Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Сёньня ў Брусэлі, у Эўрапарлямэнце, беларускі журналіст Аляксандар Старыкевіч быў ушанаваны ўзнагародай Міжнароднага альянсу недзяржаўных арганізацыяў "Срэбная ружа" за ўклад у разьвіцьцё дэмакратычнага грамадзства ў Беларусі.

Нагадаем, што апошнім часам Аляксандар Старыкевіч быў галоўным рэдактарам прафсаюзнай газэты "Беларускі час", адкуль звольнены новым Старшынём Фэдэрацыі прафсаюзаў Леанідам Козікам. Мы патэлефанавалі ў Брусэль і папрасілі Аляксандара Старыкевіча распавесьці, на што ён зьвяртаў увагу падчас атрыманьня ўзнагароды.

(Старыкевіч: ) "Адзін з галоўных тэзысаў маёй прамовы быў: Беларусь – гэта добрая краіна, якая апынулася ў складаным становішчы, якое цяпер вымагае ўвагі і падтрымкі з боку міжнароднай супольнасьці – і ў галіне прэсы, і ў галіне недзяржаўных арганізацыяў, правоў чалавека.

Да пэўнай ступені мне ўдалося прыцягнуць увагу эўрапейскіх палітыкаў. Я гаварыў і пра сытуацыю са сродкамі масавай інфармацыі, і з прафэсійнымі саюзамі,і з палітычнымі забойствамі. Адбылася ня толькі прамова, але і гутарка з шэрагам досыць высокапастаўленых асобаў".

(Карэспандэнт: ) Якая Ваша далейшая праграма знаходжаньня ў Брусэлі?

(Старыкевіч: ) "У мяне ўжо адбылася сустрэча з дэпутаткай Эўрапарлямэнту Глен Кінак. Шэраг сустрэчаў у мяне прайшлі як у сябра Рады БНР. Потым адсюль я палячу ў Гэльсынкі, дзе плянуецца сустрэча зь міністрам замежных справаў і з шэрагам іншых асобаў".

Сяргей Навумчык, Прага
0058648