Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Пасьля таго як у 2000 г. ціха сканаў разрэклямаваны праект "Рацыянальны дом", што даваў магчымасьць будаваць жыльлё ў растэрміноўку, у бескватэрных грамадзянаў засталося чатыры варыянты: будаваць або купляць жыльлё за свае грошы, чакаць дзяржаўнага крэдыту ці атрымаць валютную пазыку. Аналіз плюсоў і мінусаў.

Ільготныя дзяржаўныя крэдыты для сем’яў з даходам да 2 мінімальных спажывецкіх бюджэтаў на чалавека (сёньня 264 тыс. рублёў). Такі варыянт падаецца самым прывабным. Крэдыт складае 75% кошту кватэры ў горадзе і 90% — у вёсцы. Тэрмін крэдыту — 20 гадоў пад 10% гадавых. Залежна ад плошчы кватэры плаціць трэба 50-100 тыс. штомесяц. Гэта таньней, чым здымаць аднапакаёўку ў Малінаўцы ці Чыжоўцы. Адно бяда: статыстыка сьведчыць, што ў адным Менску на дзяржаўныя крэдыты прэтэндуюць 129 тыс. сем’яў, а атрымліваюць іх усяго 2 тыс. штогод. Абмежаванаcьць крэдытных сродкаў прымусіла ўлады сталіцы "абрэзаць" жыльлёвую чаргу льготнікаў на 1990 г.

Пэрспэктывы таксама сумныя. Згодна з плянам урадаў Беларусі і Расеі аб пераходзе на адзіную валюту, з 2004 г. будзе забаронена эмісійнае крэдытаваньне дэфіцыту бюджэту, у тым ліку і жыльлёвага будаўніцтва. Наступствы можна будзе адчуць ужо налета. Бюджэт-2003 мае выдаткаваць на жыльлёвыя крэдыты 140 млрд. рублёў, або на 6% болей, чым сёлета. Аднак у сувязі з інфляцыяй сапраўдны кошт крэдытаў зьменшыцца. Прычым, цьвердзяць у Нацбанку, скарачэньне дзяржаўных выдаткаў на будаўніцтва жыльля будзе адбывацца і надалей.

Цэны розьняцца ўдвая

Будаўніцтва за свае грошы падаецца болей рэалістычным. Калі пашанцуе і за дом возьмецца ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва Менгарвыканкаму, адзін квадратны мэтар кватэры будзе каштаваць 180-220 даляраў, адпаведна, 40-мэтровая аднапакаёўка — 7.200-8.800. Пры гэтым зноў-такі давядзецца счакаць некалькі гадоў у чарзе. Магчымасьці будаваць у дзяржаўнай структуры не бязьмежныя, таму цяпер у гарвыканкаме назапасілася амаль тысяча "мёртвых" заяваў. Задаволіць іх няма як, таму сёлета прыём заяваў спынілі ўжо ў лютым. І надзеі, што сытуацыя палепшыцца налета, — ніякай.

Будаваць сваім коштам можна і праз камэрцыйныя арганізацыі. Тут ня трэба ані стаяць у чарзе, ані мець менскую прапіску. Але гэта адзіная перавага. Падчас будаўніцтва дому камэрцыйныя арганізацыі мусяць уключаць у яго кошт 27% надбаўкі на разьвіцьцё сталічнай інфраструкруры. І яшчэ. У адрозьненьне ад дзяржаўнай управы капітальнага будаўніцтва, тут могуць вызначаць уласныя цэны. У выніку мэтар у "панэльніках" можа каштаваць 320-360 даляраў, а стандартная аднапакаёўка, адпаведна, — 12.800-14.400. Кошт кватэры ў цагляным доме вышэйшы недзе ў паўтара разу.

Валюта для заможных

Валютныя крэдыты запрапанаваў з гэтага году "Беларусбанк". Іх даюць як на куплю, так і на будаўніцтва кватэры. Але падчас разьліку памеру крэдыту бярэцца пад увагу ня рынкавы кошт жыльля, а сума, вызначаная Бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі. Зазвычай яна меншая разы ў два. Цяпер пра агульныя ўмовы. Максымальная сума валютнага крэдыту — 90% ад кошту кватэры, максымальны тэрмін — 6 гадоў. Плаціць за крэдыт трэба 15% гадавых — у далярах, эўра ці беларускіх рублях па курсе.

Браць валютны крэдыт мае сэнс хіба ў выпадку, калі на куплю ці будаўніцтва кватэры не стае невялікай сумы — 1-2 тыс. даляраў. Чаму? Па-першае, з-за маленькага тэрміну і высокай працэнтнай стаўкі самі ўмовы вельмі нявыгадныя. А па-другое, крэдыт дадуць толькі плацежаздольным. На пазыку ў 10 тыс. даляраў тэрмінам на 6 гадоў можа прэтэндаваць толькі грамадзянін Беларусі, які зарабляе больш за 900 тыс. рублёў і, апроч таго, знойдзе даверчую асобу з гэткім самым даходам. У "Беларусбанку" тлумачаць проста: штомесячныя выплаты па крэдыце складаюць пад 400 тыс. рублёў. А ствараць сабе дадатковыя праблемы банк ня хоча.

Харомы з часам патаньнеюць

Калі купляеш жытло, трэба зважаць на ваганьні цэнаў. Так, зь вясны менскія кватэры нечакана "падскочылі" на 500-700 даляраў. Цяпер трохпакаёўкі ў сярэднім каштуюць па 25-27, двухпакаёўкі — 18-20, аднапакаёўкі — 11,5-13 тыс. даляраў. Калі вы купляеце кватэру не ў знаёмых, да гэтага пажадана дадаць 500-600 даляраў за паслугі рыэлтара: у выпадку махлярства кампэнсаваць усе страты будзе вымушаная фірма, якую ён прадстаўляе.

І ўсё ж менавіта шлях "маруднага зьбіраньня грошай" у цяперашніх варунках выглядае найбольш аптымальным. Цягам наступных двух гадоў у Беларусі значна падаражэюць камунальныя паслугі, а ў выніку жыльлё (асабліва трох- і чатырохпакаёўкі) можа патаньнець у 1,5-2 разы. Прынамсі, гэтак адбылося ў Літве і Латвіі ў сярэдзіне 1990-х.

Сяргей ІВАНОЎСКІ, "Наша ніва"
0058648