "Верасы". Таму усе хлопчыкі былі маімі прыхільнікамі, і яны ўсе разам мяне праводзілі, разумеючы што я буду артысткай".

Што ж да дзіцячых мараў, то Ірына ўжо з 2-га класа ведала, што будзе спяваць, а таму лічыць сваю дзіцячую мару цалкам здзейсненай.

Фота з сайтаў odnoklassniki.ru, alesya.by i parta.by  

-30%
-10%
-10%
-30%
-50%
-10%
-10%
-15%
-20%
-10%
0069185