Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Беларуская дэлегацыя прыехала ў Ірак у той самы момант, калі амэрыканскія інспэктары прыбылі ў Кіеў, каб расьсьледаваць справу продажу Ўкраінаю ракетнай устаноўкі "Кальчуга" ў Ірак. Нагадаю, на мінулым тыдні дэпутат Рады Ўкраіны Юлія Цімашэнка заявіла, што напярэдадні прыбыцьця амэрыканскіх інспэктараў ва Ўкраіну Беларусь перакінула "Кальчугі" ва Ўкраіну. Афіцыйны Менск гэта катэгарычны абвяргае.

Cкандал распачаўся пасьля таго, як вядомы супрацоўнік службы аховы ўкраінскага прэзыдэнта Мельнічэнка абнародваў аўдыёзапісы зь якіх вынікала, што прэзыдэнт Кучма санкцыяваў продаж установак "Кальчуга" ў Ірак. ("Кальчугі" здольныя зьбіваць амэрыканскія й брытанскія самалёты-невідзімкі, што інспэктуюць паветраную прастору Іраку.) Рэакцыяй ЗША стала прыпыненьне выдачы Ўкраіне чарговага траншу памерам 40 млн даляраў.

На гэтым тыдні ў Кіеў прыбылі амэрыканскія інспэктары, якія павінны высьветліць усе акалічнасьці справы. Прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў заяўляюць, што Іраку "Кальчугі" не прадавалі й гатовыя паказаць амэрыканцам свае ўстаноўкі.

Дэпутат украінскага парлямэнту Юлія Цімашэнка заяўляе, што ўкраінскія вайскоўцы падрыхтаваліся да візыту амэрыканцаў надзвычай арыгінальным чынам - яны папрасілі ў Беларусі "кальчугі", каб паказаць іх інспэктарам. Апэрацыя па перавозцы "Кальчугаў" зь Беларусі ва Ўкраіну была зробленая, паводле Цімашэнкі, на мінулым тыдні.

Беларускія афіцыйныя органы, як і варта было чакаць, усё абвяргаюць. У прэсавай слубе Міністэрства абароны беларусі Рацыі паведамілі, што "Кальчугі" - даволі скаладаная тэхніка. І дэмантаваць, а тым больш перакінуць іх на Ўкраіну за тыдзень фізычна немагчыма.

Практычна усе беларускія афіцыйныя органы абвяргаюць факт транспартаваньня беларскіх "Кальчугаў" ва Ўкраіну.

Разам з тым стала вядома, што ў самы пік скандалу ў Ірак скіравалася прадстаўнічая беларуская дэлегацыя. Гэты візыт супаў па часе з прыбыцьцём амэрыканскіх інспэктараў ва Ўкраіну.

Паводле паведамленьня беларускага МЗС, прадстаўнікі Беларусі будуць сачыць за ходам рэфэрэндуму, на якім разглядаецца пытаньне даверу Садаму Хусэйну.

У склад беларускай дэлегацыі, якая вылецела 14 кастрычніка, ўвайшлі намесьнік шэфа прэзыдэнцкай адміністрацыі Мікалай Іванчанка, старшыня Таварыства беларуска-ірацкага сяброўства Віктар Шаўцоў і загадчык аддзелу Ўправы Азіі ды Афрыкі МЗС Беларусі Андрэй Дашуцін.

Каб ні ў кога не выклікала сумневу тое, што беларуская дэлегацыя сапраўды паехала пераймаць досьвед правядзеньня рэфэрэндумаў, у склад дэлегацыі ўлучылі намесьніка кіраўніка міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Сяргея Касьцяна.

Разам з тым вядома, што беларускую дэлегацыю прыме міністар фінансаў Іраку Хікмат Аль-Азаві, а таксама міністар прамысловасьці. Застаецца здагадвацца, якім на парадку дня будзе стаяць пытаньне пра "Кальчугі"

Радыё Рацыя
0058045