Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Можна сабе ўявіць, зь якой помпай яна адзначалася б, дажыві СССР нейкім цудам да нашых дзён. Сёлета, хоць 7 лістапада застаецца дзяржаўным сьвятам, ні касьцюмаваных будзёнаўска-партызанскіх шэсьцяў, ні тым больш урачыстага салюту не плянуецца: камуністы змушаныя жыць па сродках.

Дый адзінства ў іх няма: партыяў, народжаных рэвалюцыяй, у Беларусі ажно чатыры — дзьве зарэгістраваныя і дзьве незарэгістраваныя. Чым яны розьняцца міжсобку? І на што наагул разьлічваюць?

КПБ і ПКБ

Гісторыя паўставаньня дзьвюх легальных кампартыяў у адной асобна ўзятай краіне складаная і заблытаная. 25 жніўня 1991 г. дзейнасьць Камуністычнай партыі Беларусі была прыпыненая Вярхоўным Саветам, але ўжо 26 кастрычніка таго ж году ўтварыўся аргкамітэт па яе аднаўленьні. 7 сьнежня адбыўся ўстаноўчы зьезд Партыі камуністаў беларускай. 26 траўня 1992 г. ПКБ была зарэгістраваная Мінюстам. Але 3 лютага 1993 г. ВС адмяніў уласную пастанову аб прыпыненьні дзейнасьці кампартыі, і была адноўленая КПБ. 25 красавіка 1993 г. КПБ увайшла ў склад ПКБ. 29-30 траўня 1993 г. адбыўся 2-гі аб’яднальны зьезд, і камуністычны рух стаў адзіным.

На 1 сьнежня 1994 г. ПКБ мела 150 райкамаў ды гаркамаў, 909 "пярвічак". За паўтара году колькасьць сяброў павялічылася на тры тысячы і дасягнула 18 тысячаў чалавек. 17 сьнежня 1994 г. выйшаў першы нумар партыйнай газэты "Товарищ". На травеньскіх выбарах 1995 г. ПКБ правяла ў Вярхоўны Савет 45 дэпутатаў (усяго іх было выбрана 200).

Кіраўнікі камуністычнае фракцыі ў ВС падтрымалі ідэю імпічмэнту Лукашэнкі, таму ў высокіх колах Адміністрацыі было вырашана паказаць камуністам, хто цяпер "кіруе і накіроўвае". 2 лістапада 1996 г., пасьля рэфэрэндуму, пад патранажам памочніка прэзыдэнта Сяргея Посахава ў Менску адбыўся 33-ці зьезд КПБ: ад ПКБ Сяргея Калякіна адкалолася "прапрэзыдэнцкая" група на чале зь Віктарам Чыкіным ды Ігарам Катляровым. Амаль адразу — 21 лістапада — Мінюст зарэгістраваў старую новую кампартыю. На пачатак 1997 г. яна налічвала блізу 7 тыс. чалавек. Аднавілася й партыйная газэта — "Мы и время".

Пасьля расколу

Але ПКБ ніякіх высноваў з гэтага не зрабіла: 18-19 студзеня 1997 г. на 4-м зьезьдзе партыі было абвешчана, што ў Беларусі адбыўся канстытуцыйны пераварот. Зьезд вырашыў у рамках заканадаўства процістаяць сацыяльна-эканамічнаму ды ўнутрыпалітычнаму курсу кіраўніцтва краіны. Процістаяньне дайшло да таго, што першы сакратар ЦК ПКБ Сяргей Калякін вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты на леташніх выбарах, але пасьля салідарызаваўся з Ганчарыкам.

Пра магчымасьць паўторнага аб’яднаньня кампартыяў загаварылі ўвосень 2001 г. — пасьля чарговага зьезду КПБ, на якім новым старшынём быў абраны Валеры Захарчанка. У сьнежні 2001 г. зьезд ПКБ прыняў спэцыяльную рэзалюцыю "Аб прынцыпах яднаньня камуністычнага руху ў Беларусі", якая сталася афіцыйнай прапановай да "шлюбу". У ёй сфармуляваныя 9 прынцыпаў, сярод якіх — "жорсткае напаўненьне супрацьдзеяньня капіталізацыі эканомікі, распродажу дзяржмаёмасьці, разбурэньню сельскай гаспадаркі", "узгадненьне тактыкі ў пэрыяд перадвыбарчай барацьбы", "спыненьне міжпартыйнай барацьбы".

"На наш заклік кіраўніцтва КПБ наагул не палічыла мэтазгодным адказваць. Калі кампартыі не падыходзяць прынцыпы марксізму-ленінізму, народаўладзьдзя, барацьбы за правы чалавека, за дэмакратыю — пра якое аб’яднаньне можна гаварыць?" — кажа сакратарка ЦК ПКБ Алена Скрыган.

В.Захарчанка мае сустрэчныя прэтэнзіі: "Сёньня ПКБ няправільна ацэньвае рэчаіснасьць — з пункту гледжаньня дробнаўласьніцкіх пазыцыяў Якаўлева — Гарбачова. Цяперашняя палітыка ПКБ нічым ня розьніцца ад палітыкі дробнабуржуазных партыяў, у той час як мы зыходзім з клясавых пазыцыяў".

Колькі ў нас камуністаў

Сёньня ПКБ мае 7800 сяброў у 380 структурах усіх узроўняў. Электарат — пераважна пэнсіянэры. Сярод знакамітых ПКБоўцаў можна згадаць двойчы героя сацыялістычнай працы, старшыню калгасу "Савецкая Беларусь" Бядулю, былога старшыню прэзыдыюму ВС Мікалая Дземянцея, бізнэсоўца Анатоля Лашкевіча.

Апанэнтаў з КПБ — меней. На пачатак верасьня партыя яднала 4098 чалавек, за першы месяц восені прырост склаў 152 чалавекі. 60% сяброў, аснову партыі, складаюць пэнсіянэры; 23-25% — інтэлігенцыя; 2-3% — навучэнцы й студэнты. У Беларусі дзейнічаюць 6 абласных, 113 гарадзкіх ды раённых камітэтаў партыі. Найбуйнейшая рэгіянальная арганізацыя — Гомельская абласная, якая налічвае звыш 900 чальцоў. За апошнія два гады КПБ страціла шмат сяброў з прычыны натуральнага старэньня. Вядомыя КПБоўцы — сацыёляг Ігар Катляроў, рэктар Берасьцейскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Плецюхоў, рэдактар дзяржаўнага тыднёвіка "7 дней" Віктар Чыкін.

Пра склад і структуру незарэгістраваных Усесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў) (УКП(б)) і Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу (КПСС) нешта пэўнае сказаць цяжка — як любыя нармальныя бальшавікі, яны змагаюцца з самадзяржаўем у глыбокім падпольлі.

Пытаньне, якое — пасьля пытаньня пабудовы камунізму — сёньня найбольш турбуе і КПБ, і ПКБ, — кватэрнае. Калякінцы ў верасьні пакінулі ранейшы офіс пасьля 9 месяцаў безвыніковых спробаў адстаяць права на працяг арэнды праз суды. У рамонт таго памяшканьня ПКБ уклала 7 тыс. даляраў — унёскі шараговых камуністаў, але ЖРЭК Савецкага раёну Менску ўсё адно адмовіўся працягнуць арэнду.

"Нашае высяленьне — гэта палітычны заказ: я ведаю, што ЖРЭКу дадзеная адкрытая каманда дамовы з намі не працягваць", — лічыць Сяргей Калякін.

КПБ, цэнтральны офіс якой знаходзіцца на вуліцы Чычэрына, мае праблемы з разьмяшчэньнем рэгіянальных офісаў: мясцовыя вэртыкальшчыкі не жадаюць быць заўважанымі ў сувязях з КПБ. "Многія партыйныя камітэты ўвогуле ня маюць ніякіх памяшканьняў, — жаліцца В.Захарчанка. — Сакратары носяць з сабой дакумэнтацыю, унёскі. У нас не было б такога, каб нашым камітэтам давалі памяшканьні. У большасьці выпадкаў не дае, на жаль, мясцовы кіраўнік. Нават калі ён і ня супраць курсу партыі, стараецца дыстанцыявацца, каб пасьля нехта недзе не прыпомніў яму гэта".

Невялікі Кастрычнік

Але праблемы праблемамі, а сьвята — сьвятам. 7 лістапада ПКБ плянуе сабраць на Кастрычніцкай плошчы Менску 3-5 тысяч чалавек, якія пройдуць на плошчу Перамогі, а пасьля — у парк Горкага, дзе мае адбыцца мітынг. Адпаведная заяўка пададзеная ў гарвыканкам. Адказу пакуль няма: мэр Паўлаў у ад’езьдзе і вернецца толькі 31 кастрычніка. Праўда, ці набярэцца ў сталіцы столькі прыхільнікаў ушанаваньня тае даўняе рэвалюцыі?

Улады могуць і забараніць асобнае шэсьце ПКБ. З 1997 г. калякінцы атрымліваюць гэткія адмовы. Найперш таму, што ў часе сваіх акцыяў падымаюць праблему жабрацтва. Пад сацыяльна-эканамічнымі лёзунгамі яны мяркуюць вывесьці людзей на вуліцы і сёлета.

КПБ ж увальецца ў афіцыйнае русла сьвяточных мерапрыемстваў, сярод якіх — сьвяточны сход у Менску, ускладаньне кветак да помнікаў Леніну й Перамозе.

Белорусские новости
0058648