Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


"Рок-гільятына-2000" - гэткі арыгінальны назоў будзе мець новая беларуская музычная акцыя, якая мае ўганараваць самых "правальных" выканаўцаў мінулага году. "Гільятына" задуманая як альтэрнатыва традыцыйнае ўжо "Рок-каранацыі". Ідэйныя натхняльнікі імпрэзы - супрацоўнікі моладзевае газэты "Навінкі" - лічаць, што практыка ўганараваньня за творчыя правалы мае гэткае ж права на йснаваньне, як і ўзнагарода за посьпехі.

Ідэя лётала ў паветры ўжо вельмі даўно - амаль з таго часу, як зьявілася "Рок-каранацыя". Проста не было людзей, якія яе ўрэшце злавілі б і аформілі належным чынам. Гэта атрымалася ў мінулым ужо сьнежні ў супрацоўнікаў рэдакцыі "Навінак" - надзвычай прадуктыўных што да розных арыгінальных ініцыятываў. Прычым, паводле Глеба Рубанава - аднаго з галоўных натхняльнікаў імпрэзы - за гатовую йдэю хапаюцца ўсе без выключэньня ўстановы, да якіх "Навінкі" зьвярнуліся па падтрымку. Праўда, акрамя другога галоўнага арганізатара "Гільятыны" - "Музыкальной газеты" - сп-р Рубанаў адмовіўся выдаваць імёны патэнцыйных спонсараў.

Г.Р.: - Гэтыя пытаньні вырашаюцца бягучым чынам, і дастаткова актыўна й пасьпяхова. Але пакуль што мы трымаем завесу таямніцы. Аб месцы правядзеньня будзе паведамлена своечасова. Усё будзе досыць сур'ёзна, але гэта будзе акцыя з так бы мовіць абмежаваным доступам: квіткоў туды ня будзе прадавацца, але, я падкрэсьліваю, адно ў гэтым годзе. Спадзяемся, што ў наступных гадох мы раскруцімся яшчэ мацней.

"Раскрутку" маюць забясьпечыць запрошаныя на імпрэзу госьці, - кажа Глеб Рубанаў.

Г.Р.: - Будуць журналісты, будзе музычная тусоўка, будуць прадстаўнікі кампаніяў, прадусарскіх цэнтраў. Простыя людзі туды таксама патрапяць, але яны ня здолеюць патрапіць за грошы… Але затое яны здолеюць прыняць самы непасрэдны ўдзел у вызначэньні пераможцаў - ахвяраў гільятыны.

Спосаб вызначэньня ляўрэатаў "Рок-гільятыны" наш суразмоўца лічыць больш дэмакратычным, у параўнаньні з "Рок-каранацыяй", дзе ўсё вырашаюць экспэрты ад музычнага мастацтва ды журналісты. Галасаваньне будзе насіць усенародны характар - сьцьвярджае Глеб Рубанаў.

Г.Р.: - Газэты - у тым ліку "Навінкі", "Музыкальная газета", яшчэ некаторыя газэты, якія нас падтрымліваюць, яны друкуюць бюлетэні для галасаваньня. Анкеты будуць распаўсюджвацца намі на нейкіх моладзевых тусоўках, на рок-н-рольных канцэртах, напэўна, на той жа "Рок-каранацыі".

- Ці вы зьбіраецеся запрашаць туды толькі тых, хто будзе ляўрэатамі вашых прэміяў, ці там будуць і тыя, хто будзе каранаваны на рок-каранацыі? Што будзе папярэднічаць?

- Ведаеце, ёсьць сур'езныя падазрэньні, што гэта апынуцца адныя й тыя ж музыканты. Гэта меркаваньне абсалютна прагнознага пляну, але, звычайна, калі каманда ня мае вялікага станоўчага рэйтынгу, яна ня мае і адмоўнага рэйтынгу. Зь іншага боку, каманды, якія ў часткі прыхільнікаў заваявалі папулярнасьць, у другое часткі звычайна заваёўваюць адмоўныя пачуцьці.

Аднак, антытэзаю "Рок-кароны" "Гільятыну" лічыць усё ж такі ня варта. Мы, хутчэй, дапаўняем адно аднога, - дадае Глеб Рубанаў.

Г.Р.: - Да кожнага такога мерапрыемства павінна быць пара: як да "Оскара" мусіць быць "Антыоскар", як у той жа Расеі да "Авацыі" ёсьць "Срэбная калоша". Таму мы проста займаем гэтую нішу, і вышэйшы эшалён, ён будзе прадстаўлены і там, і там.

Як вядома, "Рок-каранацыя" звычайна праходзіць у апошнюю нядзелю студзеня. "Рок-гільятыну" мяркуецца правесьці па ейных гарачых сьлядох - у першую нядзелю лютага. Ляўрэатаў абяцаюць пакінуць жывымі, калі тое будзе прызнана мэтазгодным.

Вольга Бабак

Радыё Рацыя
0058045