Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Архив новостей
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС
    2627282930311
    2345678
    9101112131415
    16171819202122
    23242526272829
    303112345

Общество


Аляксандар Лукашэнка загадаў кіраўніцтву Міністэрства ўнутраных справаў тэрмінова вырашыць пытаньне ўвядзеньня другога пашпарту для грамадзянаў Беларусі. Адпаведны законапраект ужо падрыхтаваны палатай прадстаўнікоў. Афіцыйныя асобы тлумачаць гэта тым, што людзі, якія часта выяжджаюць за мяжу, будуць мець меней клопатаў з заменай пашпартоў, якія ад шматлікіх візаў хутка сканчваюцца.

Тым часам, незалежныя палітолягі і юрысты лічаць, што ўвядзеньне асобнага замежнага пашпарту дасьць магчымасьць больш пільна кантраляваць перамяшчэньне грамадзянаў за межы Беларусі.

Значная частка грамадзянаў Беларусі раз-пораз выстойвае вялізныя чэргі ў калідорах гэтак званых АВІРаў, каб памяняць запоўнены візамі пашпарт на новы. Гэта найперш людзі, якія паводле прафэсійных абавязкаў ці па справах бізнэсу часта выяжджаюць па-за межы Беларусі. Так, статыстыка сьведчыць, што кіроўцы-дальнабойшчыкі вымушаныя мяняць пашпарты 2-3 разы на год. Тое самае і са спартоўцамі. Частыя госьці АВІРаў — гэтак званыя "чаўнакі", бізнэсоўцы, палітыкі: практычна кожны ваяж за мяжу для іх распачынаецца з уклейваньня ў пашпарт візы краіны прызначэньня, якая займае цэлую старонку. А іх у цяперашнім пашпарце толькі 16. У пашпартна-візавай службе МУС кажуць, што паратунак у дадзенай сытуацыі толькі адзін — увядзеньне адмысловага пашпарту дзеля выездаў за мяжу. Пры гэтым грамадзяне будуць мець яшчэ асобны пашпарт дзеля ўнутранага карыстаньня з адзнакамі пра прапіску, шлюб, дзяцей.

(Супрацоўнік пашпартна-візавай службы МУС: ) "Працуем над другім пашпартам даўно, але канчаткова ўсё залежыць ад вышэйшых уладаў, не ад нас. Напярэдадні было рашэньне Канстытуцыйнага суду не на нашу карысьць адносна лёсу штампаў шматразовых выездаў. Як вы ведаеце, дэпутат Парфяновіч выступіў зь ініцыятывай скасаваць запіс дазволу на выезд, а дэпутат Баравы ініцыяваў ўнясеньне зьменаў у закон "Аб уезьдзе-выезьдзе" і аб другім пашпарце. Апроч таго, было даручэньне Дзяржкамітэту памежных войскаў да 2005 году распрацаваць дзейсную, эфэктыўную сыстэму кантролю, і я зьвязваю новую хвалю менавіта з гэтымі момантамі. Але ў любым выпадку ўсё павінна праходзіць праз заканадаўчыя акты".

Юрыст Сяргей Альфер у спробе ўвесьці асобны пашпарт дзеля выездаў за мяжу бачыць спробу вяртаньня да савецкай практыкі, калі ў людзей былі ўнутраныя і замежныя пашпарты. Тады замежны пашпарт захоўваўся ў АВІРы, а каб яго атрымаць, трэба было аддаць туды на захаваньне пашпарт унутраны. Сёньня два пашпарты грамадзяне маюць толькі ў Расеі і ва Ўкраіне. Ва ўсіх жа эўрапейскіх дзяржавах пашпарт існуе толькі дзеля замежных падарожжаў.

(Альфер:) "З большага — гэта рэанімацыя старой савецкай традыцыі, хоць разам можна сказаць, што ў ЗША таксама ёсьць пашпарт дзеля выездаў за мяжу. Там, праўда, няма ўнутранага пашпарту, бо хапае ідэнтыфікацыйнай карткі. У нашым выпадку ўсё залежыць ад таго, як гэты пашпарт будзе захоўвацца; калі яго патрэбна будзе здаваць, як за савецкім часам, то гэта вельмі дрэнна".

(Карэспандэнт: ) "Але ёсьць і іншы бок: вялізная колькасьць візаў, якія неабходныя дзеля наведаньня бальшыні замежных краінаў..."

(Альфер: ) "Цалкам з вамі згодны. Я сам ня тое каб надта шмат ежджу, але мушу мяняць пашпарт дастаткова рэгулярна — не хапае старонак. Усё можа вырашыцца адным шляхам: толькі калі Беларусь стане, па-першае, краінай дэмакратычнай, па-другое, калі мы пойдзем у кірунку Эўропы — толькі тады мы зможам мець бязьвізавы ўезд ў Эўропу, як зараз маюць краіны Прыбалтыкі. Яны не ўступілі ў Эўразьвяз, але ўезд для іх бязьвізавы".

У пашпартна-візавай службе МУС кажуць, што з умяшальніцтвам у справу Аляксандра Лукашэнкі пытаньне другога пашпарту можа быць вырашанае ўжо да канца году. Мэханізм выдачы пашпартоў і аплаты паслугаў пакуль удакладняецца.

Ігар Карней, Менск