Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Першая ў гэтым тысячагодзьдзі нарада ўкладальнікаў клясычнага правапісу беларускае мовы адбылася 3-га студзеня ў Менску. Папярэдняя зборка беларускіх мовазнаўцаў ладзілася ажно летась увесну. З таго часу неаднаразова рабіліся спробы зноў сабраць лінгвістаў, зацікаўленых у кадыфікацыі клясычнага правапісу, але толькі цяпер адбылося першае пасьля доўгага перапынку паседжаньне.

Першая спроба сфармуляваньня правілаў для карыстальнікаў клясычнага варыянту правапісу была зроблена Вінцуком Вячоркам, які надрукаваў праект збору артаграфічных нормаў у пятым нумары часапісу "Спадчына" за 1995 г. 5-6 сьнежня 1998 г. у Празе адбылася канфэрэнцыя, што мела за мэту абмеркаваць Вячоркаў праект і ўсталяваць дакладныя правілы на ўсе спрэчныя моманты правапісу. Нястача часу не дазволіла канфэрэнцыі разьвязаць усіх пытаньняў. Зпачаткаваная ў празе дпраца працягвалася й у Менску цягам двух наступных гадоў на адмысловыя лінгвістычных зборках.

Сёлетняя першая нарада ўкладальнікаў клясычнага правапісу мела збольшага арганізацыйнае значэньне: былі акрэсьленыя асноўныя нявырашаныя праблемы нашага правапісу. Пасьля сканчэньня працы канчальны варыянт беларускага клясычнага правапісу будзе вывешаны ў Інтэрнэце, а гэтаксама выдадзены асобнаю кніжкаю. Вінцук Вячорка перакананы, што ўсе спрэчныя моманты правапісу будуць разьвязаны ў першай палове 2001 г.:

В.В.: - Я ўсьцешаны тым, што нам сёньня собіла аднавіць зборкі нашай правапіснай групы - гэта прыблізна тая група, якая рыхтавала праект правапіснага збору перад Праскаю канфэрэнцыяй. Пасьля Праскае канфэрэнцыі практыка засьведчыла існаваньне некалькіх не да канца вырашаных правапісных пытаньняў. Сёньня мы іх паўторна сфармулявалі й маем намер за бліжэйшыя месяцы два-паўтара калектыўным розумам усіх моўных экспэртаў-карыстальнікаў "тарашкевіцы" сфармуляваць прымальныя правілы й выйсьці на публіку з больш-менш завершаным правапісным зборам, на падставе якога можна будзе вэрыфікаваць слоўнікі й прыступаць да граматычнае працы.

В.М.: - Ці можаце Вы акрэсьліць кола тых пытаньняў, якія выклікаюць цяпер найбольшыя спрэчкі?

В.В.: Мы зноў вярнуліся да асноўнае праблемы беларускае графікі й альфабэту - гэта статус літары "г" для выбухнога гуку. І гэта шэраг пытаньняў уласна правапісных - перадусім зьвязаныя зь іншамоўнымі словамі праблемы пасьлянаціскавага -э альбо -а. Скарачэньне ці нескарачэньне на пісьме злучніка "і", як пісаць - "бацька і сын" альбо "бацька й сын". І астатнія, менш істотныя, праблемы стасуюцца іншамоўнае лексыкі - як перадаваць англасаксонскі гук, які пазначаецца там літараю "h", - літарай "х" ці то літараю "г".

В.М.: Калі грамадзкасьць можа спадзявацца на выхад ужо зацьверджанага правапісу?

В.В.: Рэч у тым, што 97% правапіснага збору былі абмеркаваныя й зацьверджаныя ў Празе, і вяртацца да іх ніхто ня будзе, пераглядаць нешта. А вось гэтыя 3% нам трэба за два месяцы пераглядзець.

3 студзеня ў нарадзе апроч Вінцука Вячоркі мелі ўдзел Зьміцер Санько, Юрась Бушлякоў, Паўлюк Канавальчык і Зьміцер Саўка. Наступнымі паседжаньнямі павінны далучыцца Ўладзімер Арлоў, Валерка Булгакаў, Мікола Раманоўскі, Пятро Садоўскі ды іншыя мовазнаўцы. Вінцук Вячорка прапанаваў аднавіць чыннасьць Правапіснае Камісіі Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны. Гэта мае надаць большае вагі абмеркаваньню правапісных праблемаў.

Паводле вызначанага пляну мае быць разьвязана пад дзясятак спрэчных момантаў цяперашняга правапісу. Гэта праблема выкарыстаньня літары "г" для абазначэньня выбухнога гуку ў іншамоўных і даўно пазычаных словах. Зьвярталася ўвага на супярэчнасьці між вымоваю і адлюстраваньнем на пісьме пераходу "і" ў "й" пасьля галосных. Гэтыя два пункты былі разгледжаныя на першым паседжаньні й перададзеныя на дапрацаваньне асобным сябрам мовазнаўчае групы. Канчальныя правілы маюць быць сфармуляваны на наступным паседжаньні 10 студзеня.

Апроч вышэй згаданых пунктаў найбліжэйшым часам мае быць вызначана правіла напісаньня літараў "у" і "ў" пасьля зычных (напрыклад, "Франсўа") і на пачатку словаў кшталту "Ўокер". Ёсьць спадзяваньне, што будзе сфармуляванае правіла ўжываньня вялікае й малое літараў. Даўно існуе разнабой у напісаньні словаў кшталту "гіерархія" ці "герархія" - і на гэта беларускія мовазнаўцы абяцаюць даць цьвёрдае правіла.

Па зьяўленьні правапісу ў друку ён будзе канечны для ўсіх карыстальнікаў "тарашкевіцы". Варта зацеміць, што мовазнаўцы нашае радыёстанцыі былі адныя зь першых, хто зьініцыяваў аднаўленьне чыннасьці ў справе ўдакладненьня клясычнага правапісу. Трывалыя правілы й нязьменныя прынцыпы нашага правапісу маюць забясьпечыць паступовае разьвіцьцё беларускае мовы.

Віктар Мухін

Радыё Рацыя