Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У адмысловай заяве Рада міністраў замежных справаў Эўразьвязу адзначыла, што калі місія АБСЭ ня здолее працягваць працу, Эўразьвязу таксама давядзецца перагледзець адносіны зь беларускімі ўладамі. Рада міністраў таксама выказала сур’ёзную заклапочанасьць сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

З камэнтаром - Крысьціна Галяк, прэсавая сакратарка камісара Эўразьвязу ў замежнай палітыцы Хавіера Саляны.

(Галяк: ) "Міністры Эўрапейскага зьвязу і камісар Саляна надзвычай заклапочаныя сытуацыяй у Беларусі і асабліва адносінамі Беларусі з АБСЭ. Учорашняе пасланьне міністраў беларускаму кіраўніцтву было вельмі яснае – Беларусь павінная заняць месца сярод дэмакратычных эўрапейскіх краінаў, яна мусіць рухацца ў гэтым напрамку, і не ў апошнюю чаргу таму, што Беларусь зробіцца суседам Эўразьвязу пасьля пашырэньня. Таму Эўразьвяз ня можа прыняць пазыцыю, якую Беларусь заняла датычна Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ".

Сёлета беларускія ўлады адмовіліся працягнуць візы некалькім супрацоўнікам групы АБСЭ, і тыя былі вымушаныя пакінуць Беларусь. 29 кастрычніка сканчаецца акрэдытацыя Аліны Жасан -- апошняй замежнай супрацоўніцы КНГ АБСЭ, якая пакуль знаходзіцца ў Менску. Калі ейная акрэдытацыя ня будзе працягнутая, дыпляматаў АБСЭ ў Беларусі не застанецца. Эўразьвяз з такой магчымасьцю катэгарычна ня згодны.

(Галяк: ) "Немагчыма пагадзіцца з тым, што Кансультацыйна-назіральная група павінна быць зачыненая перш чым пачнуцца перамовы аб новай форме прысутнасьці АБСЭ ў Беларусі. Таму міністры Эўразьвязу ясна заклікалі ўрад Беларусі неадкладна працягнуць пасьля 29 кастрычніка акрэдытацыю тым дыпляматам місіі, якія засталіся, ці працягнуць акрэдытацыю іншым дыпляматам, каб пазьбегнуць зрыву ў працы місіі. АБСЭ – гэта адна з ключавых арганізацыяў у Эўропе, і мы жадаем, каб усе краіны цалкам супрацоўнічалі зь яе структурамі".

Учора агенцыі навінаў працытавалі словы прэсавага сакратара міністэрства замежных справаў Беларусі Паўла Латушкі аб тым, што місія АБСЭ ў цяперашняй форме ў Беларусі працаваць ня будзе. Спадар Латушка таксама заявіў, што АБСЭ мусіць паказваць больш павагі да беларускага ўраду, калі хоча надалей працаваць у Беларусі. Вось як камэнтуе гэта прадстаўніца Эўразьвязу Крысьціна Галяк.

(Галяк: ) "Эўразьвяз ня мае ніякага сумневу, што Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ прадэманстравала ў дачыненьні да ўладаў у Менску абсалютную ступень павагі, Гэта такая ж павага, якую АБСЭ дэманстравала ва ўсіх місіях на эўрапейскім кантыненце. Таму мы вельмі чакаем, што ўрад Беларусі неадкладна зьменіць танальнасьць адносінаў з АБСЭ".

Беларускія ўлады настойваюць на пераглядзе мандату групы АБСЭ, вінавацячы групу ва ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы Беларусі. Вось як гэта камэнтуе прадстаўніца Эўразьвязу.

(Галяк: ) "Мне не выпадае ўмешвацца ў спрэчкі наконт зьместу мандата групы, але няма сумневу, што спрэчкі наконт мандату ня могуць быць падставай ня рухацца наперад і не павінныя перашкаджаць супрацоўніцтву паміж Менскам і АБСЭ. І гэтае супрацоўніцтва павіннае пачацца з яснай пазыцыі ўладаў у Менску".

У сваёй заяве Рада міністраў Эўразьвязу адзначыла, што калі місія АБСЭ ў Менску ня здолее працягваць працу, гэта таксама нэгатыўна адаб’ецца на адносінах паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Калі ж будзе знойдзенае рашэньня дзеля працягу працы місіі АБСЭ, Эўразьвяз будзе разглядаць гэта як магчымасьць для новых перамоваў аб паляпшэньні стасункаў зь Беларусьсю, гаворыцца ў заяве. Рада міністраў Эўразьвязу разгледзіць разьвіцьцё сытуацыі ў Беларусі на сваім наступным паседжаньні 18 і 19 лістапада.

Гутарыў Алесь Грыневіч, Прага
,