Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Беларускія навукоўцы вызначылі, што геаграфічны цэнтар Эўропы знаходзіцца ў нас на радзіме. За права звацца "самымі цэнтральнымі эўрапейцамі" беларусы ўступілі ў барацьбу з украінцамі, літоўцамі, славакамі, латышамі, чэхамі й аўстрыйцамі.

Беларускія навукоўцы перацягнулі геаграфічны цэнтар да сябе. Намесьнiк галоўнага iнжынэра рэспублiканскага унiтарнага прадпрыемства "Белаэракасмагеадэзiя" Барыс Фурманаў паведаміў, што гэтая ўмоўная кропка разьмяшчаецца ў Віцебскай вобласьці, побач з возерам Шо. Беларусы ня першымі пачалі барацьбу за права разьмясьціць на сваёй тэрыторыі "пуп Эўропы". Нашыя суседзі пасьпелі апярэдзіць - і цяпер актыўна заклікаюць турыстаў сярод іншага й наведаць цэнтар Эўропы.

Нашая суседка, Літва, лічыць, што геаграфічны цэнтар Эўропы знаходзіцца за 24 км на поўнач ад Вільні. Па пацьверджаньне там накіроўваюць у Францускае нацыянальнае геаграфічнае таварыства: яно нібыта прызнала гэта за факт у 1989 годзе.

Далей пайшла Славаччына: яна нават "манумэнтальна" замацавала за сабою права звацца "самай цэнтральнай" у Эўропе: стэла "Геаграфічны цэнтар Эўропы" ўсталяваная ў Цэнтральнай Славаччыне, побач з горадам Крэмнец.

Латышы, як патрыёты сваёй радзімы, геаграфічны цэнтар Эўропы разьмясьцілі на сваёй тэрыторыі - побач зь мястэчкам Руцава. І не жадаючы выкідваць грошы на вецер, то бок, на будаўніцтва нейкага знака, вызначылі, што з "цэнтру Эўропы" выцякае крынічка са сьвятою вадой. Украіна пераконвае, што гэтая ўмоўная кропка разьмяшчаецца на яе тэрыторыі - у Закарпацьці, у Рахаўскім раёне. Там на месцы цэнтру ўзводзяць статую Хрыста-Збаўцы.

Чэхія, лічачы сябе цэнтрам Эўропы, спасылаецца на сваю інфармацыю: геаграфічны цэнтар разьмяшчаецца ў Нямеччыне, у Верхня-Пфальскім Тыленбэргу, што за некалькі кілямэтраў ад нямецка-чэскай мяжы. На права разьмясьціць цэнтар Эўропы ў сябе таксама прэтэндуе й Аўстрыя.

Беларускім навукоўцам дапамог новы мэтад: яны разглядалі Балтыйскае ды Белае мора як унутраныя вадаёмы Эўропы. Таму цыркуль, якім малявалі круг вакол Эўропы, сваім цэнтрам трапіў у Віцебскую вобласьць.

Радыё Рацыя