Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

Грамадзянка Канады беларускага паходжання Маргарыта Апановіч звярнулася з лістом да міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі з просьбай спыніць
Так знішчаецца гістарычнае аблічча Мінска. У 2005-м ад Ракаўскай яшчэ адкрываўся від на Верхні горад. Цяпер ён "забіты" гмахам паркінга. 
знішчэнне гістарычнай забудовы Мінску. Тым часам, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч напісаў з той жа нагоды да генпракурора Рыгора Васілевіча.


“Хмарачосаў і ў Амерыцы хапае”

“Беларусь на працягу стагоддзяў губляла безліч сваіх жыхароў, каштоўнасцяў, помнікаў. Няшмат засталося перлаў нацыянальнага дойлідства, якімі можна ганарыцца. Таму выклікае трывогу колькасць навінаў пра разбурэнне помнікаў гістарычнай спадчыны, якія яшчэ захаваліся на Беларусі, а менавіта ў Мінску”, — піша Маргарыта Апановіч Паўлу Латушку ў лісце, датаваным 15 ліпеня.

Грамадзянка Канады паведамляе, што цяпер распрацоўвае магчымасць арганізоўваць групы турыстаў у Беларусь, і што гэты праект “мае вялікі патэнцыял”. “Вядома, што наведваючы іншыя краіны, турысты шукаюць перш за ўсё аўтэнтыкі. Гэта вырашальны момант дзеля таго, каб прывабіць аматараў, даследчыкаў і проста цікавых людзей да краю, бо ўсё астатняе ёсць: людзі, гісторыя, прырода”, — звяртаецца да міністра культуры Маргарыта Апановіч, заклікаючы “прыкласці ўсе намаганні, каб спыніць вынішчэнне сапраўднасці, наўмысна ці памылковае, бо муляжы нічога ня вартыя. а хмарачосаў і ў Амерыцы хапае”.

Нагадаем, за мінулыя 15 год пераважная большасць аўтэнтычных забудоў у гістарычным цэнтры Мінска была знесена. Зніклі цэлыя вуліцы (Дзімітрава, Замкавая), а на іх месцы ў найлепшым выпадку з’явіліся муляжныя падробкі. Толькі ў 2008-09 гадах у сталiцы зруйнавалi багата ўнiкальных помнiкаў Верхняга горада 18-19 стагоддзяў на вулiцах Рэвалюцыйнай, Гандлёвай, Кiрылы i Мяфодзія, Камсамольскай, на плошчы Свабоды, якiя мелi статус недатыкальных.

Разбурыць каб адбудаваць?

Тым часам, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч напісаў з нагоды сістэматычнага парушэння нарматыўна-прававой базы ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны генпракурору Беларусі Рыгору Васілевічу.

Паводле Астаповіча, ужо больш за тры гады грамадскасць звяртаецца да дзяржаўных органаў самага рознага ўзроўню, аднак адказы амаль заўжды аднолькавыя: “у нас усё добра, парушэнні адсутнічаюць, нават калі помнікі знішчаюцца – гэта не парушэнне, а нармальны працоўны працэс”.

Лідэр Таварыства аховы помнікаў нагадвае сітуацыю вакол помніка архітэктуры 19 стагоддзя па мінскай вуліцы Рэвалюцыйнай, 17, які быў знесены ў 2008 годзе для ўзвядзення новага будынка “ў парушэнне ўсіх магчымых прававых нормаў”. Астаповіч сцвярджае, што вінаватыя не прыцягнуты нават да адміністрацыйнай адказнасці. Затое заказчык (ТАА “ТаПаС”) атрымаў ад Мінкультуры “ўзгадненне праектна-каштарыснай дакументацыі на “Прыбудову да адміністрацыйнага будынка ў раёне перакрыжавання вуліц Рэвалюцыйная і Гарадскі Вал”, якая трактуецца ў перапісцы Міністэрства як аднаўленне знішчанага помніка”.

На думку Антона Астаповіча, падобная сітуацыя характэрная для усяго гістарычнага цэнтру Мінска, які з’яўляецца комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасцю 1-ай катэгорыі. Напрыклад, на вуліцы Замкавай па заказе КУП “Мінская спадчына” “пад тытулам “аднаўленне помнікаў гісторыі і культуры 19 ст. — будынкаў №№ 25, 27а” пачынаецца будаўніцтва новага гатэлю.

“Чаму праекты, вельмі далёкія ад рэстаўрацыі, рэканструкцыі, іншых прац, якія дазволены на помніках і заканадаўствам, і падзаконнымі актамі, у тым ліку і будаўнічымі нормамі, праходзяць узгадненні ў Міністэрстве культуры? На нашу думку, такія пытанні правамерна задаваць не грамадскаму аб’яднанню, а Вам, генеральнаму пракурору,
Антон АСТАПОВИЧ. Фото Кастуся Лашкевича, TUT.BY
Антон Астаповіч.
і супрацоўнікам установы, якую Вы ўзначальваеце, — звяртаецца Антон Астаповіч у лісце да генпракурора Беларусі. — Чаму бюджэтныя фінансавыя сродкі, прызначаныя на рэстаўрацыю, рэканструкцыю, рэгенерацыю і іншыя працы па аднаўленню гісторыка-культурнай спадчыны ідуць на фінансаванне новых аб’ектаў, якія знішчаюць нашыя помнікі, і ідуць, у тым ліку, дзякуючы непрыкрытай фальсіфікацыі ў тытулах архітэктурна-будаўнічых праектаў?”

Сярод іншых праблемных аб’ектаў у Старым горадзе Астаповіч называе “пабудову грамадска-гандлёвых комплексаў на Нямізе, перспектыўнае праектаванне гасцініцы на 250 месцаў (заказчык “Тэс-Тур”) на месцы зруйнаванага помніка па вул. Рэвалюцыйная, 24а, часова замарожанае ўзвядзенне бізнэс-цэнтра на рагу вуліц Інтэрнацыянальная і Гарадскі Вал (забудоўшчык ТАА “Сулона), будаўніцтва ТАА “Трайпл” высотнага жылога комплекса з гандлёвымі і адміністрацыйнымі памяшканнямі ў квартале, які прымыкае да Траецкага прадмесця і мае статус комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці, “некарэктную” пракладку камунікацый уздоўж вуліцы Гандлёвая і праектаванне забудовы яе правага боку”.

У якасці абуральнага прыклада парушэння заканадаўства і бяздзеяння праваахоўных органаў эксперт называе знішчэнне ўнікальнага драўлянага сядзібнага свірна ў в. Янавічы: “Больш двух год Клецкая раённая пракуратура ў знішчэнні помніка не бачыць складу злачынства, і ўсе намаганні прыцягнуць да адказнасці прадстаўнікоў РУП “Мінск-Крышталь” СПФ “Туча”, якія вінаваты ў руйнаванні гісторыка-культурнай каштоўнасці, не спраўдзіліся. Не прыцягнуты да адказнасці органы мясцовай выканаўчай улады, а менавіта яны, згодна заканадаўства, нясуць поўную адказнасць за стан помнікаў на падведамаснай тэрыторыі”.

Старшыня Таварыства аховы помнікаў спадзяецца, што “актыўная і прынцыповая пазіцыя Генпракуратуры па выкананню ахоўнага заканадаўства дапаможа прывесці сітуацыю з гісторыка-культурнай спадчынай у прававое рэчышча, чым будзе падняты прэстыж не толькі праваахоўных органаў, але і ўсёй дзяржавы”.

Калі скончацца разбурэнні?

Ад сябе дадамо, несупынныя парушэнні ў сферы аховы помнікаў адбываюцца ў Беларусі з некалькіх прычынаў. Па-першае, праз адсутнасць сістэмы ўзаемадзеяння заказчыка, падрадчыка і навуковага кіраўніка на ўсіх этапах праектавання і рэстаўрацыі аб’ектаў. Пра гэта неаднаразова заяўляў міністр культуры. Гэтак, структурнае прадпрыемства Мінгарвыканкама КУП "Мінская спадчына", адказнае за рэканструкцыю гістарычнай забудовы ў сталіцы і не толькі, за апошнія месяцы неаднаразова дапускала парушэнне закону. Ані невялікія штрафы, ані прадпісанні ад Генпракуратуры іх не сунялі.

Галоўны інжынер "Мінскай спадчыны" Міхаіл Жых сцвярджае, што праблема палягае ў неадпаведнасці заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і будаўніцтва. “Гэта тычыцца як навукова-метадычнай, так і нарматыўнай базы. Атрымліваецца, будынак гісторыка-культурнай каштоўнасці разглядаецца як звычайны будаўнічы аб'ект. Тэрміны вытворчасці работ усталёўваюцца па нормах, прынятых яшчэ ў савецкія часы. Адмысловыя нарматывы для аб'ектаў рэстаўрацыі і гісторыка-культурнай каштоўнасці дагэтуль не распрацаваныя”, — распавёў Міхаіл Жых у інтэрв’ю TUT.BY.

Па-другое (і гэта галоўная прычына), не знойдзены баланс паміж грашамі інвестараў і неабходнасцю захаваць нацыянальную спадчыну. У Мінску, Брэсце, Гродне ўнікальныя будынкі пад рознымі соўсамі прыносяць у ахвяру шклобетонным новабудам. “Так красивей”, — жалезны аргумент нашых чыноўнікаў.


Фота аўтара. 
-25%
-20%
-30%
-10%
-17%
-50%
-10%
-30%
-14%
-20%
-20%
0071694