Алена КРАВЕЦ,

З рэдкім відам фальшываманецтва сутыкнуліся беларускія праваахоўнікі. У адным з аддзяленняў "Беларусбанка" былі знойдзеныя дванаццаць падробленых дарожных чэкаў Amerіcan express travelers chegue, кожны наміналам у 500 еўра. Атрымаць наяўныя чэкі імкнуўся намеснік дырэктара адной са сталічных фірмаў.

Як высветлілася, мінчанін не падрабляў чэкі, а сам стаў ахвярай махляроў. Спачатку на яго імя прыйшоў электронны ліст ад спадара Томара Федзіа, які сцвярджаў, што быццам бы ў Афрыцы ў беларуса памёр сваяк, які пакінуў спадчыну. Прычым прозвішча ў сваяка было такое ж, як і мінчаніна. У пісьме тлумачылася, што каб уступіць у законныя правы, мінчанін павінен даслаць у афрыканскую краіну 3 тысячы долараў, а юрыст памерлага зробіць усё неабходнае. Мінчанін даслаў у Афрыку названую суму, аднак у яго папрасілі яшчэ грошай. Беларус адказаў, што больш грошай у яго няма. Тады Федзіа паабяцаў даслаць дарожныя чэкі, за якія беларус і імкнуўся атрымаць грошы. Але іх яму трэба было вярнуць у Афрыку для далейшых "працэдур".

На імя мінчаніна 27 ліпеня прыйшла пасылка ад спадара Моргана Гросмана з горада Ломі, што ў афрыканскім Тога. Усярэдзіне было 12 чэкаў, якія, як высветлілася, былі фальшывымі, але зробленымі на надзвычай высокім узроўні. Па гэтым факце заведзена крымінальная справа па ч.1 арт. 222 "Выраб ці збыт падробленых плацежных сродкаў" Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Схема махлярства вельмі падобная на так званыя нігерыйскія пісьмы. Без супрацоўнікаў Інтэрпала ў гэтай гісторыі не абысціся. Для аб'ектыўнасці неабходна дапрасіць адпраўшчыка падробак — спадара Моргана Гросмана, а таксама "юрыста" Томара Федзіа, калі такія людзі ўвогуле існуюць. Самі яны наўрад ці з'явяцца па павестцы з Заходняй Афрыкі. Бюджэт жа беларускіх аддзелаў міліцыі не прадугледжвае такіх далёкіх камандзіровак.
-10%
-10%
-30%
-30%
-10%
-52%
-20%
-20%
-99%