Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Намесьнiк кiраўнiка мiсii ЗША ў АБСЭ Даглас Дэвiдсан зрабiў гэтую заяву на паседжаньнi Сталай Рады АБСЭ ў Вене ў справе дачыненьняў зь Беларусьсю. Ён таксама адзначыў бессаромныя спробы Лукашэнкавага рэжыму запалохаць палiтычную апазыцыю, каб яна не сустракалася зь мiжнароднай супольнасьцю.

Спадар Дэвiдсан зазначыў, што справаздача генэральнага сакратара АБСЭ Яна Кубiша, якi нядаўна наведаў Менск, не адлюстроўвае нiякага канкрэтнага прагрэсу ў напрамку да супрацоўнiцтва з АБСЭ, у прыватнасьцi, у сувязi з прысутнасьцю АБСЭ ў Менску.

"Усе мы чулi пазытыўныя гукi з боку Беларусi раней, нават падчас выдварэньня ею супрацоўнiкаў мiсii АБСЭ ды парушэньня забавязаньняў у рамках АБСЭ", – заявiў Даглас Дэвiдсан, і дадаў: "Няма патрэбы слухаць новыя выказваньнi добрай волi. Тое, што трэба нам сёньня бачыць, – гэта разьвязаньне гэтага крызысу".

Амэрыканскi прадстаўнiк у АБСЭ зазначыў, што напады на апазыцыйныя фiгуры ў Беларусi працягваюць узрастаць. Даглас Дэвiдсан нагадаў пра затрыманьне 5 лiстапада на выхадзе з амэрыканскай амбасады ў Менску Анатоля Лябедзькi, якога КГБ папярэдзiў пра мажлiвасьць высунуць супраць яго абвiнавачаньнi ў дзяржаўнай здрадзе, калi ён працягне сустракацца з афiцыйнымi прадстаўнiкамi замежных уладаў.

"Бессаромныя спробы Лукашэнкавага рэжыму запалохаць палiтычную апазыцыю, каб яна не сустракалася з мiжнароднай супольнасьцю, толькi спраўджваюць сьвежыя сьведчаньнi ягонай непавагi да той свабоды кантактаў i руху, якая звычайна дазваляецца палiтычным прадстаўнiкам у дэмакратычным грамадзтве", – заявiў спадар Дэвiдсан.

Паводле ягоных словаў, ЗША перакананыя, што разьвязаньне крызысу вакол мiсii АБСЭ ў Беларусi можа быць дасягнута, i вельмi хутка. Аднак, зазначыў Даглас Дэвiдсан, "з прычыны адсутнасьцi канкрэтнага прагрэсу мы, як i Эўрапейскi Зьвяз, гатовыя зрабiць неўзабаве канкрэтныя захады, якiя адлюстроўваюць сур’ёзнасьць нашай заклапочанасьцi гэтай праблемай ды стратамi, што яна прыносiць цэласнасьцi гэтай арганiзацыi".

Юры Сьвiрко, Прага