Рыгор Лур'е, / Рыгор Лур'е

Мы ўжо стаміліся ад паведамленняў у незалежных СМІ аб разбурэнні ў Мінску ці Гродне чарговай гістарычнай камяніцы. За апошнія гады аўтэнтычны ландшафт многіх беларускіх гарадоў — тое нямногае, што засталося пасля войнаў і савецкага панавання —быў амаль цалкам зруйнаваны.

Пэўная надзея з’явілася з прыходам на пасаду міністра культуры дыпламата Паўла Латушкі. Аднак прамінуў год, а асноўныя праблемы так і застаюцца нявырашанымі.

Беларускі архітэктар, доктар мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры Ірына Лаўроўская прапаноўвае з дапамогай праграмы “Усходняе партнёрства” ўкараняць у Беларусі канцэпцыю Еўрапейскага прасторавага парадку. Пра гэта эксперта распытаў карэспандэнт “Тут і цяпер”.

— Для пачатку патлумачце, што азначае паняцце “публічная прастора”, якое вы ўжываеце?

— Гэта кожнае даступнае месца, фізічная прастора, у якой можна знайсці разнастайныя суполкі і аб’яднанні. Гэта вуліцы, дарогі, гарадскія плошчы, будынкі і збудаванні, якія з’яўляюцца грамадскай уласнасцю. Публічнымі прасторамі з’яўляюцца таксама краявіды, ландшафты, што знаходзяцца ва ўласнасці дзяржаў ці мясцовых адміністрацый, паркі, сады...

У падмурку сучаснага еўрапейскага прасторавага парадку з дамінуючай сакральнай архітэктурай закладзена філасофія Платона і трактаты Вітрувія. Сярэдневяковыя архітэктары, як свецкія, так і манахі, вандруючы па цэнтральнай і ўсходняй Еўропе, распаўсюдзілі класічныя традыцыі фарміравання краявідаў, прасторавыя кампазіцыі і пластыку храмаў паводле “…неба і зямлі”.

Такім чынам, публічная прастора як заходняй, так і ўсходняй Еўропы –– гэта адбітак развіцця еўрапейскай культурнай традыцыі і факт нашага супольнага культурнага “набытку”.

У канцы XVIII –– першай палове XX стагоддзя Еўропа перанесла істотныя змяненні дзяржаўных межаў, знішчэнне цэлых краін (як у выпадку з падзелам Рэчы Паспалітай) і народаў. Тэрыторыі краін рэзалі па жывому, дзялілі на часткі гарады, адносячы іх да розных дзяржаў, найчасцей з катэгарычна супрацьлеглымі палітычнымі сістэмамі. У выніку супольны культурны “набытак” быў падзелены і трактаваны рознымі бакамі з разбежнасцю “добрае–злое” ці “сваё–чужое”.

У краінах з таталітарнай палітычнай сістэмай такое стаўленне прывяло не толькі да ігнаравання адметнага еўрапейскага прасторавага парадку, але і да паслядоўнага яго знішчэння. З іншага боку, у краінах дэмакратычнага развіцця замацоўваўся стэрэатып, паводле якога Еўропа заканчвалася ў заходнім Берліне...

— У сваёй працы вы кажаце пра сувязь архітэктурнага аблічча гарадоў з якасцю жыцця...

— Вядомы сучасны філосаф Зыгмунт Баўман заўважыў неяк, што менавіта з архітэктурнага падзелу сучаснай прасторы вынікаюць найбольш сур’ёзныя наступствы. Імкнучыся да ўраўнаважанага развіцця, сучасныя палітычныя эліты краін Еўрасаюза прызнаюць, што якасць публічнай прасторы, краявіду і архітэктуры значна ўплываюць на ўмовы жыцця.

Абапіраючыся на філасофію гуманізму, фарміруюцца нацыянальныя архітэктурныя і ўрбаністычныя палітыкі краін–сяброў ЕС. У іх падмурку закладзены ўніфікаваныя правілы, выпрацаваныя ў некалькіх дакументах, сярод якіх Еўрапейская канвенцыя краявідаў (2000), Стратэгія ўзважанага развіцця (2006), Ліпская мапа (2007) і інш.

У 2007 годзе па ініцыятыве Польскай архітэктурнай рады, Таварыства архітэктараў Польшчы і пад эгідай Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны распрацаваны дакумент ”Палітыка якасці ландшафтаў, публічных прастораў і архітэктуры”.

Такім чынам, навідавоку ўзрастаючыя патрабаванні да якасці жыцця ў краінах ЕС ды адсутнасць такой стратэгіі ў палітыцы краін Усходняга партнёрства, што павялічвае разбежнасць у якасці жыцця.

— Якая публічная прастора ў Беларусі?

— Нягледзячы на тое, што ў краіне распрацаваны стосы дакументаў і ёсць заканадаўчая база, публічная прастора мае ўсе адметнасці хаосу. Найбольш яскравыя праявы яго назіраюцца ў забудове гістарычных цэнтраў гарадоў, дзе амаль паўсюль парушаецца прынцып падзелу тэрыторыі па функцыянальных зонах. Пад уплывам кароткатэрміновай патрэбы ўводзяцца змены ў праекты дэталёвай планіроўкі гарадоў, разлічаныя на 1,5-2 дзесяцігоддзі. Бессістэмна ўшчыльняецца забудова і ліквідуюцца рэкрэацыйныя тэрыторыі. Дэградуецца гістарычная забудова і ўрбаністычныя ансамблі. Рэканструкцыя помнікаў архітэктуры адбываецца шляхам разбурэння і адбудоўвання на яго месцы “муляжа”.

Без аналізу SWOT (адна з найбольш папулярных тэхнік аналізу аб’екта) прымаюцца рашэнні, якія не вырашаюць праблему, напрыклад, транспартных затораў, а даюць толькі часовую палёгку і паглыбляюць яе. Усё гэта адбіваецца на прасторы, пагаршае якасць жыцця.

— У чым прычыны гэтага хаосу?

— Найперш, гэта ліквідацыя гарадскога самакіравання — абсурдны інстытут прыняцця рашэнняў. Нізкі ўзровень прасторавай культуры насельніцтва, уключаючы чыноўніцтва і палітычных лідараў. Адсутнасць прафесіяналізму, паслядоўнасці і пераемнасці ў дзейнасці кіруючай сістэмы, падпарадкаванасць прафесіяналаў адміністрацыйнаму ціску. Неадпаведнае разуменне чыноўнікамі “інтарэсу дзяржавы”. Незбалансаванасць заканадаўчай базы. Закрытасць працэсу абмеркавання і прыняцця рашэнняў, немагчымасць ўплываць на іх з боку грамадскасці.

Пры гэтым варта дадаць, што беларускае грамадства даволі востра, хоць часам і спантанна рэагуе на татальныя змены прасторавага парадку. Пратэстныя заявы, сходы, нават судовыя справы па праблемах, што непасрэдна тычацца людзей, сталі з’явай амаль штодзённай. Многія грамадскія ініцыятывы, падтрыманыя сябрамі Таварыства аховы помнікаў, ініцыятыўнымі групамі, праваахоўнікамі даволі падрабязна асвятляюцца ў СМІ.

Можна сказаць, што грамадства мабілізавана для актыўнага ўдзелу ў абмеркаваннях і шукае спосабы ўплыву на рашэнні органаў кіравання, што тычацца інтарэсаў насельніцтва.

{banner_819}{banner_825}
-30%
-30%
-45%
-15%
-10%
-20%
-60%
-20%
-10%
-80%