Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Да адчаю даведзеныя жыхары Лунiнецкага раёну, што пацярпелi ад аварыi на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыi. Людзi па некалькi месяцаў не атрымлiваюць заробак, а зараз пазбавiлiся льготаў за пражываньне на забруджанай радыяцыяй тэрыторыi.

Паводле пастановы беларускага ўраду сем населеных пунктаў Лунiнецкага i Столiнскага раёнаў, што апынулiся ў зоне радыяцыйнага забруджаньня, цяпер лiчацца цалкам бясьпечнымi для пражываньня. Жыхары гэтых вёсак ужо не атрымлiваюць нiякiх даплатаў, iхны адпачынак cкарацiўся на сем дзён, а дзецi пазбавiлiся бясплатнага харчаваньня ў школах.

Але жыхары тых мясьцiнаў у Лунiнецкiм раёне, што афiцыйна застаюцца ў сьпiсе забруджаных, таксама не атрымлiваюць абяцанай дапамогi. У асаблiва цяжкiм становiшчы апынулiся жанчыны, што даглядаюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў. Так, у вёсцы Дзятлавiчы так званыя дзiцячыя выплаты апошнi раз былi атрыманыя яшчэ ў сакавiку. Калi ўлiчыць, што памер гэтых выплатаў складае амаль 105 тысячаў рублёў, маладыя мацi пазбавiлiся ледзь не адзiнай трывалай крынiцы атрыманьня жывых грошай. Для параўнаньня: у мясцовым калгасе заробак мэханiзатара складае каля 20 тысячаў рублёў, i выплочваюць яго таксама нерэгулярна.

Скаргi вяскоўцаў, накiраваныя лунiнецкiм уладам, не даюць плёну. У райвыканкаме адказваюць, што грошы на дзяцей выплочваюцца за кошт рэспублiканскага бюджэту. Але там ня стае сродкаў, каб лiквiдаваць запазычанасьць.

Пра недахоп грошай маладым мацi гавораць i мэдыкi Лунiнецкага раённага шпiталю. Калi хвораму дзiцяцi споўнiлася тры гады, бацькi пазбаўленыя магчымасьцi знаходзiцца побач зь iм у стацыянары. У такiх выпадках многiя бацькi адмаўляюцца ад шпiталiзацыi сваiх дзяцей i займаюцца лячэньнем у хатнiх умовах.

Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць