Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


"Беларусь - Расея: новая інтэграцыя" - міжнародную канфэрэнцыю з такой назвай плянуюць зладзіць пры канцы кастрычніка Аб'яднаная грамадзянская партыя й Саюз правых сілаў. Арганізацыяй форуму займаецца беларускі аналітычны цэнтар "Стратэгія". Паводле папярэдняй інфармацыі, 23-га кастрычніка ў Менск прыедзе прадстаўнічая дэлегацыя з Расеі, ачоленая лідэрам СПС Б.Нямцовым. Кіраўніцтва АГП заяўляе, што канфэрэнцыя "Новая інтэграцыя" - гэта працяг ранейшых напрацовак, якія маюць на мэце "парушыць манаполію А.Лукашэнкі на беларуска-расейскія дачыненьні". Пакуль невядома, ці возьмуць удзел у канфэрэнцыі прадстаўнікі іншых беларускіх партыяў дэмакратычнага лягеру.

Ідэя правядзеньня канфэрэнцыі зьявілася ў АГП й СПС улетку бягучага году. Паводле задумы, форум будзе складацца зь дзьвюх частак: першая пройдзе ў Менску 23-га кастрычніка; другая - 27-28-га кастрычніка ў Расеі. У межах канфэрэнцыі заплянаваныя некалькі дакладаў: як распавёў Рацыі лідэр АГП А.Лябедзька, палітычны аспэкт беларуска-расейскіх дачыненьняў прааналізуюць Б.Нямцоў і А.Лябедзька; даклад на эканамічную тэму зь беларускага боку зробіць Я.Раманчук; у трэцім блёку пытаньняў будуць абмеркаваныя міжнародныя стасункі Беларусі й Расеі.

Паводле А.Лябедзькі, канфэрэнцыя будзе лягічным працягам "сыстэмнае працы АГП на расейскім палітычным полі". "Тым больш, што апошнія падзеі, якія разьвіваюцца паміж афіцыйным Менскам і Масквою, толькі актуалізуюць гэтую працу" - лічыць А.Лябедзька.

А.Л.: - Мы думаем, што гэтая ніша не павінная быць манапалізаваная ні Лукашэнкам, ні кімсьці ў Расеі, і спрабуем падключыць да гэтага палітычныя эліты Расеі й Беларусі. Таму што справа датычыць амаль 10-і мільёнаў грамадзян Беларусі й значна большай колькасьці людзей у Расейскай Фэдэрацыі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, на "менскую" частку канфэрэнцыі прыедзе прадстаўнічая дэлегацыя на чале зь лідэрам СПС Барысам Нямцовым. У склад расейскае групы ўвойдуць некалькі дэпутатаў Расейскай Дзярждумы - у тым ліку Ірына Хакамада.

Форум пройдзе ў менскім Міжнародным адукацыйным цэнтры (ІВВ). Пакуль А.Лябедзька ня бачыць якіх-кольвек сур'ёзных перашкодаў для яго правядзеньня.

А.Л.: - Я ня думаю, што гэта прывядзе да павышэньня настрою ў беларускім "Чырвоным доме": мы пераканаліся, што афіцыйны Менск нэрвова рэагуе на такія кантакты й на такую тэматыку мерапрыемстваў. Усякае можа здарыцца, але на сёньняшні дзень я ня бачу ніякіх перашкодаў, каб канфэрэнцыя не адбылася.

Пакуль невядома, ці возьмуць удзел у канфэрэнцыі лідэры іншых беларускіх палітычных партыяў дэмакратычнага лягеру. Як распавёў Рацыі старшыня партыі БНФ В.Вячорка, ён атрымаў запрашэньне на форум ад аналітычнага цэнтру "Стратэгія" - у якасьці прадстаўніка цэнтру "Супольнасьць", а ня лідэра партыі БНФ. У дакумэнце вядзецца гаворка пра форум з удзелам беларускіх і расейскіх "грамадзкіх лідэраў, навукоўцаў, экспэртаў, дыпляматаў, прадстаўнікоў мэдыяў", а не палітычных сілаў. Таму рашэньне пра свой удзел ці няўдзел у канфэрэнцыі В.Вячорка лічыць магчымым прыняць толькі пасьля высьвятленьня рэальнага фармату сустрэчы.

В.В.: - Мы супраць любых - і новых, і старых - інтэграцыяў. У нас кірунак на незалежную Беларусь і эўрапейскую інтэграцыю, а ня гульні ў інтэграцыю з Расеяй.

Радыё Рацыя