Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Каардынаваць дзеяньні перад выбарамі ў Менскі гарсавет, якія пройдуць увесну 2003 году, спрабуюць кіраўнікі сталічных арганізацыяў апазыцыйных палітычных партыяў. Увечары 29 кастрычніка яны абмяркоўвалі плян сумесных акцыяў на гэтую кампанію.

На сустрэчу, што адбылася за зачыненымі дзьвярыма, сабраліся прадстаўнікі сямі з васьмі партыяў, што ўваходзяць у Кансультацыйную раду. Без тлумачэньня прычынаў яе праігнаравалі толькі лібэральныя дэмакраты Сяргея Гайдукевіча.

З другой спробы (а першы раз падобнае паседжаньне прайшло тры тыдні таму) вырашаныя тры праблемы: сумеснае вылучэньне прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, вызначэньне назіральнікаў і агітацыйныя кампаніі, якія пачнуцца адразу, як толькі афіцыйна будзе абвешчана дата выбараў. Яшчэ падчас першай сустрэчы дасягнутая дамова пра тое, што дэмакратычныя кандыдаты ня будуць у сваёй агітацыі ўжываць адзін супраць аднаго бруднага PR.

Больш складана было падзяліць выбарчыя акругі, каб у іх дэмакраты супрацьстаялі толькі кандыдатам ад улады, а не адзін другому. А варыянтаў перакрыжаваньня даволі шмат, паколькі на 55 менскіх акругаў Партыя БНФ хоча вылучыць каля 40 прэтэндэнтаў, АГП — каля 30. Ёсьць акругі, дзе патэнцыйных кандыдатаў ад дэмакратычнай плыні па тры–чатыры і нават больш.

Ці магчыма тут дамовіцца? Вось як адказвае на гэтае пытаньне ўдзельнік учорашняга закрытага паседжаньня, прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер.

(Альфер: ) "Пачаліся абмеркаваньні кандыдатаў па акругах, двухбаковыя абмеркаваньні, паколькі агульныя бессэнсоўна. На ўзроўні гарадзкіх кіраўнікоў вызначана, дзе можна падзяліць акругі, і дамовіліся, што па тых акругах, дзе ёсьць пэўныя супярэчнасьці, будуць ісьці перамовы далей. На працягу тыдня гэтая праца будзе зробленая".

А вось меркаваньне кіраўніка менскай філіі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі ("Народная грамада") Міхася Ганчарыка:

(Ганчарык: ) "Мне падалося, што ўсе партыі могуць дамовіцца пра падзел акругаў. Але ж падзяліць акругі — не галоўнае. Калі ў адной акрузе некалькі дэмакратычных кандыдатаў, гэта ж нядрэнна. Я лічу, што некалькі кандыдатаў змогуць запрасіць больш выбарцаў прыйсьці на выбары".

Раней, дарэчы, плянавалася, што ў сталіцы Беларусі будзе абрана 52 дэпутаты. Але ў Маскоўскім, Фрунзенскім і Цэнтральным раёнах зьявілася па адной новай акрузе — гэта зьвязана з удакладненьнем колькасьці выбарцаў.

Уладзімер Глод, Менск
0058648