Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


8-га кастрычніка журналістку газэты "Народная воля" М.Коктыш выклікалі ў пракуратуру РБ на допыт у якасьці сьведкі па крымінальнай справе супраць былога генэральнага дырэктара Менскага трактарнага заводу М.Лявонава. Гэта - ужо другі па ліку выклік журналісткі ў пракуратуру пасьля зьяўленьня ў "Народнай волі" інтэрвію з М.Лявонавым, які цяпер утрымліваецца ў Жодзінскім СІЗА. Сьледчыя спрабуюць высьветліць, якім чынам зьняволенаму ўдалося перадаць у газэту сваё інтэрвію, і пагражаюць журналістцы завядзеньнем крымінальнай справы па факце публікацыі. М.Коктыш адмаўляецца агучыць імя пасярэдніка, спасылаючыся на Закон аб друку.

Інтэрвію М.Лявонава, у якім ён апісваў абставіны свайго затрыманьня й даводзіў беспадстаўнасьць выстаўленых да яго вінавачаньняў, зьявілася ў "Народнай волі" 19-га верасьня. 4-га кастрычніка М.Коктыш выклікалі ў Рэспубліканскую пракуратуру першы раз; 8-га кастрычніка - паўторна. Абодва сьледчыя, што праводзілі допыты (М.Зуеў і А.Швед) сьцьвярджалі, што іх цікавіць ня зьмест публікацыі, а спосаб ейнага зьяўленьня на старонках "Народнай волі". (Паводле спэцінструкцыі МУС, якая вызначае рэжым утрыманьня асобаў у сьледчых ізалятарах, зьняволены ня мае права сустракацца ні з кім, акрамя адваката, сьледчых і сваіх блізкіх.)

М.Коктыш даводзіць, што не сустракалася зь Лявонавым асабіста пры падрыхтоўцы свайго матэрыялу.

М.К.: - Я, калі рабіла гэтае інтэрвію, не сустракалася зь Лявонавым і не хадзіла да яго ў СІЗА. Сьледчых цікавіць толькі адзін момант: як я магла атрымаць гэтую інфармацыю, калі мы не сустракаліся. Але ж інтэрвію - гэта такі жанр... Па-рознаму можна рыхтаваць інтэрвію: можна перадаць пытаньне, можна сустрэцца з чалавекам, можна пагаварыць па тэлефоне....

Менавіта спосаб сувязі М.Коктыш са зьняволеным і спрабуюць высьветліць сьледчыя, спасылаючыся на артыкул 34 дзейнага Закону аб друку. Цікава, што менавіта на гэты ж артыкул абапіраецца і М.Коктыш, адмаўляючыся "здаваць крыніцу". Кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ пры БАЖ прафэсар М.Пастухоў пацьвердзіў у інтэрвію Рацыі, што журналістка мае законнае права не паведамляць сьледзтву пра шляхі атрыманьня інфармацыі, паколькі яны не спрычынены наўпроста да крымінальнае справы супраць М.Лявонава. Артыкул цытуе й камэнтуе М.Пастухоў.

М.П.: - "Источник информации и имя лица, представившего сведения, МОГУТ БЫТЬ названы только по требованию суда; лица, осуществляющего дознание или следствие, если это необходимо для расследования или рассмотрения дел, находящихся в их производстве". В данном случае М.Коктыш спрашивают не об обстоятельствах преступления: её спрашивают, кто передал документы. Это к делу не относится. Поэтому эта статья является хоть маленькой, но гарантией защиты прав журналиста.

Між тым, М.Коктыш ня зьвязвае выклікаў яе ў пракуратуру зь нядаўнімі пагрозамі А.Лукашэнкі на адрас "Народнай волі". Сьледчыя ўвесь час падкрэсьліваюць, што іх цікавіць не газэта, а выключна справа М.Лявонава - кажа журналістка.

М.К.: - Сьледчыя выконваюць сваю працу, а журналісты - сваю. Іх можна зразумець. Ім кажуць, што трэба зрабіць і якую інфармацыю атрымаць - і яны спрабуюць гэта зрабіць. Нават просяць прабачэньня за тое, што вымушаныя займацца гэтай справай, а ня больш сур'ёзнымі, больш важнымі... Дарэчы, тыя сьледчыя, якія мяне дапытвалі, самі рэгулярна чытаюць "Народную волю" й нават яе выпісваюць...

Літаральна напярэдадні апошняга візыту М.Коктыш у пракуратуру (7-га кастрычніка) пракуратура падоўжыла тэрмін утрыманьня М.Лявонава пад вартай да канца гэтага году. Яму інкрымінуюць злоўжываньне службовага становішча, а таксама ўчыненьне асабліва буйных стратаў прадпрыемству праз заключэньне загадзя невыгоднага заводу кантракту.

Радыё Рацыя